Выбары- 2016

Многія з выбаршчыкаў, што былі ўнесены ў спісы для галасавання на Маларыцкім-Піянерскім выбарчым участку № 60, па словах старшыні выбарчай камісіі Галіны Стасюк, зрабілі свой выбар на карысць таго ці іншага кандыдата ў дэпутаты загадзя, а менавіта 35 працэнтаў выбаршчыкаў.

Непасрэдна ў дзень вы­бараў найбольш актыўныя зноў жа прыйшлі на ўчастак з самай раніцы. І на 10 гадзін 30 хвілін тут дабавілася яшчэ 10 працэнтаў выбаршчыкаў з ліку тых, хто паспяшаўся аддаць свой голас за выбранага ім кандыдата. Та­кім чынам, на гэты час на Маларыцкім-Піянерскім выбарчым участку № 60 свой грамадзянскі абавязак выканалі 45 працэнтаў выбаршчыкаў.
…Разам з членамі выбар­чай камісіі Уладзімірам Рыне і Юрыем Вашчынчуком едзем да тых, хто па аб’ектыўных прычынах не мог прыйсці на галасаванне. У двары свайго дома па вуліцы Маруды нас сустракаюць Аляксандра Фёдараўна і Сцяпан Кліменцьевіч Раманюкі. Кожнаму з іх — больш за 80, таму, зразумела, што прыйсці на выбарчы ўчастак ім было нялёгка. Тым больш, што надвор’е ў дзень выбараў было далёка не вераснёўскім — тэрмометр паказваў больш за 30 градусаў вышэй за нуль. Аляксандра Фёдараўна і Сцяпан Кліменцьевіч ахвотна згаджаюцца прагаласаваць. Захоўваецца тайна галасавання. Члены камісіі дзякуюць састарэлым выбаршчыкам за тое, што выканалі свой грамадзянскі абавязак, і мы накіроўваемся далей. Марыя Вікенцьеўна і Міхаіл Мікалаевіч Каспіровічы, што жывуць у доме 21/1 па вуліцы Маруды, — зноў жа з ліку нямоглых. Абаім — больш за 80 гадоў. Гаспадыня гасцінна запрашае прайсці ў залу.
— А мы хацелі ўжо тэле­фанаваць у выбарчую камісію, — прызнаецца Марыя Вікенцьеўна, — хваляваліся, каб пра нас не забылі. Ніколі не было так, каб мы не прымалі ўдзел у выбарах. Хочацца, каб і далей у нас у краіне было спакойна і ціха, каб былі мір і ўзаемаразуменне. А ў якасці пажадання скажу такое: каб дэпутаты ў сваёй дзейнасці ніколі не забывалі пра сваіх выбаршчыкаў, часцей сустракаліся з імі, жылі іх праблемамі, дапамагалі, калі трэба, абавязкова вырашыць.
Усяго ў спісе тых, для каго члены выбарчай камісіі прадугледзелі галасаванне дома, а гэта састарэлыя, інваліды і прадстаўнікі іншых катэгорый, было больш за 50 чалавек. Ні аднаго з іх не прапусцілі, каб не наведаць і не даць магчымасць аддаць свой голас за далейшы лёс нашай краіны.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: усёй сям’ёй прыйшоў прагаласаваць пракурор раёна Раман ГУЗЮК.

 

Святочную атмасферу галоўнаму дню галасавання на Маларыцкім-Савецкім участку № 61, які размяшчаецца ў будынку ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка”, надавалі, несумненна, творчая выстава, выязны буфет райспажыўтаварыства (на здымку) з багатым асартыментам, за якім, бадай што, ні ўгнацца ніводнаму магазіну, фітачаі, якімі частавалі выбаршчыкаў работнікі цэнтральнай аптэкі горада, музыка і шмат чаго іншага. Многія ішлі сем’ямі, з маленькімі дзецьмі, для якіх таксама на ўчастку прадугледзелі салодкія ласункі. Тата двух маленькіх і святочна апранутых хлопчыкаў адзначыў: “Мае бацькі калісьці ішлі на выбары з добрым настроем, мне запомнілася тады ні з чым непараўнальная атмасфера свята. Няхай яе цяпер адчуюць і мае дзеці, няхай разумеюць, што такое выбары…” Тым, у каго галоўны дзень галасавання супаў з днём нараджэння, на ўчастку ўручылі памятныя сувеніры. Многія выбаршчыкі адзначалі сёлетнюю выбарчую кампанію як незвычайную з пункту гледжання палітычнай актыўнасці. Бо даўно ўжо не назіралі такіх вострых пікіровак паміж кандыдатамі. Хіба што тым нязначна адрозніваецца ад папярэдніх кампаній сёлетняя, сцвярджалі яны, што праходзіць як заўжды спакойна. Людзі праяўлялі разважлівасць перад тым, як аддаць голас за таго ці іншага кандыдата.
— Думаю, што прагаласаваў за самага дастойнага, бо выбіраць было з каго, ды ў цэлым усе кандыдаты мне нечым прыцягальныя, — гаварыў немалады ўжо мужчына, які толькі што пакінуў выбарчы ўчастак.
Яго думкі прытрымліваліся многія. Сёння выбаршчыкі, відаць, схільныя не палітызаваць праблемы, а хутчэй разлічваць на тое, што іх мясцовыя лакальныя праблемы будуць вырашаць тыя, за каго яны аддалі свае галасы. З 2344 выбаршчыкаў на Маларыцкім-Савецкім участ­ку № 61 прагаласавалі 80%. Сваю перавагу яны аддалі Жанне Стаціўка.

Ніна СВІЦЮК.

 

За першыя паўгадзіны галасавання на Маларыцкім-Школьным участку № 62 прагаласавалі 24 выбаршчыкі .
— З самай раніцы назіралася актыўнасць маларытчан, прычым першымі прыйшлі прагаласаваць маладыя сем’і з дзецьмі, — заўважае старшыня выбарчай камісіі Наталля Іванова.- Выбары праходзяць спакойна, па-дзелавому. Мы пастараліся аформіць наш участак так, каб выбаршчыкам было ўтульна і зручна.
І сапраўды, тут, як і на іншых выбарчых участках, прадумалі ўсё да драбязы. Не забылі пра тых, хто галасуе ўпершыню. Напрыклад, Яна Кузьміч (на здымку), студэнтка Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта, была рада такой увазе да сябе: Наталля Віктараўна ва ўрачыстай абстаноўцы павіншавала дзяўчыну з першым у яе жыцці важным палітычным выбарам, уручыла падарунак, пажадала ажыццяўлення ўсяго задуманага.
З 2041 выбаршчыка, якія былі ўнесены ў спісы для галасавання, папярэдне прагаласавалі 424. Але большасць маларытчан пажадалі прыйсці на выбары менавіта ў дзень галасавання. Перш чым паставіць галачку ў бюлетэні, некаторыя падыходзілі да стэнда з інфармацыяй, яшчэ раз знаёміліся з біяграфіямі кандыдатаў у дэпутаты, бо ад чалавека, які абраны ў парламент, усе чакаюць разумных, узважаных рашэнняў.
Найбольшая актыўнасць на ўчастку была бліжэй да поўдня. Многія ішлі галасаваць сем’ямі. Маларытчанін Яўген Ляўчук прыйшоў на выбарчы ўчастак з трыма ўнукамі.
— Дзень выбараў, колькі памятаю, заўжды ўспрымаўся, як свята. Гэтае пачуццё ўрачыстасці хочацца перадаць сваім унукам, — падзяліўся сваім настроем Яўген Паўлавіч.
А ўрачысты настрой на ўчастку стварала музыка, працаваў буфет. За ходам выбараў уважліва сачылі назіральнікі. Службу па ахове парадку і супрацьпажарнай бяспецы неслі супрацоўнікі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях.
Не ўсе выбаршчыкі па стану здароўя змаглі прыйсці на выбарчы ўчастак. Да іх члены выязной выбарчай камісіі наведаліся дамоў. З нецярплівасцю чакала магчымасці прагаласаваць і маларытчанка Марыя Пра­копаўна Сямёнава. Свой выбар, як прызналася, свядома зрабіла ўжо даўно.
— Хоць я пажылы чалавек, але мне не ўсё роўна, якія законы будуць прымацца нашым парламентам, – сказала яна на развітанне.
Выбары адбыліся. Маларытчане пра­­­гала­савалі за дабрабыт, парадак і стабільнасць у краіне на бліжэйшыя чатыры гады, пакуль будзе працаваць абраны парламент.
Святлана МАКСІМУК.

 

На ўчастку для галасавання №70, а менавіта ў аграгарадку Ляхаўцы, у спісы для галасавання было ўнесена 742 чалавекі – гэта жыхары вёсак Ляхаўцы, Отчын, Асавая, Мыслячы.
Як і ўсе выбарчыя ўчасткі па краіне, Ляхавецкі таксама адкрыўся ў 8 гадзін раніцы. І першым прыйшоў аддаць свой голас і скарыстацца правам на галасаванне Мікалай Пацяюк, пенсіянер, былы настаўнік Ляхавецкай школы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Пасля таго, як Мікалай Іванавіч апусціў свой бюлетэнь ва урну, вырашыў пацікавіцца, з якімі думкамі ён зрабіў свой выбар: «Хочацца, каб у парламент прыйшоў чалавек, які думаў бы пра людзей, пра сваіх выбаршчыкаў і ўсяляк спрабаваў ім дапамагчы. А робячы свой выбар, я клапачуся пра будучыню маіх дзяцей, унукаў і праўнукаў».
У хуткім часе пасля адкрыцця выбарчага ўчастка актыўна пачаў працаваць і Дом культуры, супрацоўнікі якога падрыхтавалі музычную праграму. А праз некалькі гадзін пасля пачатку галасавання, члены выбарчай камісіі адправіліся да жыхароў суседніх вёсак, якія па розных прычынах не мелі магчымасці асабіста прыехаць і прагаласаваць (на здымку).
Усяго за 5 дзён датэрміновага і за 1 дзень асноўнага галасавання на ўчастку № 70 свае галасы аддалі 624 чалавекі, што склала 84% ад агульнага ліку выбаршчыкаў.
Павел КАНАНОВІЧ.

 

Арэхаўскі выбарчы ўчастак № 74 у 11 гадзін не вызначаўся шматлюднасцю, як у савецкія часы. Магчыма, таму, што многія жыхары сельсавета, а менавіта трэцяя частка выбаршчыкаў, прагаласавалі датэрмінова. Прыкладна столькі ж чалавек 11 верасня за свайго кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь галасавалі дома. У асноўным гэта людзі пажылога ўзросту, як Антаніна Лявонцьеўна Амелянчук з вёскі Арэхава (на здымку), якая ўжо размяняла дзявяты дзясятак гадоў. Усё сваё жыццё жанчына прапрацавала на ферме цялятніцай і заўжды актыўна ўдзельнічала ў выбарчых кампаніях. Не праігнаравала яна яе і сёлета, як і большасць жыхароў сельсавета: з 625 выбаршчыкаў у галасаванні прынялі ўдзел 594. Гэтыя дадзеныя агучыла сакратар выбарчай камісіі ўчастка Вера Бягеза. Яна ж паведаміла, што першымі свой грамадзянскі абавязак выканалі механізатары мясцовага СВК Уладзімір Стаднік і Аляксандр Яльніцкі. Упершыню ў жыцці свой выбар зрабілі маладыя жыхары сельсавета студэнты Раман Кухцей і Мікалай Цвор.
Надзея ЯЦУРА.

Опубликовано Гч № 71 от 14.09.16г.

Добавить комментарий


viagra sin receta

гранит лабрадорит
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!