Ліцэйскія кавалі

Работу сучаснага каваля можна смела параўнаць з творчасцю скульптара. Той, хто хоць аднойчы бачыў вырабы мастацкай коўкі, ахвотна згодзіцца,  што кавальская справа,  хоць кавалю даводзіцца пераадольваць сілу металу,  вельмі тонкая і далікатная,  якая патрабуе і фантазіі, і цярплівасці,  і настойлівасці.

Далёка не кожны, паглядзеўшы на кавалак чорнага металу, зможа ўявіць яго ў выглядзе птушкі альбо прыгожай ружы. А вось Аляксандр Трафімук, выкоўваючы пялёстак за пялёсткам, “складае” з металу чароўныя кветкі, вырабляе ажурныя пано, падсвечнікі і многія іншыя карысныя і прыгожыя рэчы. Прычым не толькі сам займаецца кавальскай справай,  але і ўжо больш за пяць гадоў перадае старажытнае ўмельства на занятках гуртка мастацкай коўкі навучэнцам дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Між   іншым,  вучняў у яго нямала.  Больш за 15 чалавек спрабуюць асвоіць няпростую справу каваля. І ў многіх, як, да прыкладу, у Андрэя Хвашча  з Жабінкі,  які займаецца ў гуртку ўжо другі год,  нядрэнна атрымліваецца. Андрэй, як расказваў настаўнік,  не толькі засвоіў сам прынцып   коўкі, але і навучыўся рэалізоўваць свае творчыя ідэі. Па некалькі гадзін чатыры разы ў тыдзень хлопцы заняты цікавай для іх, сапраўды мужчынскай справай. І ніколькі не шкадуюць, што кузня забірае шмат вольнага часу.
Знайсці агульную мову з юнакамі дапамагае Аляксандру Анатольевічу тое,   што ён сам некалі быў навучэнцам прафесійнага вучылішча і таксама на занятках  (тады ў ПТВ-155 была набрана група кавалёў) асвойваў кавальскую справу. Тыя ўрокі вельмі спатрэбіліся яму ў жыцці. Пасля заканчэння вучылішча і службы ў арміі ўладкаваўся ён працаваць у вядомую  брэсцкую  кузню “Жар-птушка”.  Многаму навучыўся там ад іншых майстроў. І засвоіў для сябе галоўнае: у справе каваля самае важнае – творчасць. Між іншым, шлях ад задумкі да гатовай кованай рэчы даволі доўгі. Перш  чым узяцца за метал,  каваль (а ён павінен быць яшчэ і мастаком) малюе эскіз. Адпаведна з ім вырабляюцца асобныя дэталі, якія ў канчатковым выніку складаюць пэўны металічны ўзор.
— З металу  можна вырабіць любую рэч, было б толькі жаданне,  —  заўважае Аляксандр Трафімук.
Ён з захапленнем коратка расказвае пра тэхналогію кавальскай справы. І я пачынаю разумець, чаму так прыцягвае гэты занятак юнакоў. У распаленым у печы да лімоннага колеру метале (тэмпература дасягае паўтары тысячы градусаў) ёсць свая прыцягальная сіла. А калі ты разумееш, што тваё ўмельства мацнейшае за метал, гэта надае ўпэўненасць.
Між іншым, Аляксандр Трафімук не толькі ўмелы настаўнік-каваль,  але і рацыяналізатар. Кавальскую печ для награвання металу, для якой неабходны быў вугаль,  ён мадэрнізаваў,  і цяпер для яе распальвання выкарыстоўваецца адпрацаванае масла. І танна, як гаворыцца, і зручна. Сам каваль змайстраваў і станок для выгінання металічнай дугі. Цяпер у майстэрні ёсць усё для таго, каб і ўрокі кавальскай справы даваць, і прыгожае сваімі рукамі ствараць.
Каб пабачыць, на што здольны ліцэйскія кавалі, не трэба нават ісці ў кузню. Дастаткова проста прагуляцца па тэрыторыі ліцэя. Вырабленыя ў старажытным стылі ліхтары, кованыя лаўкі, кветачнікі, казыркі надаюць і будынкам, і самой тэрыторыі прываблівы выгляд. Нездарма ж, каб сфатаграфавацца ля карэты ці прыгожага гіганта-сланечніка, сюды прыходзяць у дзень свайго вяселля маладыя.
Са сваімі вырабамі юныя кавалі пабывалі на многіх выстаўках, адкуль не раз вярталіся з перамогай. Запомнілася ім і нядаўняя паездка ў Мінск,  на фестываль-кірмаш “Горад майстроў”, дзе вельмі актыўна раскупляліся прыгожыя кованыя сувеніры – ружы, падстаўкі для газет у выглядзе смаўжоў і многае іншае.
—  Задум яшчэ шмат, — заўважае Аляксандр Анатольевіч, адказваючы на пытанне аб планах, і з усмешкай дадае: — Расказваць пра іх не буду, калі-небудзь самі ўбачыце.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: Андрэй ХВОШЧ многаму навучыўся ад свайго настаўніка; ствараць прыгожыя рэчы з металу для каваля  Аляксандра ТРАФІМУКА – любімая справа.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


surrogacy surrogacycmc.com

https://progressive.ua

https://steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!