Праз прызму здароўя

Пад старшынствам Мікалая Шума адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама. На ім былі разгледжаны пытанні “Аб гатоўнасці народна-гаспадарчага комплексу раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2016-2017 гг.“, “Аб ходзе выканання мерапрыемстваў па развіцці турызму ў Маларыцкім раёне, арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай, спартыўна-масавай работы ва ўстановах адукацыі раёна”, “Аб мерах па павышэнні якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, якая аказваецца насельніцтву раёна”.

Зіма праверыць
на трываласць
Выступаючы па першым пытанні, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Віктар Русавук адзначыў, што была праведзена значная работа і выкананы ўвесь комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду аб’ектаў энергетычнай, газавай, дарожнай гаспадаркі, транспарту, сувязі, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. У міжацяпляльны сезон КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ” выканала комплекс падрыхтоўчых работ на аб’ектах кацельнай гаспадаркі, водазабеспячэння і каналізацыі, жыллёвага фонду. Стан кацельнага абсталявання на кацельных раёна здавальняючы. Запланаваны аб’ём рамонтаў забяспечыць неабходную працаздольнасць і бяспечнасць абсталявання, інжынерных сістэм. Арганізацыі раёна ўкамплектаваны інжынерна-тэхнічнымі работнікамі, эксплуатацыйным і рамонтным матэрыялам. Створаны неабходныя запасы паліва ва ўстановах аховы здароўя, адукацыі і КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”. Падрыхтаваны аварыйны запас матэрыялаў і абсталявання для выканання рамонтных работ у ацяпляльны перыяд. Атрыманы заключэнні і аформлены пашпарты гатоўнасці на ўсе цеплакрыніцы, якія знахо-дзяцца на абслугоўванні Маларыцкай ЖКГ, а таксама на жылыя дамы, якія абслугоўвае прадпрыемства. Значыць у нашых кватэрах будзе цёпла.
Значная работа, як адзначаў Віктар Русавук, праведзена ва ўстановах адукацыі, дзе прамыты сістэмы ацяплення, зроблена рэвізія запорнай арматуры. Прайшлі праверку і ўстаноўлены ўсе прыборы спажывання цеплавой энергіі, манометры, вадамеры. Пашпарты гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі падпісаны ва ўсіх установах адукацыі.
Падрыхтаваліся да зімы, што пацвярджалі іх кіраўнікі, і ўстановы аховы здароўя, гандлю.У ходзе падрыхтоўкі сельскагаспадарчых арганізацый раёна да ацяпляльнага сезона актыўна вядуцца работы ў рамонтных майстэрнях СВК “Чырвоны партызан”, “Хаціслаўскі”, СУП “Савушкіна”. Правялі рамонт майстэрань у ДзП “Радзежскае”.
Шэраг устаноў і арганізацый, як адзначалася ў выступленні, не захавалі тэрміны афармлен­ня і рэгістрацыі пашпартоў гатоў­нас­ці спажыўцоў цеплавой энер­гіі і пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц. Гэтае пытанне дару­чана кіраўнікам вырашыць у кароткі час.
Зацікавіць
спортам і турызмам
Аб тым, як выконваюцца ў раёне мерапрыемствы па развіцці турызму, як арганізавана з на­сель­ніцтвам фізкультурна-аздараў­ленчая і спартыўна-масавая работа, дакладваў намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Аляксандр Хамічук. Да заняткаў у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, як адзначыў ён, у новым навучальным годзе прыцягнута 490 чалавек. Матэрыяльна-тэхнічная база спартыўнай школы дазваляе праводзіць у раёне спартыўна-трэніровачныя зборы, а таксама захоўваць высокі ўзровень падрыхтоўкі спартсменаў. З дзецьмі працуюць 17 трэнераў-выкладчыкаў. Для забеспячэння круглагадовых заняткаў на базе ДЮСШ арганізоўваюцца спартыўна-аздараўленчыя лагеры. Загрузка спартыўнага збудавання за студзень-жнівень склала 80%. Але, калі ад гэтай лічбы адмінусаваць заняткі школьнікаў, загружанасць, што ні для каго не сакрэт, будзе значна меншай. Наконт таго, што трэба прадпрыняць, каб жыхары раёна пачалі больш актыўна выкарыстоўваць спартыўны цэнтр для аздараўлення і правядзення з карысцю свайго вольнага часу, завязалася цэлая дыскусія. Для таго, каб зацікавіць маларытчан, ва ўніверсальным спартыўным цэнтры “Жамчужына”, як адзначаў Аляксандр Хамічук, пастаянна праводзяцца акцыі, практыкуюцца скідкі. Не застаюцца ўбаку, як дадаў, далучыўшыся да размовы, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Строк, і прафсаюзныя арганізацыі. Яны з’яўляюцца ініцыятарамі заключэння дагавораў паміж прадпрыемствамі і спартыўным цэнтрам на наведванне работні­ка­мі басейна. Як станоўчая, адзна­чалася арганізацыя фіз­культур­на-аздараўленчай работы ў працоўных калектывах КУШВП ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, ДзЛГУ ”Маларыцкі лясгас”, ААТ “Маларыцкі КГСК”, СВК “Хаціслаўскі”, СУП “Савушкіна”.
Асобная размова ішла пра развіццё турыстычнай ін­фра­струк­туры раёна, якая прадстаўлена 9 аграсядзібамі, гасцініцай “Юбілейная” і базай адпачынку “Вольга”. На экспарт турыстычныя паслугі ў раёне прапаноўвае гасцініца “Юбілейная”. Па выніках 9 месяцаў загрузка яе склала 21,4%. Сумарны фактычны экспарт турыстычных паслуг са студзеня па жнівень склаў 5,8 тыс. долараў. Была праведзена, як паведамлялася ў выступленні, ацэнка турыстычнай прыцягальнасці раёна, каб вызначыць яго турыстычны патэнцыял. Прызнана, што раён не з’яўляецца прыцягальным для турызму. Каб прыцягнуць турыстаў, аддзел адукацыі, спорту і турызму плануе арганізоўваць, з улікам інфраструктуры, спартыўныя і турыстычныя мерапрыемствы, а таксама ўдзельнічаць у праектах міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

Якасць і даступнасць
Для павышэння якасці і да­ступ­насці медыцынскай дапамогі, падкрэсліў, выступаючы па трэцім пытанні, галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы Пётр Селівонік, праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, што накіраваны на забеспячэнне ме­дыцынскімі кадрамі, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы і інфарматызацыі ўстаноў аховы здароўя, фарміраванне рацыя­нальнай сеткі амбулаторнай да­памогі, укараненне стацыянарзамяняльных тэхналогій, прыярытэтнага фінансавання пярвічнай медыцынскай дапамогі.
У медыцынскіх установах раёна, як адзначаў Пётр Міхайлавіч, не стаіць ужо востра праблема з кадрамі. Сёлета ў цэнтральную раённую бальніцу прыехалі на работу 13 спецыялістаў, з іх 8 урачоў. Укамплектаванасць устаноў аховы здароўя цэнтральнай райбальніцы ўрачамі склала 97%, з іх 23% — пенсіянеры.
У сваім дакладзе Пётр Селівонік прывёў нямала лічбаў. Ён заўважыў, што ў сферы аховы здароўя раёна праводзіцца пераразмеркаванне фінансавых рэсурсаў ад стацыянарнай да пярвічнай медыцынскай дапамогі. Працэнт амбулаторна-паліклінічнай дапамогі ў агульнай суме затрат склаў 47, 1%, стацыянарнай — 39,6%, хуткай дапамогі — 4,7%, іншых расходаў – 8,5%. Службай хуткай медыцынскай дапамогі штогод выконваецца каля 6 тысяч выездаў. Аснашчанасць брыгад хуткай медыцынскай дапамогі складае 100%. У паліклініцы ЦРБ устаноўлена шматканальная тэлефонная сувязь, выдзелены гадзіны прыёму для прафілактычных аглядаў, выкарыстоўваецца сістэма папярэдняга запісу па тэлефоне, а таксама запіс на прыём да ўрача праз інтэрнэт. Усё гэта садзейнічае большай даступнасці медыцынскага абслугоўвання.
У выступленні звярталася ўвага на рост аб’ёмаў медыцынскай дапамогі, якую аказвае пярвічнае звяно аховы здароўя: колькасць наведванняў амбулаторна-паліклінічных устаноў за 8 месяцаў 2016 года склала 8,7 наведванняў на 1 жыхара. Установы аховы здароўя праводзяць мерапрыемствы па павелічэнні аб’ёмаў дапамогі дома, у тым ліку выкарыстоўваючы выязныя формы. Але не так часта, як адзначыў, Пётр Міхайлавіч, жыхары горада выкарыстоўваюць такую магчымасць, як выклік урача дамоў, што для пацыента, здавалася б, больш зручна. У выніку ля кабінетаў нярэдка збіраюцца чэргі.
Для павышэння даступнасці медыцынскай дапамогі надаецца ўвага развіццю стацыянарзамяняльных тэхналогій: пры кожнай лячэбна-прафілактычнай установе (за выключэннем Ланской і Ляхавецкай амбулаторый) ёсць ложкі дзённага стацыянара, усяго іх 30. А з мэтай зніжэння смяротнасці, фарміравання і стойкага замацавання навыкаў здаровага ладу жыцця медыцынскія работнікі пастаянна праводзяць прафілактычныя акцыі, “круглыя сталы”, выкарыстоўваюць сродкі масавай інфармацыі, выступаюць з лекцыямі.
Па ўсіх разгледжаных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.
З інфармацыйнай запіскай аб стане законнасці і правапарадку ў раёне на пасяджэнні райвыканкама выступіў пракурор раёна Раман Гузюк.
Святлана МАКСІМУК.

Опубликовано ГЧ № 77 от 5.10.16г.

Добавить комментарий


Hyundai Tucson аккумулятор купить

http://best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!