Прагноз – станоўчы

Сёлета з пачатку года намаганні пракуратуры пры ажыццяўленні наглядных функцый былі сканцэнтраваны на каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх фарміраванняў і іншых суб’ектаў прафілактыкі ў вырашэнні праблем барацьбы са злачыннасцю, выкананні задач аховы правоў і законных інтарэсаў грамадзян. За 8 месяцаў пад старшынствам пракурора былі праведзены 2 каардынацыйныя нарады па патыннях барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй, па выніках якіх прынятыя рашэнні, накіраваныя для выканання суб’ектам прафілактыкі, паўплывалі станоўча на крымінагенную сітуацыю, што складваецца ў рэгіёне. Прагназуючы яе па выніках 12 месяцаў 2016 г., варта чакаць зніжэння колькасці злачынстваў у параўнанні з мінулым годам.

Што датычыцца відаў злачынстваў, трэба адзначыць: яны ў асноўным выраслі за кошт павелічэння крадзяжоў усіх форм уласнасці, і ўдзельная вага іх склала 36,4% у структуры агульнай злачыннасці.
Павялічылася колькасць крадзяжоў, учыненых раней асуджанымі, непрацуючымі, тымі, хто ўжывае спіртныя напоі. Варта адзначыць, што па выніках І квартала гэтага года ў раёне быў зарэгістраваны самы высокі ўзровень беспрацоўя па вобласці – 1,6%. Не працавалі больш за 30% асу-джаных да папраўчых работ і абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу, а таксама каля 70% асоб, якія вярнуліся ў раён з месцаў пазбаўлення волі. Нізкі працэнт працаўладкавання асуджаных (68%) быў абумоўлены фактычнай адсутнасцю вакансій пры замацаванай броні, а таксама высокім узроўнем беспрацоўя, што не садзейнічала зніжэнню рэцыдыўнай злачыннасці. І дзякуючы канцэнтрацыі сумесных намаганняў раённага аддзела ўнутраных спраў, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, пракуратуры, ва ўзаемадзеянні з наймальнікамі, удалося зрушыць гэтую праблему з месца: па стану на 1 верасня 2016 г. не працуе толькі 1 асуджаны да папраўчых работ і 4 – да абмежавання волі. Палепшылася сітуацыя па агульным беспрацоўі, узровень якога не перавышае сярэднеабласны.
Злачынствам, якое значна паўплывала на рост, з’яўляецца ўхіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці. Усе крымінальныя справы гэтай катэгорыі ўзбуджаны і аб’яднаны ў адну вытворчасць у адносінах адной службовай асобы – старшыні СВК “Хаціслаўскі”. Папярэдняе расследаванне праводзіць Брэсцкі міжраённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Таксама на агульны рост злачыннасці значна паўплывала колькасць зарэгістраваных злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці і палавой свабоды. Яны выраслі з 0 да 7, пацярпелымі ў іх прызнаны 7 дзяцей.
Станоўчым момантам у дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі з’явілася недапушчэнне росту рабаўніцтваў, удалося знізіць колькасць хуліганстваў, крадзяжоў сродкаў транспарту, не зарэгістравана разбояў.
З пачатку года пракуратура правяла 24 праверкі захавання заканадаўства ў органах улады, суб’ектах гаспадарання, установах і арганізацыях. І варта адзначыць, што парушэнні дзеючага заканадаўства па-ранейшаму распаўсюджаны. Па выніках гэтых праверак унесена 24 прадстаўленні аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства, вынесена 15 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў закона, прынесены 21 пратэст на пастановы аб адміністрацыйнай адказнасці, што супярэчаць закону, афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці парушэння заканадаўства 45 асоб, па актах пракурора прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 55 правапарушальнікаў. Па патрабаванні пракурора адміністрацыйна пакарана 61 асоба, 20 фізічных асоб кампенсавалі матэрыяльныя страты на суму 36 мільёнаў недэнамінаваных рублёў, прыцягнуты да матэрыяльнай адказнасці 7 юрыдычных асоб, якія аштрафаваны на суму 22 мільёны рублёў.
Па асобных паказчыках у нагляднай рабоце пракуратура спрацавала эфектыўней, чым за справаздачны перыяд – 9 месяцаў 2015 г., у выніку дасягнуты станоўчыя паказчыкі па значных накірунках нагляду, якія сведчаць пра тое, што пракуратура дзейсна спрацавала на папярэджанне, спыненне і прафілактыку.
Найбольшую ўдзельную вагу ў агульнай колькасці праверак займаюць праверкі выканання працоўнага заканадаўства, у тым ліку аб ахове працы і тэхніцы бяспекі. У гэтай сферы з пачатку года ўдалося знізіць з 5 да 1 няшчасныя выпадкі на вытворчасці, у тым ліку з цяжкім зыходам – з 2 да 0. Аднак, нягледзячы на зніжэнне, прадпасылкі для ўзнікнення траўматызму ёсць. Так, у СВК “Гвозніца”, ПМК-8, ДРБУ-179, ААТ “Чарняны”, ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат” без належнай увагі з боку наймальнікаў застаюцца пытанні забеспячэння работнікаў сродкамі індывідуальнай аховы. Не ўсе наймальнікі прымаюць адэкватныя меры ўздзеяння да асоб, якія парушаюць працоўную і выканаўчую дысцыпліну. Асабліва да тых, хто з’яўляецца на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Напрыклад, з 22 работнікаў, прыцягнутых па патрабаванні пракурора наймальнікамі да дысцыплінарнай адказнасці за знаходжанне на рабоце п’яным, звольнены толькі трое.
У сувязі з дапушчанымі парушэннямі заканадаўства аб ахове працы і тэхніцы бяспекі, працоўнай дысцыпліны да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 42 службовыя асобы і работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, у тым ліку 4 вызвалены ад займаемых пасад, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 24 асобы.
Як станоўчы момант, варта адзначыць адсутнасць з пачатку 2016 г. заяў і паведамленняў у пракуратуру раёна, органы мясцовай улады пра факты несвоечасовай выплаты заработнай платы прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі, а таксама сельгасарганізацыямі, што сведчыць пра наяўнасць належнай дысцыпліны разлікаў з работнікамі і няўхільнае захаванне працоўнага заканадаўства.
Раман ГУЗЮК, пракурор раёна.
НА ЗДЫМКУ: Раман ГУЗЮК.

Опубликовано ГЧ № 77 от 5.10.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.