Крок да алімпійскіх перамог

З пачаткам новага навучальнага года ў многіх бацькоў узнікае традыцыйнае пытанне: чым лепш заняць сваё дзіця ў вольны час? Куды яго “аддаць”? Варыянтаў шмат. Адзін з іх – запісаць дзіця ў спартыўную секцыю.

Аднак прымушаць яго зай-мацца спортам не варта, бо ад гэтага карысці ніякай не будзе. Сярод мноства відаў спорту неабходна выбраць адзін і зацікавіць ім так, каб было задавальненне ад трэніровак. Пры гэтым неабходна абавязкова ўлічваць стан здароўя дзіцяці, яго целасклад. Паўнаватым хлопчыку ці дзяўчынцы спецыялісты раяць лепш заняцца, напрыклад, плаваннем, высокаму – баскетболам, валейболам… Калі на працягу 2-3 тыдняў у дзіцяці не з’явілася жаданне займацца трэніроўкамі ў той ці іншай спартыўнай секцыі, то яе неабходна змяніць.
Установы адукацыі Маларытчыны штогод прапануюць традыцыйны набор секцый для вучняў па камандных відах спорту (футбол, валейбол, баскетбол, гандбол) і лёгкай атлетыцы. З нядаўняга часу стала магчымым наведваць трэніроўкі па боксе, баявых відах мастацтва. Каб займацца, напрыклад, вольнай барацьбой, тэнісам, фігурным катаннем на каньках, хакеем, гімнастыкай, неабходна ехаць у Брэст. У Маларыце, на жаль, няма магчымасці адкрыць гэтыя секцыі. У адным выпадку адсутнічае неабходная спартыўная база, у другім — спецыялісты.
Дзіцяча-юнацкая спар­тыў­ная школа раёна не адзін год спецыялізуецца на 2 спартыўных накірунках: гандболе і лёгкай атлетыцы. Ад гэтай установы адукацыі працуюць секцыі і ў вясковых школах. Па гандболе – у Ланской і Чарнянскай сярэдніх школах, па лёгкай атлетыцы – у Мельніцкай, Замшанскай і Пажэжынскай базавых школах, Велі­карыцкай і Хаціслаўскай сярэдніх школах, Гвозніцкім і Ляхавецкім д/с-СШ. Усяго ў 2016/2017 навучальным годзе у секцыях ДЮСШ раёна будзе занята амаль 490 чалавек. Гэта ў пераважнай большасці вучні 3-11 класаў.
Займацца лёгкай атлетыкай спецыялісты рэкамендуюць пачынаць дзецям з 5-6-гадовага ўзросту. Яна садзейнічае развіццю і ўмацаванню мышцаў і касцей, фарміруе спрыт, хуткасць, вынослівасць.
Аптымальны ўзрост дзіцяці, калі лепш за ўсё пачаць трэніроўкі па гандболе, — гэта 6-8 гадоў. У такім узросце дзіця разумее патрабаванні трэнера, арыентуецца на ігравым полі. Гандбол развівае рэакцыю, хуткасць, вынослівасць, вучыць адчуваць каманду, умацоўвае апорна-рухальны апарат, паляпшае работу сардэчна-сасудзістай сістэмы і лёгкіх.
Маларытчанам у гэтым ві­дзе спорту прыклад для пераймання ёсць браць з каго.
Дзіцячая спартыўная школа свае дзверы расчыніла ў верасні 1965г. У 1966г. на працу ў штат школы залічаны Пётр Камянчук. Дзякуючы Пятру Мікітавічу, у Маларыце ўпершыню было адкрыта аддзяленне “Ручны мяч”. Трэнер адначасова набірае групы хлопчыкаў і дзяўчынак.
Традыцыі, закладзеныя Пятром Каменчуком, працягваюць развівацца і цяпер. За час існавання ДЮСШ было падрыхтавана нямала высокакваліфікаваных ігракоў і трэнераў. У іх ліку, напрыклад, Леанід Назарук, Вячаслаў Бабура, Генадзь Чыкіта, Раіса Грэбень, Барыс Пухоўскі, Людміла Сезік, Андрэй Хапаль, Андрэй Сацюк, Таццяна Рыжэвіч, Ала Пракапук, Алена Каховіч і інш. Акрамя таго, у Маларыце склаліся своеасаблівыя гандбольныя дынастыі, куды можна аднесці сем’і Бабуры, Грэбень, Максімукоў-Чорных…
-Прыемна займацца з дзецьмі, калі спорт іх цікавіць па-сапраўднаму, – гаворыць Сяргей Астапук, трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы раёна па спартыўнай хадзьбе. – Як паказвае практыка, добрых вынікаў можна дасягнуць толькі ў тым выпадку, калі дзіця аддае перавагу аднаму віду спорту. Настойлівыя, сістэматычныя заняткі і моцнае жаданне перамагчы абавязкова дадуць свой высокі спартыўны вынік.

На здымку: у гандбол на Маларытчыне гуляюць многія.

Опубликовано ГЧ № 73 от 21.09.16г.

Добавить комментарий


artma.net.ua

www.apartments-baden.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!