Тут знаёма кожная сцяжына

За адданасць справе, якой займаецца практычна  ўсё   сваё   жыццё, высокі прафесіяналізм,  любоў да  прыроды роднага краю ляснік Маларыцкага лясніцтва Мікалай Мішчук  узнагароджаны  Граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Мікалай Мішчук нарадзіўся ў пераможным 1945-м у вёсцы Ляхаўцы. І хоць на момант святкавання той значнай і вялікай для ўсяго савецкага народа падзеі яму не было яшчэ і месяца, свой адбітак на характар хлапчука ды і на знешні выгляд таксама, мне здаецца, Перамога наклала. Гэткі ж ветлівы, гаварлівы, усмешлівы, з адкрытым тварам і іскрынкамі шчасця ў блакітных вачах. Магчыма, малому перадаўся радасны і вясёлы настрой бацькоў і аднавяскоўцаў незабыўнага 45-га. Перамогу над ворагам святкавалі тады і стары, і малы. Значыць, і ён таксама. Няхай яшчэ і неасэнсавана, пасапваючы ў калысцы ці ля грудзей маці. А яшчэ Мікалаю Мішчуку ўласцівы працавітасць і ад­казнасць. Бо рос ён у ат­масферы ўсенароднага пад’ёму і энтузіязму, якія былі скіраваны на адраджэнне разрушанай вайной народнай гаспадаркі…
Але мы гутарылі пра іншае. Дакладней, пра час, калі хлопец вярнуўся ў родную вёску пасля службы ў арміі. Пра тое, як загадчыку калгаснага гаража, а на гэтай пасадзе Мікалай Мішчук працаваў пэўны час пасля дэмбелю, прапанавалі работу лесніка. Зрабіў гэта Раман Манжук, які ішоў на заслужаны адпачынак і сам прыгледзеў сабе замену. Відаць, нутром адчуваў, што з гэтага хлопца будзе толк. І не памыліўся.
Мікалай Мішчук любіў лес з дзяцінства, таму і прыняў прапанову земляка. Праўда,тады не думаў, што любоў гэтая акажацца ўзаемнай і, як гавораць, на ўсё астатняе жыццё. А выйшла менавіта так. Бо 40 гадоў на адным месцы, менавіта столькі часу Мікалай Мікалаевіч працуе лесніком, гэта не жартачкі.
Спачатку абслугоўваў участак «Міхерова». Цяпер яго ўгоддзі — 670 гектараў лесу паміж Макранамі і ўкраінскім Сяльцом. Як руплівы гаспадар, ён даглядае за лесам , дзе неабходна — праводзіць яго высечку, прачыстку і прарэджванне, займаецца пасадкай маладзенькіх дрэўцаў, беражліва даглядае за імі. Інакш нельга: прырода, як і людзі, любіць, каб яе шанавалі, з любоўю адносіліся да кожнага дрэўца, кожнай рачулкі. І яна шчодра аддзякуе багатым ураджаем лясных ягад і грыбоў. Дарэчы, Мікалай Мішчук яшчэ той грыбнік! І ў яго ёсць свае мясціны, якія нават у неўраджайны год абавязкова парадуюць яго хоць адным-двума баравічкамі на духмяны супчык…
Што тычыцца работы лесні­ка, то, як прызнаўся Мікалай Мікалаевіч, за 40 гадоў ён да драбніц вывучыў усе яе тонкасці, вызначыў самую складаную аперацыю. Для Мікалая Мішчука гэта высечка дрэў. І з ляснымі драпежнікамі сустракацца даводзілася. Ваўка, праўда, бачыў толькі здалёк, а вось ад свінаматкі дзіка даводзілася на матацыкле ўцякаць.
А яшчэ яму знаёма кожная лясная сцяжына ўчастка, па якіх даводзілася праходзіць, ці праязджаць напачатку пра­цоўнай дзейнасці на ве­ласіпедзе, а зараз — на матацыкле. Хоць ён любіць і прайсціся па іх, а часам і проста адпачыць у засені сваіх любімых векавых дубоў, адчуць іх прыемны халадок у спякотны дзень. Такое, праўда, бывае не часта, але яно тым больш дарагое. У такія хвіліны сэрца лесніка поўніцца нейкім светлым шчымлівым смуткам і невыказнай радасцю адначасова. Магчыма, гэта і ёсць тое самае сапраўднае яднанне чалавечай душы з прыродай?!. Мікалай Мікалаевіч не можа растлумачыць стан сваёй душы ў такія моманты, але ён упэўнены, што сцяжына, на якой спыніўся ў цяньку адпачыць, абавязкова прывядзе дадому, дзе яго чакаюць жонка Вера і, вядома ж, дзеці, хоць яны даўно і не жывуць з бацькам: дочкі – адна ў Маскве, другая ў Віцебску, а сын Аляксандр, дарэчы, таксама ляснік – у Маларыце. І дачакаюцца, каб у чарговы раз павіншаваць у гэты вераснёўскі дзень свайго дарагога чалавека з прафесійным святам.
Надзея ЯЦУРА.
На здымку: ляснік Маларыцкага лясніцтва Мікалай Мішчук.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 72 от 17.09.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://www.etalon.com.ua

курс данабола

подробно