Студатрад выхоўвае і вучыць

І сёлета ў час канікулаў ва ўсіх гаспадарках раёна працавалі студэнцкія атрады, арганізаваць якія дапамог раённы камітэт грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Самы вялікі з іх шчыраваў у СВК “Хаціслаўскі”. У складзе яго былі як школьнікі, так і студэнцкая і працоўная моладзь — усе, хто жадаў зрабіць свой адпачынак актыўным і карысным.

Маладых людзей, якія не марнавалі дарэмна дні летніх канікулаў, зараблялі, як гаворыцца, хлебам на хлеб, — у гаспадарцы было 34 чалавекі. Большасць з іх – непаўналетнія. Такіх у СВК “Хаціслаўскі” працавала 23 чалавекі. Іншыя 11 — студэнты і працоўная моладзь.
Школьнікі і маладыя людзі на зернесушыльным комплексе працавалі ў дзве змены, у першай 5 чалавек, у другой – 9. Падлеткі былі заняты справай 6 гадзін у дзень, а моладзь, якой ужо ёсць 18 гадоў, шчыравала на зернетаку нароўні з дарослымі па 8 гадзін.
— Без дапамогі студатрада было б складаней. Дзеці ў нас працавітыя, ніякай работы не баяцца, бяруцца за яе з энтузіязмам і адказнасцю, бо прыйшлі сюды з мэтай зарабіць, — адзначала памочнік кладаўшчыка Валянціна Смаль.
Маладыя павінны былі дапамагаць дарослым у дапрацоўцы зерня, ачыстцы тэрыторыі. Нягледзячы на наяўнасць тэхнікі, без ручной працы на зернетаку не абысціся.
Практычна ўсе студатрадаўцы – мясцовыя жыхары. Да працы яны прывучаны з дзяцінства, таму сельскія будні для іх не ў навінку. Калі патрэбна, могуць працаваць не горш, чым дарослыя і нават спаборнічаць з імі.
Для многіх маладых людзей дапамагаць гаспадарцы летам – сямейная справа. Як, напрыклад, для Кацярыны Сцепанюк і яе брата Андрэя, які шмат гадоў працуе на зернесушыльным комплексе. У час апошняй уборачнай кампаніі ён выконваў абавязкі слесара. Кацярына – будучы эколаг, яна вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна. Паглядзеўшы на брата, які быў задаволены і працай, і заробкам, яна таксама прыйшла на зерняток. Гэты працоўны сезон для яе быў не першы.
— Не скажу, што працаваць было лёгка, бо даводзілася ўсё рабіць рукамі. Бывалі дні, калі пасля змены прыходзіў стомлены фізічна. Але гэта быў шанц зарабіць нядрэнныя грошы, каб прыкупіць новыя рэчы да навучальнага года, дапамагчы бацькам. Ды і ў сваёй гаспадарцы прыемна працаваць, — гаворыць Кацярына.
Першы год працавалі на зернетаку школьніцы Вольга Гірылюк і Ганна Хадачынская. Работы яны не баяцца, таму ахвотна працавалі, каб зарабіць на асабістыя расходы. Калі атрымаецца, і ў наступным годзе прыйдуць сюды зноў. Як гэта сёлета зрабілі ўжо студэнткі Настасся Бенясюк, Настасся Бяльчук і Дар’я Ківачук. На ліку кожнай з іх па 3-4 сезоны працы на зернетаку.
Хлопцаў у змене было не шмат, іх больш задзейнічалі на іншых участках гаспадаркі. Разам з дзяўчатамі ў другой змене працаваў малады чалавек, які прыйшоў на зерняток у час свайго водпуску на асноўным месцы работы. Віктар Ковач жыве ў Хаціславе, працуе на чыгунцы. Ён лічыць, што лепей правесці водпуск за справай. Ды й грошы заробіш.
Але студатрад арганізоўваецца не толькі для таго, каб прадаставіць моладзі магчымасць падзарабіць. Ён выхоўвае ў маладых людзей любоў да працы, адказныя адносіны да яе.
На здымку: Вольга Гірылюк, Ганна Хадачынская, Кацярына Сцепанюк і Віктар Ковач у час работы на зернесушыльным комплексе СВК “Хаціслаўскі”.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ  № 75 от  28.09.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.