Юбілейнае лета

Гэтым летам юбілейную дату – 40-годдзе з дня адкрыцця — адзначыў Хаціслаўскі дзіцячы садок. Паколькі такое свята датычыла амаль усёй вёскі – тых, хто тут працуе; тых, хто кожным ранкам прыводзіць у дашкольную ўстанову сваіх дзетак; тых, хто першыя навыкі і веды набыў у сценах сада; тых, хто сёння з радасцю і жаданнем ідзе ў дзіцячы сад, – калектыў вырашыў арганізаваць у мясцовым Доме культуры святочную праграму і запрасіць на яе ўсіх вяскоўцаў. 

І ўдзельнікаў свята было сапраўды шмат. Павіншаваць дашкольную ўстанову-юбілярку прыехалі прадстаўнікі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму на чале з начальнікам Таццянай Лаўрэенка, расказаць пра тое, як будаваўся дзіцячы сад прыйшоў былы старшыня калгаса “Запаветы Леніна” Леанід Ляонаў, цудоўны падарунак — канцэртную праграму падрыхтаваў для ўсіх калектыў “Хаціславяне”. Было шмат падарункаў, віншаванняў, успамінаў. Свята, як расказвае загадчыца Хаціслаўскага дзіцячага сада Любоў Навумаўна Саўчук, прайшло на адным дыханні. Татам і мамам, бабулям і дзядулям сённяшніх наведвальнікаў садка, былым выхаванцам, калектыву ўстановы, гасцям – усім было цікава аднавіць у памяці гісторыю стварэння дзіцячай дашкольнай установы, па-новаму знаёміцца з людзьмі, лёс якіх непасрэдна звязаны з садком.
А, між іншым, у садзе, які выхаваў шмат пакаленняў дзетак, працавалі і працуюць людзі, якія вельмі любяць сваю справу і, самае галоўнае, – любяць дзяцей. Пра кожнага работніка загадчыца дашкольнай установы расказвае з павагай і ўдзячнасцю. Шмат гадоў працавалі ў садзе і пайшлі на заслужаны адпачынак выхавальнікі Любоў Уладзіміраўна Смаль, Надзея Андрэеўна Яцура і повар Кацярына Мікалаеўна Ківачук. Яны – частка біяграфіі садка. Як і выхавальнік Валянціна Яўгенаўна Яцура, памочнікі выхавальніка Ганна Мартынаўна Смаль і Ніна Іванаўна Вягера, якія ўжо заслужылі адпачынак, але па-ранейшаму працуюць з дзецьмі. Любяць маленькія выхаванцы памочніка выхавальніка Ганну Фёдараўну Пішчык, Марыю Сідараўну Вягера, выхавальніцу Вольгу Рыгораўну Ківачук. Умела арганізоўвае працэс выхаваўчай работы намеснік загадчыцы Таццяна Васільеўна Давыдовіч. З пачатку адкрыцця дзіцячага сада працуе тут медсястра Еўдакія Мікалаеўна Пішчык. Асабісты лёс сплецены з гісторыяй сада і ў рабочай па пранні бялізны Галіны Аляксееўны Бенясюк, вартаўніка Таццяны Апанасаўны Ківачук. Як вельмі творчых выхавальнікаў, сапраўдных прафесіяналаў характарызуе кіраўнік сада Таццяну Яўгенаўну Заяц, Наталлю Фамінічну Ківачук, Вольгу Валянцінаўну Зуеву. Добрых слоў удзячнасці за працавітасць і адданасць справе не шкадуе загадчыца і для работніцы па пранні бялізны Аксаны Мікалаеўны Саўчук, памочніка выхавальніка Святланы Міхайлаўны Бурштын, музыкальнага кіраўніка Наталлі Іванаўны Нікіціч, настаўніка-дэфектолага Алены Барысаўны Нушчык, маладых спецыялістаў – выхавальніцы Наталлі Вітальеўны Пацяюк, педагога-псіхолага Таццяны Сяргееўны Кацюба, кіраўніка фізвыхавання Юліі Віктараўны Саўчук.
Хаціслаўскі дзіцячы сад наведваюць больш за 90 хлопчыкаў і дзяўчынак. Каб павялічыць колькасць месцаў, а сад пры будаўніцтве быў разлічаны на 75 дзяцей, да­школьную ўстанову забяспечылі сучаснымі трохяруснымі ложкамі. Утульнасць у садку дапамагае ствараць мясцовая гаспадарка, якая падарыла ў абноўленую спальню дыван. Не застаюцца ўбаку і бацькі выхаванцаў. Летась агульнымі намаганнямі калектыву сада і бацькоў былі сабраны сродкі, закуплены матэрыялы і пабудавана вакол дашкольнай установы новая агароджа. А сёлета бацькоўскі камітэт сабраў сродкі на фарбу, а работнікі сада арганізавалі суботнік, на які выйшлі цэлымі сем’ямі. У выніку да юбілейнай даты агароджа набыла прыгожы, завершаны выгляд. А калі справа зроблена, можна было і юбілей адсвяткаваць.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: дзеці любяць гуляць на добраўпа­радкаванай тэрыторыі Хаціслаўскага дзіцячага сада.
Фота з архіва сада.

Опубликовано ГЧ № 69 от 7.09.16г.

Добавить комментарий


https://220km.net

www.topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!