СВК “Дарапеевічы”:

Сельгаспрадпрыемства, якое  без малога 30 гадоў узначальвае вопытны і адукаваны гаспадарнік Васіль Юхімук, зноў на слыху. На сёлетнім абласным  фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2016”, які напачатку верасня прайшоў у Драгічыне, яе кіраўнік адзначаны Граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, а галоўны аграном Марына Калмыкова стала пераможцай на жніве ў намінацыі  “Лепшы аграном вобласці”. На вышыні  ў СВК і жывёлагадоўчая галіна. З пачатку года гаспадарка з’яўляецца ў раёне  нязменным лідарам па надоі малака на карову, які ў асобныя суткі перавышаў 23 кілаграмы. За ўсімі гэтымі ўзнагародамі і дасягненнямі — нястомная праца людзей: механізатараў і вадзіцеляў, даярак і цялятніц, спецыялістаў сярэдняга і галоўнага звяна і, вядома ж, кіраўніка, які  зладжана і ўмела кіруе  калектывам сельгаскааператыва,  кожнага паасобку і ўсіх разам  накіроўвае  ў стваральнае рэчышча.  Пра сакрэт  поспеху гаспадаркі,   яго кіраўніка і работнікаў,  на жаль, далёка не  ўсіх, бо нават цэлы нумар раёнкі наўрад ці ўмясціў бы іх на сваіх старонках, наш  сённяшні аповед. Дык вось.

Дырыжор

У любым калектыве ім з’яўляецца кіраўнік. Як ён настроіць свой аркестр, ці, калі хочаце, хор, так ён зайграе і заспявае. Каб гэта былі сапраўды зладжаная ігра музычных інструментаў і спеў галасоў, а выкананы твор стаў шэдэўрам, дырыжору мала мець спецыяльную адукацыю і нават багаты вопыт, хоць і гэта ўсё важна. У чалавеку абавязкова павінен быць прыроджаны талент да чагосьці. Гэта, як, напрыклад, гарманіст-самавучка, які без ведання нот так умела падбірае акорды, што іншаму дыпламаванаму музыканту да яго не наставіцца. Не ведаю як на вашым, а на маім жыццёвым шляху такія сустракаліся. Але я не пра музыку.
…Васіля Юхімука ведаю не адзін год. І зносіцца з ім даводзілася неаднойчы. Прычым як у чыста дзелавой абстаноўцы, так і ў нефармальнай. З гэтых зносін зразумела, што чалавек ён адказны: заўсёды трымае дадзенае слова, адукаваны, адданы справе. Прынцыповы і справядлівы. Гэта ўжо словы пра старшыню СВК “Дарапеевічы” яго калег. А сябры дадаюць: сумленны і прыстойны. Сам жа Васіль Юхімук, для якога ў дзяцінстве прыкладам былі настаўнікі, а пазней старшыня калгаса “Чырвоны партызан” Мікалай Белякоў, больш за ўсё цэніць у людзях справядлівасць. І памылкі свае ўмее прызнаваць, а яшчэ – дараваць тым, хто некалі здрадзіў яму. Ведае цану сапраўднаму сяброўству, учынкі людзей стараецца ацэньваць аб’ектыўна.
А яшчэ ён патрабавальны. Прычым як у адносінах да падначаленых, так і да сябе. Мае свой пункт гледжання на тую ці іншую праблему і заўжды адстойвае яго, як гавораць, не зважаючы на асобы. Памятаю, як падчас рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па адраджэнні і развіцці сяла, ён гаварыў, што ствараць аграгарадкі ў першую чаргу трэба там, дзе добра развіваецца вытворчасць, дзе адчувальны вынік працы вяскоўцаў: час паказаў, што ён не памыляўся. І я разумела яго крыўду. Справа ў тым, што цэнтральная сядзіба адной з лепшых гаспадарак раёна – вёска Дарапеевічы аказалася за бортам той Праграмы, хоць тут, бадай, як нідзе, патрэбны былі і газіфікацыя, і адраджэнне сацыяльнай сферы. Тым больш, што сельгаспрадпрыемства, якое ён узначальваў на той час больш за 20 гадоў, развівалася за кошт асабістых рэсурсаў і аддавала ў раённы бюджэт адлічэнняў больш, чым многія іншыя гаспадаркі, якім аказвалася дапамога.
— Газіфікацыя і пераўладкаванне цэнтральнай сядзібы, — гаварыў 5 гадоў таму Васіль Фядосавіч, — дапаможа ўзняць на новы ўзровень вытворчасць і жыццё вяскоўцаў.
Блакітная мара гэтая доўгі час не давала кіраўніку аднаго з лепшых сель­гаспрадпрыемстваў раёна спакою ні ноччу, ні днём. Хіба працаўнікі гаспадаркі, важкія дасягненні якой вядомыя не толькі ў вобласці, але і за яе межамі таксама, не заслужылі гэтага?.. Несправядлівасць гэтая болем аддавалася ў сэрцы. Ад яго нават першыя месцы ў рэспубліканскім і абласным спаборніцтве на нарыхтоўцы кармоў і на жніве не ратавалі.
Але гэта зусім не значыць, што Васіль Юхімук, як кіраўнік сельгаскааператыва, толькі наракаў на некага і сам нічога не рабіў для наладжвання і развіцця вытворчасці, паляпшэння дабрабыту вяскоўцаў. Калі параўнаць гаспадарку 27-гадовай даўніны, калі ён яе ўзначаліў, з сённяшняй, дык перамены не заўважыць хіба што лянівы. І адміністрацыйны будынак змяніў свой выгляд, і ферма новая пабудавана (на здымках унізе), і машынны двор не пазнаць, і матэрыяльна-тэхнічная база значна ўмацавалася, і дарога да Дарапеевіч заасфальтавана, і … прыродны газ, нарэшце, прыйшоў у дамы вяскоўцаў …
Хоць напачатку яго старшынёўскай кар’еры ў адстаючым калгасе работы было не на аднаго кіраўніка. Ды толькі ён не апусціў рукі. Жаданне дасягнуць нечага самому і даказаць навакольным, што ты не лыкам шыты, было, і гэта дапамагала трымаць вытворчасць на плаву нават у самыя цяжкія часіны. Старання ж і працавітасці пазычаць яму не даводзілася. Васіль Фядосавіч нарадзіўся і вырас у вёсцы, прайшоў добрую працоўную школу ад простага вадзіцеля ў юнацтве (у дзяцінстве таксама не гуляў у казакоў-разбойнікаў і не гойсаў па вуліцы) да старшыні калгаса ў больш сталым узросце і ведаў, што аснова ўсяму — зямля. А каб яна давала аддачу, пра яе неабходна клапаціцца, укладваць не толькі патрэбныя арганічныя – іх тут у глебу ўносіцца ўдосталь, і мінеральныя рэчывы, але і душу. І берагчы. Бо зямля – галоўнае багацце селяніна.
У старшыні Васіля Юхімука гэта атрымалася, і зямля аддзячыла рупліваму гаспадару высокімі ўраджаямі. Не адразу, праўда, і не так хутка, як хацелася б. Успамінаючы першыя гады свайго старшынёўства сёння, вопытны кіраўнік гаворыць, што тады ў гаспадарцы галоўнай праблемай былі дысцыпліна і арганізацыя працы – асноўныя скла­дальнікі паспяховай работы. Таму кожную суботу збіраў калгаснікаў у клубе на сходы, на якіх дакладваў, хто як працуе. А яшчэ яму запомнілася першая цэнтралізаваная пасадка вяскоўцам бульбы. Бо да яго прыходу ў гаспадарку было як: брыгадзір садзіць першы, за ім, як гавораць, прыбліжаныя, а даяркі і механізатары – у апошнюю чаргу. Ну якая можа быць работа на вытворчасці і якія дасягненні, калі ўласная гаспадарка не ўпарадкавана?..
Першы важкі поспех (таму ён такі дарагі і важны для кіраўніка) прыйшоў праз 8 гадоў – тады дарапеевіцкія хлебаробы сталі першымі ў рэспубліцы па вытворчасці збожжа. У 2003-м – зноў перамога, на наступны – другое месца. Гэта ўжо была не выпадковасць, як магло некаму падацца, а трывалая стабільнасць. Пасля пайшлі першыя месцы ў рэспубліцы і вобласці на нарыхтоўцы кармоў. З умацаваннем кармавой базы ўгору пайшлі справы ў жывёлагадоўлі. А ўслед за дасягненнямі гаспадаркі, якія, упэўнены Васіль Юхімук, сталі магчымы дзякуючы зладжанай і руплівай працы кожнага работніка, прыйшло і асабістае прызнанне старшыні. Яго заўважылі ў вобласці, годна ацанілі арганізатарскія здольнасці кіраўніка і ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі. І як вынік, пасля тых першых перамог ён неаднойчы станавіўся лаўрэатам і пераможцай конкурсу “Лепшы кіраўнік сельгасвытворчасці Брэсцкай вобласці”. А Грамата Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, якой Васіль Юхімук удастоены сёлета, толькі яшчэ раз пацвердзіла, што само па сабе нішто не прыходзіць.
— Васіль Фядосавіч, Дарапеевічы газіфікаваны, дарога да вёскі заасфальтавана, новая ферма ёсць. Што далей? — пацікавілася ў старшыні.
Васіль Юхімук на нейкае імгненне задумваецца і тлумачыць, што новую ферму неабходна яшчэ дабудаваць і добраўпарадкаваць па еўрапейскім ўзоры, а ў Паўлопалі правесці рэканструкцыю. І ў плане павышэння культуры земляробства, як і ў павелічэнні вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, яшчэ ёсць над чым працаваць.І Дарапеевічы добраўпарадкавання патрабуюць. Як гавораць, былі б рукі, а работа знойдзецца.
Сваё меркаванне ў старшыні і наконт непрывабнасці сельскагаспадарчай працы: усяму віной 90-я гады, калі вяскоўцы, як і калектыўныя гаспадаркі, былі пакінуты сам-насам са сваімі праблемамі. Многія кваліфікаваныя спецыялісты і рабочыя сталі заложнікамі абставін, якія склаліся, і вымушаны былі шукаць работу ў горадзе. Яны не здрадзілі вёсцы, проста на той час сталі непатрэбны ёй. Тагачасная палітыка ў адносінах да існуючага ладу і людзей доўга яшчэ будзе напамінаць пра сябе. Што ж тычыцца таго, чаго не хапае маладым сёння, дык цяпер газам, вадой, асфальтам і нават жыллём іх не надта заманіш у вёску. Большасць з іх хочуць мець усё і адразу.
Сам жа Васіль Юхімук, які і поспехаў у рабоце, і прызнання дабіваўся гадамі, ведае, што так не бывае. І, як сам прызнаўся, сёння і ён, мабыць, не пайшоў бы працаваць у вёску. І пераемніка сабе не рыхтуе. Бо пасада старшыні сельгаскааператыва выбарная, а кадры, на каго можна пакінуць гаспадарку, заўжды знойдуцца. У тым ліку і сярод маладых спецыялістаў. Проста, іх яшчэ трэба шліфаваць і шліфаваць.
Ці шчаслівы? А чаму не? Нарадзіўся і вырас у вялікай краіне СССР, жыў у няпросты час яе распаду, працай у сельскай гаспадарцы актыўна ўдзельнічаў у станаўленні суверэннай Беларусі і ведае, што мары збываюцца.
Надзея ЯЦУРА.
Фота аўтара.

 

 

 

 

 

 

 

АРКЕСТР і ХОР

Спецыяліст гаспадаркі па корма­выт-вор­часці Сяргей Кіцель (на здымку) па адукацыі інжынер-механік. Набыў яе дарапеевіцкі хлопец, як гавораць, без адрыву ад вытворчасці ў Мелітопальскім сельскагаспадарчым інстытуце, што ў Запарожскай вобласці Украіны. Тады, праўда, суседка яшчэ не была незалежнай, а знаходзілася ў складзе магутнай дзяржавы пад назвай СССР, і ўсе мы былі адзіным народам, хоць і кожны са сваімі традыцыямі. А працаваў Сяргей у той час у калгасе “17 Верасня” вадзіцелем. За плячыма ў хлопца была ўжо работа трактарыстам у гаспадарцы і служба ў аўтамабільных войсках Ленінградскай ваеннай акругі. Таму і выбар інжынернага факультэта быў не выпадковасцю: ён любіў тэхніку, умеў з ёй абыходзіцца і хацеў дасканала вывучыць яе. І працаваў пасля атрымання дыплома па спецыяльнасці: памочнікам брыгадзіра трактарна-паляводчай брыгады, інжынерам па эксплуатацыі сельгастэхнікі, інжынерам гаспадаркі.
А 8 гадоў таму яму давялося пера­пра­філіравацца ў спецыяліста па кор­ма­вытворчасці. Гэтага патрабавалі абставіны, і ён згадзіўся з прапановай кіраўніка гаспадаркі паспрабаваць сябе ў новым амплуа. Ды так і застаўся. Проста, даручаная справа ў яго атрымліваецца і вынікі работы таксама бачны. Сведчанне гэтаму — вялікае малако. А яно, як вядома, у каровы на языку. Значыць, ёсць якасны і збалансаваны фураж, якім кормяць грамадскі статак. А каб ён быў такім, Сяргей Пятровіч падчас нарыхтоўкі кармоў пастаянна на сенажаці, на сянажных і сіласных траншэях, на фермах. Правярае якасць назапашваемага фуражу, а вясной – кантралюе падкормку сенажацяў і пашы, дзяжурыць на нарыхтоўцы кармоў. І ніколькі не шкадуе, што давялося перапрафіліравацца, бо работа спецыяліста па кормавытворчасці таксама звязана з тэхнікай, якая косіць і падбірае травы, утрамбоўвае зялёную масу ў траншэях. А яшчэ Сяргей Кіцель з’яўляецца дэпутатам Чарнянскага сельскага Савета і старастам вёскі, у якой нарадзіўся, вырас і спатрэбіўся.

Як і ў многіх калектывах, і ў СВК ”Дарапеевічы” ёсць работнікі, якія прафесійна раслі і ўдасканальваліся разам з развіццём гаспадаркі. Намеснік галоўнага бухгалтара Аляксандра Раманюк з іх кагорты. Яна — сведка і відавочца таго, як апошнія 40 гадоў ішло станаўленне гаспадаркі, як яна мацнела тэхнічна, да якіх узроўняў дарасла ў плане ўкаранення вытворчых тэхналогій, развіцця жыллёвага будаўніцтва, як паступова ўзнімалася ўверх у эфектыўнасці гаспадарання і якой высокай планкі дасягнула. Чаму 40 гадоў? Менавіта столькі Аляксандра Іванаўна аддала сваёй гаспадарцы і праз яе рукі, рукі спецыяліста бухгалтэрыі, праходзілі многія і многія дакументы, многія і многія лічбы. Безумоўна, тыя дакументы значна адрозніваюцца ад цяперашніх, і лічбы ўжо ў зусім іншым вымярэнні,  і тэхніка для падлікаў — дасканалая, камп’ютарная, і ўмовы працы — казачныя.Толькі вось любоў да сваёй справы, акуратнасць і ўважлівасць у рабоце з дакументамі і лічбамі ў Аляксандры Іванаўны засталіся ранейшыя. І адказная яна ўсё ў той жа вялікай ступені, як і раней, усё такая ж   разважлівая і ўдумлівая. І ўсё гэтак жа любіць парадак ва ўсім, ствараць утульнасць вакол сябе. Усё гэтак жа неабыякавая да маладых калег, якім хочацца перадаць шмат карыснага, важнага, значнага, што набыта ў сваёй прафесіі за 40 гадоў работы.

 

 

Майстар-наладчык Сцяпан Хмя­леўскі — родам з Іванаўшчыны. Але ўжо больш чым 20 гадоў жыве на Маларытчыне. У Дарапеевічах пачынаў механізатарам. Працаваў таксама і жывёлаводам. Але цяга да тэхнікі ўзяла верх. Што такое майстар-наладчык? У маім уяўленні — гэта спецыяліст з залатымі рукамі, здольнасцю паставіць правільны “дыягназ” таму агрэгату, што выйшаў са строю, і аператыўна з любоўю яго ”вылечыць”. А без любові — і да тэхнікі не падыходзь. Яна, як і чалавек, давяраецца ўважлівым, клапатлівым, умелым. І служыць доўга тым, хто бачыць у ёй не проста механізм, што эксплуатуецца, а надзейнага сябра. Сцяпан Сцяпанавіч у гэтым упэўнены на ўсе 100 працэнтаў. Дзе набываў тэхнічную тэорыю? У Чарнаўчыцкім вучэбным камбінаце. Замацоўваў веды на практыцы. І каб быць, як цяпер, з тэхнікай на “ты”, не адзін механізм разбіраў і збіраў сваімі рукамі. Яму заўсёды было цікава сваім розумам дайсці да ісціны, самому пераканацца, які механізм і чаму ў тэхніцы ”кульгае”. Тады без праблем дапаможаш яму быць у страі.

 

Юрыст гаспадаркі Сяргей Бледай таксама знайшоў сваё месца на малой радзіме. Зрэшты, не толькі работу, але і шчасце. Тут сустрэў суджаную, тут стварыў сям’ю, у якой цяпер ужо растуць і выхоўваюцца чацвёра дзяцей. Тут атрымаў дом, які кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла іх шматдзетнай сям’і. Карацей кажучы, жыві і радуйся. Між іншым, Сяргей — жыццярадасны чалавек. Бо як вернік лічыць, што жыццё — не цяжар, а крылы творчасці і радасць; а калі нехта ператварае яго ў цяжар, дык у гэтым ён сам вінаваты. Ды і як не радавацца, калі ў цябе ўсё атрымліваецца на рабоце, калі ўзаемаразуменне і з кіраўніцтвам, і з калегамі, і з людзьмі, якія прыходзяць за прававой дапамогай, і ў доме лад, і дзеці здаровенькія.
Дарэчы, у Сяргея — дзве прафесіі. Першую, настаўніка пачатковых класаў, набываў у Пінскім педагагічным каледжы. Другую, юрыста, — завочна ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя Пушкіна. Па першай у мясцовай школе адпрацаваў усяго 3 гады. Падабалася вучыць дзяцей, зносіцца з імі, але адчуваў, што школа — не яго”парафія”. Яму больш хацелася працаваць з дарослымі. Захапляла яго нечым прафесія жонкі, якая тады ў сельгаскааператыве займала пасаду юрыста. Ды і многія факты з жыцця ўсё больш і больш яго пераконвалі, як важна ўсё ж у наш час быць адукаваным у прававым сэнсе. А тут і выпадак якраз. Жонка пайшла ў дэкрэтны водпуск, і гаспадарцы патрэбен быў на яе месца юрыст. Прапанавалі Сяргею. Ён і згадзіўся, што падштухнула вучыцца менавіта па гэтай спецыяльнасці. Ды і не толькі вучыцца, але і пастаянна самаўдасканальвацца. Бо для юрыста важна быць заўсёды, як гавораць, у прававым полі, добра ведаць законы, што прымаюцца, змяненні да іх, каб дапамагчы іншым пазбегнуць памылак.

 

Даніла Панфілаў, галоўны інжынер гаспадаркі, можа лічыць, што яму вельмі і вельмі пашанцавала. Трапіў жа на работу пасля заканчэння Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта не абы-куды, а ў адну з эканамічна моцных і перадавых па многіх пазіцыях гаспадарак. А значыць, у маладога спецыяліста ёсць рэальная магчымасць многаму навучыцца: высокай дысцыпліне і парадку (а яны ў асноўным правіле ў арганізацыі працы); адказнасці за даручаны ўчастак работы, што характэрна для большасці членаў кааператыва; патрабавальнасці да падначаленых, што ў стылі кіраўніка гаспадаркі; і многім іншым якасцям, без чаго не можа быць сапраўдны спецыяліст. Данілу ўсё гэта падабаецца. Інакш, адслужыўшы ў арміі і адпрацаваўшы належныя 2 гады, ён, сам гарадскі, мог бы ў Дарапеевічы ўжо і не прыехаць. Аднак прыехаў. І з задавальненнем працуе. Тым больш, што ў гаспадарцы шмат зрабілі для таго, каб малады чалавек сапраўды тут замацаваўся. Ва ўсякім выпадку, ён задаволены і матэрыяльным заахвочваннем, і жыллём, якое яму выдзелілі, і адносінамі да маладых кіраўніка гаспадаркі. А як галоўнаму інжынеру Данілу вельмі падабаецца, ён рады, што тэхнікі ў гаспадарцы дастаткова і што купляецца яна разумна, і што старая вельмі дагледжаная, і што людзей для работы на тэхніцы хапае, і што большасць з іх умеюць працаваць з ёй і берагуць. А самае галоўнае, што тэхніка ў гаспадарцы акупляе сябе.

 

Прызнаюся: калі б мне даручылі паставіць пры жыцці помнікі самым заслужаным людзям, я паставіла б іх кожнаму з вяскоўцаў, у тым ліку і аператарам машыннага даення кароў Людміле Кіцель, Алене Жук і Галіне Мамчур. І напісала б:”Самым працавітым,самым нястомным, самым старанным і самым адданым сваёй прафесіі”. Гучна сказана? Але заслужана. Не ўсе сёння імкнуцца жыць і працаваць у вёсцы. У горадзе, кажуць, лягчэй. Так, лягчэй, бо гараджанам не трэба, як гэтым жанчынам, працаваць кожны дзень у дзве змены (на рабоце непасрэдна і дома па гаспадарцы). І на работу рана-ранюсенька не трэба спяшацца, каб, не дай Бог, не спазніцца да 6.30 гадзін. Але, думаю, калі б прапанавалі, не прамяняла б кожная з названых жанчын вёску на горад. Нават Люда Кіцель, якая нарадзілася ў Брэсце. Нездарма ж у свой час без асобага суму яна пераехала з горада ў вёску, знайшла тут работу і вось ужо 20 гадоў нязменна працуе на ферме. Ці Алена Жук. Яе, украінку, у родныя мясціны цяпер ужо не надта цягне. Бо тут і работа, якой аддала 17 гадоў, і сям’я, прычым немалая, і жыллё добраўпарадкаванае, якім у свой час забяспечыла кіраўніцтва гаспадаркі. Пра Галіну Мамчур, напэўна, і гаварыць не трэба. Яна — тутэйшая, мясцовая, свая. І хоць працуе на ферме менш, чым яе калегі, усяго 4 гады, пакуль усё на баку ”ЗА”. І заработная плата вунь намнога стала большай, і ўмовы працы ў многім змяніліся — на новай жа ферме працуюць; і графік работы задавальняе (працуюць праз дзень), і прыклад ёсць браць з каго. Яе ж калегі Людміла і Алена маюць высокія заслужаныя ўзнагароды — медалі ”За працоўныя заслугі”. Хіба ж гэта не стымул для цябе, калі ты працуеш поплеч з такімі людзьмі! А што цяжка — гэтага Галіна, як і яе сяброўкі Алена і Людміла, не баіцца. Цяжка таму, хто лянуецца. А ў каго рукі прывыклі да працы, ён не зможа без яе. Тым больш — любімай.

Спачатку палічыла, што Святлана Кіцель, бухгалтар па жывёлагадоўлі, — з ліку маладога пакалення спецыялістаў. На самой жа справе аказалася, што і ў яе за плячыма 26 гадоў работы ў гаспадарцы. Тут пачынала практычна асвойваць азы прафесіі, тут набіралася вопыту, тут вучылася ў сталых калег, тут яна ў чарговы раз пераканалася, што з выбарам прафесіі не памылілася.
Не адкрыю сакрэт, калі скажу, што і дома амаль кожны з нас так ці інакш заводзіць размовы пра сваю прафесію. Думаю, што прафесія бухгалтара не раз была тэмай гутарак і ў сям’і Святланы Аляксееўны. Пра гэта сведчыць хоць бы той факт, што і дачка Святланы Алёна выбрала сабе менавіта прафесію бухгалтара і цяпер працуе ў адным кабінеце разам з мамай. Надзейна? Так! Зайздросна? Таксама. Бо малады спецыяліст зможа навучыцца ў маці, адукаванага і вопытнага бухгалтара, як трэба абыходзіцца з лічбамі, якой неабходна быць уважлівай, каб не дапусціць памылак, як аналізаваць, з чым параўнаць, каб пераканацца, скажам, у той жа эфектыўнасці гаспадарання. На карысць Святланы Аляксееўны і той факт, што ў яе працоўнай кніжцы ўсяго толькі адзіны запіс, які быў зроблены ў СВК”Дарапеевічы”. А раптам і Алёне захочацца пераняць гэты добры прыклад, які толькі дадае гонару кожнаму з нас. Тым больш, што цяпер яна ўдасканальвае свае веды па бухгалтарскай справе ў Гродзенскім ўніверсітэце, дзе займаецца завочна.

 

У працоўнай біяграфіі спе­цыяліста па кадрах Людмілы Рабчынскай не абышлося без таго, што на нейкі час давялося змяніць месца работы, звольніцца з гаспадаркі. Але вельмі мала часу Людміле Мікалаеўне патрэбна было, каб пераканацца, што месца яе ўсё ж тут, у сельгаскааператыве. Таму назад і вярнулася. Сёлета 1 жніўня было роўна 30 гадоў, як яна ў гаспадарцы, а непасрэдна на пасадзе спецыяліста па кадрах — больш чым 20 гадоў. Гэта цяпер СВК мае ў штаце такую адзінку, як юрыст. Раней жа і прававыя пытанні былі ў кампетэнцыі спецыяліста па кадрах. Улічваючы той факт, што ў Дарапеевічы шмат прыязджала на работу чужых, з імі работы хапала. Не ўсе ж яны прыязджалі сюды на пастаянна. Больш было так званых гастралёраў, што ў нейкай ступені ўскладняла работу: сёння яго афармляй, а праз некаторы час рыхтуй дакументы на звальненне. Акрамя таго, Людміла Мікалаеўна шмат гадоў узначальвала і прафсаюзную арганізацыю гаспадаркі. І, трэба сказаць, навучылася абыходзіцца з людзьмі, неабыякавая да іх праблем, умее падтрымаць добрым словам і падбадзёрыць. Ну і пераканаць, калі размова заходзіць пра перавагі іх сельгаскааператыва, пра сацыяльныя гарантыі, а іх у гаспадарцы прадугледжана нямала, пра іншыя выгоды, што даюць магчымасць таму, хто на работу ўладкоўваецца, не быць пакрыўджаным.

 

Не ўяўляецца сёння СВК ”Да­ра­пеевічы” і без яго, патомнага хлебароба, лепшага механізатара Сяргея Бойкі. Бо дзякуючы менавіта такім, як ён, і дабіваецца гаспадарка значных поспехаў, менавіта дзякуючы такім з кожным годам яна набывае ўсё большую і большую славу. Менавіта такія здольныя горы звярнуць, каб паспець у тэрмін узараць, пасеяць, падкарміць, скасіць і ўбраць. Пры гэтым рана ўстаць, позна легчы, дагледзець па-гаспадарску за тэхнікай, каб яна не падвяла. А калі яшчэ і надзейны тыл, калі цябе дома разумеюць і спрыяюць таму, каб ты на рабоце сапраўды выкладваўся, чаму б не здзяйсняць працоўныя подзвігі!? Без іх аддадзены зямлі і хлебаробскай справе хлебароб — не хлебароб. У каго Сяргей гэтаму навучыўся? Вядома ж, у бацькі, які ўсё сваё жыццё, а дакладней 38 гадоў, прысвяціў працы на малой радзіме: араў, сеяў, касіў, убіраў хлеб. Зрэшты, яшчэ і цяпер Сяргей Пятровіч Чаквін, асабліва ў час ўборкі, працуе ў пары з сынам. Так хочацца яму па-ранейшаму атрымліваць асалоду ад таго, што ты маеш прыналежнасць да святога святых — хлеба. Так цягне па­працаваць на новай дасканалай тэхніцы, пра якую некалі механізатары яго пакалення толькі марылі. А тым больш, з сынам, які пайшоў па яго слядах і не здрадзіў, як і ён, сваёй малой радзіме, пусціў тут свае моцныя карані. І штодзённа даказвае, што нездарма яго старанні адзначаны медалём ”За працоўныя заслугі”.

 

 

 

 

Валянціна Гатоўчыц, загадчыца гароднінасховішча, можна сказаць, — работнік універсальны. Яна аднолькава ўмела і з асаблівым стараннем можа рабіць любую ра­боту, калі гэта ў інтарэсах і для патрэб гаспадаркі. Ёсць неабход­насць у час уборкі ўраджаю быць задзейнічанай на зернетаку, яна працуе там. Трэба падмяніць каго-небудзь з аграномаў, яна і з гэтымі абавязкамі справіцца. Трэба ўмела арганізаваць работу і пакамандаваць — і тут у яе добра атрымліваецца.
У свой час была ж брыгадзірам, а кіраўніком такога кшталту звычайна назначаюць людзей, якія смелыя ў прыняцці рашэнняў, могуць давяраць іншым, умеюць абыходзіцца і ладзіць з падначаленымі, маюць талент арганізатара, ды і самі могуць ўзяцца за работу, за­касаўшы рукавы. Шчыра працаваць Валянціна ўмее і любіць. Расла ж яна не ў сям’і беларучак. З маленства ведае цану працы. І глыбока пераканана, што толькі яна надае высакароднасці чалавеку, што толькі яна робіць кожнага з нас, калі гаварыць словамі Сухамлінскага, прыгожым.
І ў той дзень, калі мы былі ў Дарапеевічах, Валянціну давялося шукаць на ўчастку, дзе сёлета была пасаджана цыбуля. Тут яна вызваляла месца для дарогі, па якой транспарт будзе вазіць на сарціроўку новы ўраджай, каб не пашкодзіць ніводную з цыбулін. А як жа інакш! Ураджай — праца не аднаго чалавека, а многіх. І сумленне не дазваляе зневажаць гэтую працу, якая, між іншым, дае гас­падарцы немалы даход.

 

Ёсць у агульным поспеху гаспадаркі і заслуга галоўнага ветурача Аляксандра Васільчука. Выпускнік Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, які ў свой час быў накіраваны на работу ў СВК “Дарапеевічы”, прыжыўся тут і ўжо без малога 7 гадоў клапоціцца аб здароўі грамадскага статка. Спецыяліст ведае, што вялікае і якаснае малако можа даць толькі здаровая карова, таму шмат робіць у плане прафілактыкі захворванняў жывёлы, як гавораць, працуе на апераджэнне.
У Дарапеевічах ён знайшоў і сваю другую палавінку. Яго жонка, Вольга Шутава, у СВК аказалася пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі. Працавала галоўным бухгалтарам. У цяперашні час маладая мама знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцяці. Так што Аляксандр зараз яшчэ і асноўны здабытчык у сям’і: на яго плячах клопат пра матэрыяльнае забеспячэнне блізкіх і дабрабыт у доме. Дарэчы, Васільчукі выхоўваюць сына і дачку. Гаспадарка выдзеліла спецыялістам дом. Кіраўнік СВК спадзяецца, што яны, як некалі і ён сам, пусцяць у Дарапеевічах карані ўсур’ёз і надоўга.

 

За апошнія 27 гадоў у Дарапеевічах была пабудавана цэлая новая вёска: прыкладна больш чым 70 дамоў. Здавалася, будаваць жыллё яшчэ і яшчэ няма неабходнасці. Але кіраўнік гаспадаркі, як прадбачлівы гаспадар, думае наперад. І добра ведае, што жыллё — гэта тое, у чым найперш мае патрэбу чалавек. Таму знаходзіць магчымасці ўзводзіць новае. Вось і цяпер будаўнікі з ПМК-20 здаюць у эксплуатацыю 4 жылыя дамы.
Нават чалавеку недасведчанаму толькі па знешнім выглядзе можна вызначыць, што пабудаваны дамы якасна. А намеснік начальніка ПМК-20 Сяргей Алесік запэўніў, што і ўнутры ўсе работы выкананы як належыць. Ёсць усе выгоды, дамы здаюцца пад ключ, таму жыльцам застаецца толькі берагчы іх. Дарэчы, і тут захоўваўся прынцып: будаваць новае жыллё на месцы старога. А гэта толькі ўпрыгожвае вёску і маладзіць яе.

Выпуск падрыхтавалі
Ірына КАСЦЕВІЧ, Надзея ЯЦУРА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

 

 

Добавить комментарий


диплом на деревянной основе

www.best-cooler.reviews/

granit-sunrise.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!