Ёсць такі капітан

Служба ў органах унутраных спраў спецыфічная. Яна, як і любая справа, трымаецца на прафесійна адукаваных, адказных, ініцыятыўных работніках. Да іх ліку адносіцца і Наталля Трафімук — капітан міліцыі, старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі. Тут яна працуе ўжо дзявяты год. За гэты час узнагароджана шматлікімі граматамі і Пісьмамі падзякі рознага ўзроўню. А нядаўна Наталля Аляксандраўна за высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці, прафесіяналізм, за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў прадстаўлена да ўзнагароджання медалём “За отличие”.

— Стаць міліцыянерам канчаткова вырашыла тады, калі вучылася ў 7 класе, — кажа Наталля Трафімук. – З самага дзяцінства я прымярала на сябе форму міліцыянера, “красавалася” перад люстэркам. Сёння ніколькі не шкадую аб абранай прафесіі і з кожным днём усё больш пераконваюся ў тым, што гэта менавіта тая праца, якой я хацела займацца.
Наталля Аляксандраўна мэта­накіравана ішла да сваёй мэты яшчэ і таму, каб быць прадаўжальніцай сямейнай міліцэйскай дынастыі. Ёй хацелася стаць такой, як яе дзядуля Іван Аляксандравіч Астапук, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які ўзнагароджаны медалямі за мужнасць і гераізм у змаганні з ворагам. Ён пасля заканчэння вайны яшчэ 33 гады працаваў у Высокаўскай школе, выкладаў фізічную культуру, працоўнае навучанне і чарчэнне. Брала прыклад ва ўсім і са свайго бацькі Аляксандра Іванавіча Астапука, маёра міліцыі ў адстаўцы, былога начальніка штаба Маларыцкага РАУС. Захапленне выклікаў і выклікае цяпер стрыечны брат Мікалай, прапаршчык міліцыі, вадзіцель групы затрымання.
Пасля заканчэння сярэдняй шко­лы Наталля Трафімук набыла спецыяльнасць інструктара па фізічным выхаванні ў Пінскім пе­дагагічным каледжы. На першае месца працы была накіравана ў Лукаўскую СШ настаўнікам фізічнай культуры і здароўя. Адначасова паступіла вучыцца на спартфак Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Некаторы час працавала настаўнікам у СШ №3 райцэнтра.
— Праца прыносіла радасць і задавальненне, — гаворыць На­тал­ля Аляксандраўна. – Усё атрымлівалася. Аднак жаданне і імкненне працаваць у міліцыі ў рэшце рэшт узяло верх. Атрымаўшы дыплом аб заканчэнні ВНУ, канчаткова прыняла рашэнне змяніць прафесію. Настаў час ісці працаваць у міліцыю. Я палічыла, што чамусьці маруджу, што доўга працягваецца мой “сыход” з педагогікі. Таму стала дзенічаць рашуча. Нарэшце, мая мара збылася. Ад шчасця была, як кажуць, на сёмым небе.
Наталля Трафімук па закліку сэр­ца самастойна выбрала адну з самых важных і адказных прафесій — служыць закону і абараняць правапарадак у краіне. Яна, не шкадуючы сілы, часу, з гонарам і годнасцю выконвае нялёгкія задачы, забяспечваючы спакойнае жыццё маларытчан. Нароўні з пяшчотай і далікатнасцю жанчына ўдала спалучае ў сабе патрабавальнасць і адказнасць за даручаны ўчастак службы. Яна плячом да пляча стаіць у страі з мужчынамі і добрасумленна выконвае абавязкі, ускладзеныя на яе.
Пачынала службу Наталля Тра­фімук у органах унутраных спраў інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх, потым некаторы час працавала старшым інспектарам групы кадраў, а пасля была залічана ў штат крымінальна-выканаўчай інспекцыі.
— Дзейнасць крымінальна-вы­ка­наўчай інспекцыі райаддзела міліцыі — гэта кантроль за выкананнем пакаранняў, не звязаных з пазбаўленнем волі, прафілактычная работа з асобамі, што вярнуліся з месцаў заключэння, — кажа Наталля Трафімук. — Наша інспекцыя займаецца выкананнем прыгавораў суда, якія ўступілі ў законную сілу, у выглядзе папраўчых і грамадскіх работ, абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Вядзем таксама прафілактычную работу з умоўна асуджанымі асобамі, якія знахо-дзяцца пад прэвентыўным наглядам і ў якіх не знята і не пагашана судзімасць. Цяпер на Маларытчыне пражываюць 273 асобы, якія асуджаны да розных тэрмінаў пакарання.
-Наталля Аляксандраўна, як зна­ходзіце агульную мову з такой катэгорыяй грамадзян?
-У асноўным дапамагае вопыт работы. Да кожнага з іх імкнуся знайсці індывідуальны падыход. Усіх асуджаных ведаю асабіста, з некаторымі абавязкова сустракаюся штотыдзень. На ўліку ў нашай інспекцыі стаяць і 37 чалавек, якія маюць абмежаванні волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Многія тэлефануюць, просяць парады, падказкі, не ведаюць, што рабіць у той ці іншай сітуацыі.
Я імкнуся быць патрэбнай, аказваць дапамогу былым асуджаным у іх сацыяльнай адаптацыі да нармальнага жыцця, пошуку працы і прафілактыцы правапарушэнняў у іх асяроддзі. Зразумела, прасцей пасадзіць чалавека за краты, не пакінуўшы яму ніякай надзеі ў выніку выпраўлення і жадання пачаць новае жыццё…
-А як рэагуюць дзеці на пастаянную адсутнасць мамы дома?
— Увесь вольны час імкнуся быць з дачкой Вікай, якая вучыцца ў 5 класе. У мяне з ёю шмат агульных інтарэсаў. А вось сына Івана цяпер бачу рэдка. З гэтага навучальнага года ён стаў курсантам І курса спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў РБ. Свой лёс Іван таксама звязаў з органамі ўнутраных спраў. Дзеці з разуменнем, падтрымкай ставяцца да маёй працы. Я ва ўсім у паўсядзённым жыцці адчуваю надзейнае плячо мужа. Таму мне служыцца лёгка.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Наталля Трафімук з сынам Іванам.

Опубликовано ГЧ № 77 от 5.10.16г.

Добавить комментарий


commercial surrogacy

http://www.kapli.kiev.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!