У новым фармаце

прайшла на мінулым тыдні выязная калегія райсельгасхарчу  з удзелам старшыні райвыканкама Мікалая Шума, на якой былі разгледжаны пытанні  вытворчасці малака, непрадукцыйнага выбыцця і паморку буйной рагатай жывёлы.

Месца правядзення калегіі, на якую былі запрошаны кіраўнікі, галоўныя заатэхнікі і вет­урачы сельгаспрадпрыемстваў, стала вядома практычна за некалькі гадзін да яе пачатку. Зроблена гэта было для таго, каб убачыць стан наведваемых жывёлагадоўчых аб’ектаў, як гавораць, у іх паўсядзённым, а не ў прыхарошаным, выглядзе, як бывае, калі да мерапрыемства рыхтуюцца загадзя. Убачылі. У СВК “Арэхава”, дзе гасцей не чакалі, але былі гатовыя да іх прыезду.
Сабраліся ўдзельнікі калегіі на ферме Заазёрная, дзе, акрамя 309 галоў дойнага статка, утрымліваюцца цялушкі і цяляты на дарошчванні да двух з паловай месяцаў. Па навядзенні парадку і ўкараненні новых тэхналогій гэтая ферма ў гаспадарцы самая лепшая, што і было прадэманстравана ўдзельнікам калегіі. Тут не на словах, а на справе замарожваюць малодзіва для выпойвання цялятам, выкарыстоўваюць у рабоце зонд і іншыя новаўвядзенні. А яшчэ старшыня сельгаскааператыва Аляксандр Бойка азнаёміў з вытворчымі паказчыкамі фермы. Захаванасць маладняку тут складае 97 працэнтаў, прыбаўка малака – амаль 1 кілаграм да адпаведнага перыяду мінулага года. Што тычыцца дзейнасці галіны ў цэлым па гаспадарцы, то кіраўнік яе заўважыў: тут яшчэ ёсць да чаго імкнуцца і над чым працаваць. Прычым, як у плане павелічэння вытворчасці малака, паляпшэння яго якасці, так і ў плане павышэння таварнасці. Хоць у гэтым кірунку, па словах старшыні, і дасягнута ўжо маленькая перамога: другі месяц таварнасць малака ў гаспадарцы не ніжэй за 90 працэнтаў.
Другі пункт прыпынку ўдзельнікаў калегіі — малочнатаварная ферма Арэхава. У параўнанні з фермай Заазёрная яна выглядае некалькі горш. Аднак у параўнанні з тым, якой убачыла яе прыкладна год назад, падчас семінара па “атэстацыі” загадчыкаў, намнога лепш. Магчыма, гэтаму пасадзейнічала яе падрыхтоўка да візіту Прэзідэнта краіны на Маларытчыну, а яшчэ сухое і цёплае надвор’е. Але так ці інакш, толькі вока радавалі і новыя выгульныя дворыкі, і бялюткая столь у кароўніках, і пафарбаваныя металічныя канструкцыі. Усё гэта пасавала Алене Захаранка, якая з нядаўняга часу загадвае фермай.
Старшыня СВК патлумачыў, што, на жаль, пакуль надой малака на карову тут самы нізкі ў гаспадарцы – усяго 8,2 кілаграма. А калі гурт гэтай фермы быў на кругласутачнай пасьбе, прадуктыўнасць кароў упала амаль на кілаграм. Таму ў канцы жніўня дойны статак у тэрміновым парадку перавялі на стойлавае ўтрыманне. Дзякуючы гэтаму надой крыху павялічыўся і дасягнуў агучанай лічбы. А вось па захаванасці прыплоду, які тут складае 98 працэнтаў, ферма Арэхава ў гаспадарцы лепшая. І таварнасць малака тут складае 92 працэнты. А ў цялятак з’явіліся свае домікі. Дарэчы, імі дапамаглі суседзі — СУП “Савушкіна”. А каб маладняк не кантактаваў паміж сабой, домікі перагароджаны шыферам.
На МТФ Дрочава раней бываць не даводзілася, таму параўноўваць тое, што ўбачыла, з тым, што было раней, не магу. Зазначу толькі, што кароўнікі тут памытыя, пачышчаныя і пабеленыя, металічныя канструкцыі пафарбаваны, праведзена таксама дэзынфекцыя памяшканняў. Па словах кіраўніка гаспадаркі, сёлета на гэтай ферме зроблены прафілакторый для маленькіх цялятак, бо захаванасць маладняку тут была самая нізкая. Пабудаваны таксама павеці, пад якімі ў клетках утрымліваюцца цяляты, зроблена асвятленне. Распавядаючы пра дасягненні тутэйшага калектыву жывёлаводаў, Аляксандр Бойка зазначыў, што ў малака з Дрочаўскай фермы самая высокая таварнасць і складае 94,2 працэнта.
Працяг размовы па парадку дня выязной калегіі райсельгасхарчу адбыўся на пленарным пасяджэнні, якое прайшло ў Арэхаўскім СДК. Аналізуючы вынікі работы жывёлагадоўчай галіны раёна, намеснік начальніка райсельгасхарчу Надзея Назарук адзначыла, што прагнозны паказчык па вытворчасці малака за 8 месяцаў выкананы на 103 працэнты, павялічыўся і надой малака на карову. І ўсё, здавалася б, добра. Ды толькі за 13 дзён верасня (калегія праходзіла 15) валавая вытворчасць малака знізілася. Прычым зніжэнне дапушчана ва ўсіх гаспадарках. А найбольш усяго, зазначыла Надзея Назарук, у СВК “Чырвоны партызан”, “Гвозніца”, “Рыта”, ААТ “Макраны”. Магчыма, у гэтым вінавата спякотнае надвор’е, якое стаяла ў гэты час. Але ж спад вытворчасці малака дапушчаны і на фермах з круглагадовым стойлавым утрыманнем дойнага статка. А дзве валаўтваральныя гаспадаркі – СУП “Савушкіна” і СВК “Хаціслаўскі” дагэтуль не выйшлі на леташні ўзровень па вытворчасці малака. Значыць, прычына не толькі ў спякоце, якая стаяла амаль паўверасня. Таму кіраўнікам і галоўным спецыялістам гаспадарак было рэкамендавана сур’ёзна аднесціся і да кармлення жывёлы, і да яе ўтрымання: вытрымліваць рацыён па збалансаванасці спажыўнымі рэчывамі, своечасова праводзіць прафілактыку захворванняў і іх лячэнне.
На калегіі было агучана нямала лічбаў. Яны гаварылі пра тое, колькі грошай гаспадаркі губляюць з-за рэалізацыі малака першым гатункам і па прычыне яго вяртання, а яшчэ – пра атрыманы за 8 месяцаў прыплод маладняку: цялят за гэты перыяд нарадзілася на 535 больш, чым летась, і паморак буйной рагатай жывёлы павялічыўся на 60 галоў. Вялася гаворка і пра непрадукцыйнае выбыццё і прымусовы забой жывёлы, пра іх прычыны – гэта, упэўнены спецыялісты, невыкананне тэхналогіі кармлення і ўтрымання грамадскага статка, несвоечасовае лячэнне.
На пытаннях павелічэння вытворчасці малака і павышэння яго якасці засяродзіў увагу ўдзельнікаў калегіі і старшыня райвыканкама Мікалай Шум. Аналізуючы вынікі работы жывёлагадоўчай галіны , ён, у прыватнасці, заўважыў, што на фоне абласнога паказчыка па вытворчасці малака (102%) наш раён выглядае нядрэнна. Але ўсё можа змяніцца, калі своечасова не прыняць меры па спыненні яго спаду, які адбыўся ў верасні. На думку кіраўніка раёна, прычына такіх скачкоў у надоях, як і праблем з якасцю малака, а таксама нізкіх прыбаўленняў у вазе маладняку на дарошчванні, заключаецца ў адсутнасці адладжанай сістэмы ў рабоце кожнага пад­раздзялення. Калі пачынаем лячыць жывёлу, дык рабіць гэта неабходна да поўнага яе выздараўлення, а калі карміць, то збалансавана. Вытрымліваць такую сістэму няпроста, але да гэтага трэба імкнуцца, канстатаваў, падводзячы вынікі калегіі, кіраўнік раёна.
Надзея ЯЦУРА.
НА ЗДЫМКУ: удзельнікі выязной калегіі на ферме Дрочава.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 74 от 24.09.16г.

Добавить комментарий


https://www.best-cooler.reviews/

здесь

www.oncesearch.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!