Агонь прыручылі, а правільна карыстацца ім не ўмеем

З 1 па 31 кастрычніка ў раёне праходзіў месячнік пажарнай бяспекі. Аб выніках яго карэспандэнт рэдакцыі гутарыла з начальнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалаем Дубачам.
— Мікалай Паўлавіч, прайшоў месячнік пажарнай бяспекі. Скажыце, калі ласка, чым была выклікана неабходнасць яго?
— Неабходнасць такая была заўсёды напярэдадні ацяпляльнага сезона і вясной у пажаранебяспечны перыяд.
— А дзе часцей за ўсё ўзнікаюць пажары – у жылым сектары ці ў арганізацыях, на прадпрыемствах?
— Працэнтаў 90 пажараў здараюцца ў жылых памяшканнях.
— Параўнайце сітуацыю на вёсках і ў горадзе. Ёсць адрозненне ў абставінах, прычынах, з-за якіх узнікаюць пажары?
— Прычыны ўзнікнення пажараў у жылым сектары практычна ўсюды аднолькавыя. У 80% выпадкаў гэта неасцярожнае абыходжанне з агнём. На жаль, агонь мы прыручылі, але правільна ім карыстацца з пункту гледжання бяспекі не навучыліся. Пагаршае сітуацыю і алкагалізм. Напрыклад, за прайшоўшы перыяд г.г. усе, хто загінуў у пажарах, злоўжывалі спіртнымі напоямі. На жаль, яны заплацілі жыццём за свае такія капрызы.
— Як часта бываюць падпалы?
— Бываюць і падпалы. Шмат гадоў таму назад былі крымінальныя выпадкі. Усе падпалы прыводзяць да матэрыяльнага ўрону ў вялікіх памерах. Часцей за ўсё падпальваюць салому, сена. Пасварыліся суседзі, і нехта з іх помсціць такім чынам: ідзе падпальвае салому альбо сена.
— А ці гараць арганізацыі і па якой прычыне, калі гараць?
— У арганізацыях пажары ўзнікаюць, як правіла, з-за непаладак у электраабсталяванні. Могуць таксама ўзнікнуць і па прычыне эксплуатацыі цеплагенерыруючых установак: печаў-буржуек, напрыклад. Мы з пэўнай перыядычнасцю правяраем падобныя факты, даем рэкамендацыі. Чалавечы фактар тут таксама адыгрывае немалую ролю.
— Мікалай Паўлавіч, як засцерагчы сябе, сваю сям’ю, жыллё ад пажару? Дайце рэкамендацыі чытачам газеты.
— Трэба выконваць прадпісанні, якія даюць работнікі, спецыялісты МНС у час праверкі вашага дома. Не захламляйце паддахі, не захоўвайце смецце ў месцах, дзе можа ўзнікнуць пажар. Своечасова мяняйце электраправодку, не вырабляйце дэталі электраабсталявання ў хатніх умовах.
— На што можа спадзявацца чалавек, які ўстанавіў у сваёй кватэры ці доме апавяшчальнік, а на што не?
— Пры нармальнай эксплуатацыі апавяшчальнік папярэджвае аб пажары. Гэты прыбор можа выратаваць жыццё: ён будзіць таго, хто спіць.
Сёлета ўжо загінулі 4 чалавекі, атруціўшыся чадным газам. Іх жыллё не было абсталявана апавяшчальнікамі. Здараліся і такія выпадкі. Мы наведалі 2 шматдзетныя сям’і. У доме адной з іх пэўныя дэталі ў электраабсталяванні трэба было замяніць. Зразумела, спецыяліст нашай службы выдаў адпаведнае прадпісанне. Калі прыйшлі ў другі раз, нічога па бяспецы сям’і і дзяцей, дома зроблена не было. Мы гаспадара сям’і аштрафавалі. І што б вы думалі? Калі прыйшлі ў трэці раз,  зноў было тое ж. Зноў аштрафавалі, толькі ўжо на большую суму. Пойдзем у чацвёрты раз…
Другой сям’і выдалі апавя­шчальнікі бясплатна. Ляжаць мёртвым грузам усе 3 гады.
Правяраючы жылы сектар, асаблівую ўвагу надавалі дамам адзінокіх састарэлых грамадзян, інвалідаў, шматдзетных сем’яў і асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. Усяго было абследавана 1544 жылыя дамы, інструктаж атрымалі 2710 чалавек. У 748 дамах, дзе мы пабывалі, жывуць адзінокія састарэлыя людзі – 795 чалавек. 129 чалавек, якія злоўжываюць спіртным, таксама не засталіся без нашай увагі. У час рэйдаў былі выяўлены парушэнні правілаў карыстання пячным ацяпленнем і электраправодкай. Па гэтых фактах 32 пісьмы накіравалі ў розныя інстанцыі: райаддзел унутраных спраў, сельскія Саветы.
8 злосных парушальнікаў пажарнай бяспекі былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Нашы работнікі правялі 3 сельскія сходы: у в. Асавая,  Радзеж   і Збу­раж. Не абышлося без сходаў і з асобамі, якія злоўжываюць спіртным.
Карыстаючыся выпадкам, хацелася б назваць тыя арганізацыі, дзе ўдзяляецца немалая ўвага пытанням бяспекі сваіх работнікаў. Гэта ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” (Т. У. Камянчук), прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна” (П. П. Яцура), СП “Радзеж” (В. М. Пяткевіч), ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка” (М. М. Строк), Маларыцкі лясгас (У. Я.Афанасенка). Хочацца, каб кіраўнікі іншых арганізацый бралі з іх прыклад.
У мерапрыемствах удзельнічалі і дзеці – вучні маларыцкай сярэдняй школы № 1, якія займаюцца ў факультатыўнай групе па курсу “Бяспека жыццядзейнасці”.
Праводзіліся і многія іншыя мерапрыемствы. Між   іншым,  работнікі МНС праводзілі іх зусім бясплатна, у вольны ад работы час. Рабілася гэта для таго, каб знізіць колькасць фактараў, якія прыводзяць да пажараў.
— Мэта, задачы месячніка дасягаюцца?
— Так, па стану на 4.11. у раёне здарылася 24 пажары,  за аналагічны перыяд мінулага года – 38.
— Дзякуй за інтэрв’ю, поспехаў вам у рабоце.
Запісала Хрысціна АЛЕСІК.

Добавить комментарий


www.techno-centre.niko.ua

форекс альпари

http://velomarket.org.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!