Крыніца радасці

Магчымасць дакрануцца да праваслаўнай духоўнай скарбніцы і культуры пра­даставілі жыхарам Маларыт­чыны сёстры Свята-Еліса­ве­цінскага жаночага манастыра з Мінска. На працягу 6 дзён у райцэнтры на пляцоўцы пе­рад ГДК праходзіў фестываль праваслаўнай культуры “Кладезь”. Яго афіцыйнымі арганізатарамі сталі Брэсцкая епархія, Ма­ларыцкі выка­наўчы камітэт, Маларыцкае благачынне.
Духоўная праваслаўная куль­­тура – гэта скарбніца, з якой мы многае можам даведацца, узяць для жыцця, для паглыблення сваёй веры. Гэтаму спрыяла і праграма фестывалю. Мерапрыемствы, якія праводзілі арганізатары фестывалю, атрымаліся шматпланавымі, насычанымі і змястоўнымі. Яны былі разлічаны як на дарослую, так і на дзіцячую аўдыторыю.
У рабоце фестывалю пры­нялі ўдзел урачы, псіхолагі, культуролагі, артысты, пісьменнікі, а таксама сёстры манастыра. Цікавасць выклікалі многія праекты, прысвечаныя актуальным праб­лемам сённяшняга дня.
Гутарка “Праўда аб алкагольнай залежнасці” прайшла ў рамках праекта “Агульная справа” з абавязанымі асобамі і вучнямі ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці. У час мерапрыемства гава­рылі пра тое, што ў лю­дзей шмат праблем. У многіх сем’ях няма ладу і згоды. Не апошнюю ролю іграе тут алкаголь. Як жыць побач з чалавекам, які пакутуе ад алкагалізму? Як накіраваць яго на правільны шлях? Парады даваў протаіерэй Дзіанісій Пясецкі, кіраўнік каардынацыйнага цэнтра па супрацьдзеянні наркаманіі і алкагалізму БПЦ.
Не менш цікавымі і пазна­вальнымі сталі праекты “Медыцына і праваслаўе” (гутарка “Хрысціянскае разуменне хваробы” з медыцынскім персаналам Маларыцкай ЦРБ, бацькамі і работнікамі ясляў-сада №6), “Добрае кіно” (прагляд мастацкіх кінафільмаў “Прытчы”, “Прытчы-2”, дакументальнага фільма “Два Андрэі”, анімацыйнага фільма “Незвычайныя падарожжы Серафімы” ў ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці і ГДК. Усе фільмы з’яўляюцца прызёрамі міжнародных конкурсаў). Увазе вучняў 5-9 класаў устаноў адукацыі горада быў прапанаваны праект “Жывое слова” — гу­тарка-сустрэча аб шкодзе брыдкаслоўя. Маладыя інваліды і бацькі дзяцей-інвалідаў сталі ўдзельнікамі праекта “Пераадоленне” на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага аб­слугоўвання насельніцтва. Падчас яго ішла гутарка на тэму: “Як знайсці сэнс ў пакутах”.
Інакіня Ніна Загорская правяла гутарку “Прыйшоў час кахаць” аб узаемаадносінах юнакоў і дзяўчат у рамках праекта “Маладосць – час выбару” ў ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці.
У раённай бібліятэцы прайшла музычна-паэтычная кампазіцыя “Дацягнуцца да нябёсаў” з удзелам Алены Наследышавай, журналісткі, пісьменніцы, супрацоўніцы аўдыястудыі Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра.
У час фестывалю некалькі разоў на дзень праходзіла прадстаўленне “Нябесны госць” лялечнага тэатра “Батлейка” для дзяцей, а таксама праводзіліся майстар-класы ма­настырскіх майстэрняў.
Унікальнай экспазіцыяй фестывалю стаў “Скрыпторый”. У сярэднія вякі ў скрыпторыях ад рукі перапісвалі і стваралі новыя кнігі. На прадстаўленай экспазіцыі, на абсталяванні, адноўленым па старажытных узорах, экскурсавод паказвала і расказвала, якія змяненні адбываліся з кнігай на працягу сотняў гадоў, як з унікальнага твора ў выніку шматгадовай працы манахаў кніга паступова ператварылася ў электронны носьбіт інфармацыі. Гэтая экспазіцыя таксама знаёміла наведвальнікаў з гісторыяй славянскай пісьменнасці.
У суботу, 17 верасня, за бажэственнай літургіяй у Мікалаеўскім храме г.Маларыта спяваў хор сясцёр Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра пад кіраўніцтвам рэгента манахіні Іуліяніі (Ірына Дзянісава). Пасля ў Маларыцкай дзіцячай школе мастацтваў яна правяла творчую сустрэчу з пеўчымі і рэгентамі хораў Маларыцкага благачыння.
У дзень закрыцця фестывалю пра­ва­слаўнай культуры “Кладезь” у ГДК прайшоў святочны канцэрт “Захоўвай сваё сэрца” мужчынскага вакальнага ансамбля “Арнамент”.
У Мікалаеўскім храме г.Маларыты вер­ні­кі падчас работы фестывалю маглі пры­класціся да ікон з часцінкамі мошчаў прарокі і хрысціцеля Іаана Прадцечы, святых апосталаў Пятра і Паўла, святой вялікапакутніцы Анастасіі Вузавы­ра­шальніцы. Штодзень у царкве райцэнтра чыталі малебны з акафістамі аб здароўі ля гэтых ікон.
* * *
На выставе-кірмашы можна было набыць карысныя і прыгожыя вырабы ручной работы з манастырскіх майстэрняў: імянныя падарункі, святочныя сурвэткі, чайныя наборы з размалёўкай, травяныя зборы, дэкаратыўныя свечкі, кнігі, аўдыя- і відэадыскі, лячэбную касметыку, манастырскі хлеб, мёд, чай, а таксама іконы, царкоўнае начынне…
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: фестываль праваслаўнай культуры “Кладезь” у Маларыце.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 74 от 24.09.16г.

Добавить комментарий


www.velotime.com.ua

http://101binaryoptions.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!