Хлебная лаўка

гэтымі днямі адчыніла свае дзве­ры для маларытчан. Пах смачнай выпечкі Маларыц­кага хлебазавода рай­спа­жыўтаварыства лепш чым рэклама запрашаў наведаць новы магазін, які размясціўся па вуліцы Савецкая, у памяшканні, дзе раней было кафэ. 

“Усё вяртаецца на кругі свае. У 70-80-я гады на гэтым месцы таксама прадавалі хлеб”, — чую размову наведвальнікаў “Хлебнай лаўкі” райспажыўтаварыства. Нават у першыя дні работы лаўкі жадаючых паласавацца хлебабулачнымі і кандытарскімі вырабамі было нямала. Добрыя ўспаміны ў жыхароў Маларыты засталіся аб савецкім магазіне, дзе заўсёды пахла смачным свежым хлебам. А сучасная хлебная лаўка парадавала іх разнастайнасцю прадукцыі. Таму на выхадзе амаль кожны пакупнік адзначаў, што цяпер будзе пастаянным наведвальнікам магазіна. Такія словы не могуць не радаваць старшага прадаўца магазіна Аксану Гапанюк. Хоць гандлёвую прафесію яна абрала не так даўно, ведае галоўнае правіла: візітная картка магазіна — ветлівы прадавец, які імкнецца задаволіць патрэбу пакупніка.
Паліцы хлебнай лаўкі багатыя на асартымент. Цяжка адсюль пайсці без пакупкі, бо хлебабулачныя і кандытарскія вырабы ёсць на любы густ. 10 найменняў хлеба: “Варшаўскі”, “Еўрапейскі”, “Ярмарачны”, “Грачанік” і многія іншыя. Вялікі выбар і батонаў, што вырабляе хлебазавод. Гэта і плюшкі ванільныя, пляцёнкі, багеты,“Чабата”. Усяго 25 найменняў хлебабулачных вырабаў. Яшчэ столькі ж у хлебнай лаўцы прад­стаўлена відаў кандытарскіх ласункаў. Розныя булачкі, лаваш с сырам, пампушкі з часнаком, рагалікі, пернікі, каўрыжка, кексы, рулеты і пірагі з паліцы магазіна выглядаюць вельмі апетытна і прымушаюць забыць пра абяцанні не есці прысмакі.
Акрамя хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, ёсць у магазіне і спадарожныя тавары: пячэнне і вафлі, шакалад і цукеркі, сокі і воды. Набыўшы прадукты, пакупнік тут жа можа і паласавацца імі. У гандлёвай зале размясцілі столікі, заказаць можна чай ці каву. Гэта вельмі зручна для людзей, якія, напрыклад, на абед не ідуць дадому, а жадаюць нешта хутка перакусіць, а таксама для тых, хто чакае цягнік ці “маршрутку”, але не жадае ісці ў кафэ.
У “Хлебнай лаў­цы” запэў­ніваюць, што гандлююць тут толькі свежай прадукцыяй. Калі яна будзе карыстацца вялікім попытам, падвозы будуць ажыццяўляцца некалькі разоў на дзень. Раніцай, а адчыняецца лаўка ў 9 гадзін, пакупнікоў заўсёды чакае свежы хлеб.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымку: старшы прадавец хлебнай лаўкі Аксана Гапанюк.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 73 от 21.09.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!