Юбілей каралеўскай вёскі

1 кастрычніка 2016 года стаў асаблівым днём у жыцці жыхароў Маларыты і раёна. У памяці многіх ён застанецца як дзень яркі, цікавы, відовішчны, багаты на падзеі. Гэты дзень запомніцца не толькі цудоўным надвор’ем, але і высокай арганізаванасцю, масавасцю, багаццем прадукцыі, тавараў і прадуктаў на кірмашы, разнастайнасцю забаў для дзяцей… 1 кастрычніка Маларыта адзначала Дзень горада, раённыя “Дажынкі-2016” і праводзіла 33-і міжнародны марафон.

Прыбраны і яшчэ больш прыгожы горад з самага ранку напоўніўся людскім гоманам. На вуліцах Паўднёвая і Каштанавая ішоў бойкі гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй, якую гараджанам прапаноўвалі СВК і індывідуальныя прад­прымальнікі раёна. Маларытчане актыўна закуплялі буракі, моркву, капусту, цыбулю, часнок, памідоры, зерне, мёд, яблыкі, грушы… На вуліцы Савецкая гандлёвыя кропкі прапаноўвалі пакупнікам адзенне, абутак, мясныя, малочныя і хлебабулачныя вырабы ў асартыменце. Вялікім попытам карысталіся і саджанцы. На пляцоўцы перад ГДК установы адукацыі горада разгарнулі выставу-продаж таго, што створана рукамі вучняў, педагогаў, супрацоўнікаў і іх фантазіяй. Тут можна было набыць шмат чаго неабходнага, карыснага, патрэбнага. Школьная прадукцыя ўласнай вытворчасці карысталася попытам. Прыцягвала да сябе ўвагу і выстава-продаж вырабаў майстроў Олтушскага Дома рамёстваў, Дарапеевіцкай школы народнай творчасці (клас ткацтва), а таксама вышыванкі Антона Талашкі. Не забылі арганізатары свята і пра юных гараджан. Для іх былі прадугледжаны розныя цікавыя атракцыёны і забавы. У цэнтры горада свае паслугі прапаноўвалі шматлікія “бістро”.
…У 9.30 на гарадской плошчы пачынаецца ўра­чыстае адкрыццё свята. Са словамі вітання да прысутных звяр­таюцца Мікалай Шум, стар­шыня Маларыцкага райвыканкама, Мікалай Токар, першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканка­ма, Леанід Тараненка, алім­пійскі чэмпіён, ганаровы грамадзянін Маларыты. Права ўзняць Дзяржаўны Сцяг Рэспублікі Беларусь прадастаўляецца Васілю Юхімуку, старшыні СВК “Дарапеевічы”, і Таццяне Камянчук, дырэктару ААТ “Маларыцкі кансерва­вага­роднінасушыльны камбінат”. Затым агонь ХХХІІІ Мала­рыцкага міжнароднага марафона запальвае Аляксандр Сіпчук, прызёр першынства рэспублікі па лёгкай атлетыцы.
А ў ГДК праз нейкі час пачалося святочнае дзейства, у якім галоўнымі героямі сталі хлебаробы, тыя, хто стаў пераможцам раённага спаборніцтва на ўборцы збожжа, хто сваімі рукамі, майстэрствам, самаадданай працай здабываў беларускае золата, імя якому – хлеб.

Каравай яго, які спечаны з зерня новага ўраджаю, уручаецца Мікалаю Шуму. Вадзім Галоўчык, першы на­меснік старшыні райвыканкама, на­чальнік райсельгасхарчу, падводзіць вынікі раённага спаборніцтва на ўборцы зерневых і зернебабовых. Сярод сельскагаспадарчых арганізацый раёна лідарамі ў 2016г. сталі: СВК “Дарапеевічы” (старшыня Васіль Юхімук), ААТ “Чарняны” (дырэктар Міхаіл Перкавец), СВК “Чырвоны партызан” (старшыня Сяргей Сцепанюк). Затым лепшыя з лепшых – камбайнеры, вадзіцелі, аператары зернесушыльных установак, галоўныя аграномы, сямейныя экіпажы — атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды.
-Вялікі дзякуй усім за дасягнутыя вынікі, вашу штодзённую нялёгкую працу, пастаянную гатоўнасць вырашаць пастаўленыя задачы з поўнай аддачай, — сказаў Мікалай Шум, старшыня райвыканкама.
Калі на стале ёсць хлеб, то ў душы чуецца добрая песня. І яна, нібыта гімн хлебаробу, гучала ў мінулую суботу на сцэне ГДК на поўную моц! Гледачы ў чарговы раз змаглі пераканацца: на таленты багата наша зямля! Як на сялянскай ніве, так і на культурнай. Сваім сцэнічным майстэрствам прысутных парадавалі мастацкі кіраўнік ГДК Вольга Жыльцова, вядучыя Анатоль Дзямянка і Мікалай Гузюк (творчы дуэт “Дарапеевіцкія кумы”), і самадзейныя артысты, якія прадставілі цудоўны тэатралізаваны канцэрт “Хвала нашай ніўцы”. Гучалі песні ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Рыцкі куфэрак”, ансамбля народнай песні “Чарняначка” (Чарнянскі СДК), ансамбля эстраднай песні “Акалада” (ГДК), Вольгі Бярчук, Аляксея Пішчыка, Вікторыі Ляўчук. Сваім майстэрствам таксама парадавалі гледачоў танцавальны калектыў (кіраўнік Ірына Кавалеўская) і аркестр (кіраўнік Дзмітрый Свішчоў) Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў, танцавальны ансамбль “Ладалея” (Хаціслаўскі СДК), Аліна Дворак (Ляхавецкі СДК).
Пасля абеду цэнтр святочнага дня перамясціўся на гарадскі стадыён. Спачатку тут было паказальнае выступленне парашутыстаў, а пасля – фінал Кубка раёна па футболе. У рашаючым паядынку сустракаліся каманды кансервавагароднінасушыльнага камбіната і “Камунальнік”. З лікам 2:1 перамаглі футбалісты МКГСК.
У праграме Дня горада быў прадугледжаны і канцэрт “Зямля, сагрэтая любоўю” з удзелам зорак беларускай эстрады, прымеркаваны да 450-годдзя Маларыты, святочны салют і танцавальная праграма на гарадской плошчы.
Асаблівую цікавасць у жыхароў Маларыты і раёна выклікала аглядавая 10-хвілінная экскурсія над горадам на самалёце АН-2, якую ўпершыню арганізаваў Брэсцкі аэраклуб ДТСААФ. Жадаючых убачыць райцэнтр з вышыні 300-400 метраў было столькі, што экскурсійныя палёты давялося працягнуць да 17.00, хоць спачатку планавалася іх завяршыць у 14.00.

Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымках: незабыўныя імгненні святочнага дня ў Маларыце.

Фота аўтара і Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 77 от 5.10.16г.

Добавить комментарий


https://best-products.reviews

Этот нужный портал , он описывает в статьях про велосипед горный www.velomarket.org.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!