ШЛЯХ ДА АБЕДЗЕННАГА СТАЛА

 У летні перыяд усе сродкі масавай інфармацыі перапоўнены загалоўкамі накшталт «Бітва за ўраджай» ці «Убяром хлеб разам». І часта, калі  гаворым пра хлеб, мы ўспамінаем менавіта аграрнікаў. Ну, а што ж далей адбываецца з ураджаем перад тым, як ён трапляе да нас на стол у выглядзе пышных хлябоў? Каб даць адказ на гэтае пытанне, адправіўся на Маларыцкі хлебазавод. 

Падыходзячы да прахадной завода, адчуў пахі свежай выпечкі. У галаве ўзнікла думка – як жа цяжка, мабыць, жыць побач з хлебазаводам: ад гэтых пахаў пастаянна разгараецца моцны апетыт.
…Заходжу на прахадную. Вельмі ветлівая жанчына тлумачыць, як прайсці ў цэх. Яшчэ некалькі метраў, і я — у святой святых хлебазавода. Знаёмлюся з майстрам-пекарам Наталляй Юрчук, якая і правядзе экскурсію па цэху.
Мяне просяць апрануць халат. І вось мы ў самім цэху. Наталля расказвае, што пасля таго, як заступіла новая змена, спачатку пачынаецца гатаванне цеста і паўфабрыкатаў. Гатаваннем цеста займаецца асобны чалавек – цестамес. Ён згодна з рэцэптурай засыпае муку, залівае ваду, малако, дадае маргарын, соль, цукар. Пасля таго, як цеста замешана, яго пакідаюць хадзіць – цеста становіцца большым у аб’ёме, назапашвае вуглякіслы газ. Паўфабрыкат ходзіць ад 2 да 3 гадзін, цеста ж — гадзіну.
Пасля таго, як цеста закісла, яго адпраўляюць на фармоўку. У цэху працуюць 2 фармоўшчыкі. Адзін — на лініі па раздзелцы булачных вырабаў, другі — па раздзелцы фармавога хлеба. Цеста фармуюць на кавалачкі аднолькавай масы і надаюць яму патрэбныя формы. Далей — адпраўляюць у шафу расстойкі, дзе яно павінна павялічыцца ў аб’ёме і набыць порыстасць.
Ну і, нарэшце, пасля ўсіх прыгатаванняў да працы прыступае пекар. Іх у цэху працуе двое. У абавязкі кожнага ўваходзіць змазваць булкі яйкам, пасыпаць крошкай ці кунжутам ну і, зразумела ж, садзіць і вымаць хлебныя вырабы з печы.
Ужо гатовы выраб кладзецца на ваганеткі, дзе ён астывае. Потым частка вырабаў адпраўляецца на нарэзку і пакаванне. Далей хлеб “ідзе” ў экспедыцыю і … на хлебныя машыны згодна з заяўкамі.
Ну а потым мы купляем свежы і смачны маларыцкі хлеб і з задавальненнем спажываем, забываючы іншы раз сказаць шчыры дзякуй тым, хто вырасціў яго і спёк.
Павел КАНАНОВІЧ.
На здымку злева направа: Таццяна Чаркасава і Наталля Юрчук, работнікі хлебазавода.
Фота аўтара.

Опубликовано Гч № 72 от 17.09.16г.

Добавить комментарий


https://monaliza.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!