За мір у свеце, сем’ях, душах…

Мір – у гэтым кароткім слове хаваецца вялікая моц. У абмен на яго аддавалі і аддаюць свае жыцці тысячы людзей. У 300 кропках на нашай планеце і цяпер штодня ідуць баявыя дзеянні. А як важна, каб мір быў паўсюдна: у кожным невялікім горадзе, у сем’ях, у душах людзей. Бо без яго непатрэбным становіцца ўсё: кар’ера, багацце, жыццёвыя выгоды. Таму Міжнародны дзень міру, які з 2001 года адзначаецца 21 верасня, – дзень, які не належыць нікому, але значны для ўсіх нас.
Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру” сумесна з раённым камітэтам ГА “БРСМ”, аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, гарадскім Домам культуры, тэрытарыяльным Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва арганізавалі ў раёне шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню міру. Каб натхніць нашых жыхароў на ўчынкі па захаванні міру, увесь тыдзень з 19 па 25 верасня праводзілі цікавыя мерапрыемствы.

 

Шанаваць свет са школьнай парты

Адкрыўся “Тыдзень міру” інфармацыйнымі гадзінамі, што прайшлі ў школах раёна. Першая гарадская школа прысвяціла мерапрыемству інфармацыйную лінейку, якая сабрала вучняў 3-8 класаў у фае. Да дзяцей звярнулася старшыня раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын. На яе пытанне аб марах школьнікаў кожны вучань, вядома, падумаў аб нечым сваім. Але ўсе гэтыя жаданні змогуць спраўдзіцца, калі на Зямлі не будзе вайны. Ёсць традыцыя пачынаць тыдзень міру ля “Звону міру”. Маленькі званочак, які вучні сімвалічна перадавалі адзін аднаму ў рукі, стаў для дзяцей гукам памяці, міру і радасці. Запалілі вучні і агонь, які сімвалізаваў бессмяротную памяць аб тых, хто загінуў, змагаючыся за мір. А самыя малодшыя школьнікі ў падарунак атрымалі сімвал міру – белых папяровых галубоў (на здымку).
Граматай і падарункам за актыўны ўдзел у жыцці грамадскага аб’яднання старшыня раённай арганізацыі ГА“Беларускі фонд міру” ўзнагародзіла завуча школы Людмілу Ляўчук. Увогуле, тыдзень міру ў школе прайшоў насычана. Дзеці прымалі ўдзел у конкурсе малюнкаў на асфальце, складалі калажы на тэму міру, удзельнічалі ў абмеркаванні праблем міру ва ўсім свеце ў бібліятэцы, наведалі выставу “Пісьменнікі супраць вайны”.

 


Ляціце, галубкі

У Міжнародны дзень міру ля гарадскога Дома культуры сабралося шмат людзей. Калі б з вышыні вы паглядзелі ў той дзень на гэтую пляцоўку, дык пабачылі б шар, які ўтварыўся са школьнікаў, запрошаных гасцей, вядучых з аматарскага тэатральнага калектыву “Шанц”, якім кіруе Вольга Жыльцова, і “дзяцей міру”. Гэтае шаноўнае званне па ініцыятыве Арганізацыі Аб’яднаных Нацый атрымлівае кожны, хто нарадзіўся 21 верасня. У нашым раёне прынята ў дзень нараджэння “дзяцей міру” радаваць іх прыемнымі сюрпрызамі. Сёлета ГА “Беларускі фонд міру” здзяйсняла мары дзвюх хлопчыкаў са шматдзетных сем’яў і “асаблівай” дзяўчынкі Алены Коцелевай. Сабраўшы імяніннікаў на сцэне, старшыня раённай арганізацыі Людміла Бурштын павіншавала ўсіх са святам і пажадала, каб заўсёды панаваў запаветны мір: і дома, і ў школе, і ў сэрцы, а ўсе жаданні спаўняліся, як, напрыклад, у гасцей мерапрыемства. Алена Коцелева – актыўная дзяўчынка, якая любіць маляваць і вязаць. Яе марай быў планшэт, які б не даваў ёй сумаваць, дзе б яна ні знаходзілася. З рук Людмілы Бурштын Алена атрымала жаданы падарунак (на здымку). Хлопчыкі з сямей Катляровых і Луцык таксама атрымалі каштоўныя прыемныя сюрпрызы і ласункі.

“Жыццё чалавека гэтак жа лёгка абарваць, як ранішні сон”, – пранікнёныя словы вядучых прымусілі прысутных задумацца аб тым, якой бывае цана міру. У гэты дзень было б вялікай памылкай не ўшанаваць памяць тых, дзякуючы каму пад цёплым мірным сонейкам мы сустрэлі чарговы дзень міру. Хвіліна маўчання…А за ёй у паветра ўзняліся шары, да якіх прымацавалі вучні папяровых галубкоў, выказаўшы такім чынам свае мірныя намеры ўсяму свету.
У той жа дзень ва ўпраўленні па працы,занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама павіншавалі са святам яшчэ адну імянінніцу – Надзею Васільеўну Харс. У гэтым годзе ёй споўнілася 55 гадоў. Ва ўрачыстай атмасферы настаўніцу ўшанаваў калектыў упраўлення, а яго начальнік, Ірына Федчык, з найлепшымі пажаданнямі і ўдзячнасцю за шматгадовую добрую працу ўручыла пенсійнае пасведчанне (на здымку). Падарункам заахвоціла Надзею Васільеўну і раённая арганізацыя ГА “Беларускі фонд міру”.

 

Калі ў сям’і крызіс

Вайна – гэта страшна, але не меншы жах бярэ, калі “баявыя дзеянні” адбываюцца на “сямейным рубяжы”, у месцы, дзе чалавек павінен знаходзіць спагаду, цеплыню і шчасце. Для таго, каб ахвяры насілля ў сям’і маглі знайсці часовы прытулак у бяспечным месцы, тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва адкрыў крызісны пакой. Ён абсталяваны ўсім неабходным для жыцця – ёсць тут месца для адпачынку і харчавання.
— Грошы на рамонт і абсталяванне пакоя былі выдзелены з бюджэту раёна. Дапамаглі зрабіць яго ўтульным спонсары – прадпрымальнікі Васіль Калінічэнка і Вольга Турбіна. Касметычны рамонт з частковай заменай сантэхнічнага абсталявання сваімі сіламі рабіў калектыў Цэнтра, сацыяльныя работнікі аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання, — расказала дырэктар установы Людміла Алесік.
Каб зрабіць часовае пражыванне ахвяр насілля больш камфортным, у рамках святкавання Міжнароднага дня міру, раённай арганізацыяй ГА “Беларускі фонд міру” ў крызісны пакой былі закуплены камп’ютарны стол і стул. Уручыла падарунак дырэктару Цэнтра старшыня раённай арганізацыі Людміла Бурштын (на здымку). Яна пажадала, каб, нягледзячы на добрую абсталяванасць пакоя, ён заўсёды заставаўся незапатрабаваным, каб сем’і раёна жылі мірна і ніколі сэрцы людзей не былі напоўнены агрэсіяй і горыччу крыўд.

 

Конкурс плакатаў

“Наш мір на зямлі завешчана берагчы”- пад такой назвай-лозунгам правялі конкурс плакатаў раённы камітэт ГА “БРСМ” і тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў навучальных установах горада. Адгукнуліся на заклік прыняць удзел у конкурсе і праз малюнкі выказаць свае адносіны да паняцця “мір” 8 вучняў. Лепшых арганізатары адзначылі граматамі і падарункамі. Гледзячы на плакаты, не даводзіцца сумнявацца, што дзеці разумеюць каштоўнасць міру. Блакітны зямны шар, які аб’ядноўвае кантыненты, нацыі, расы, квітнеючыя сады, людзі, якія трымаюцца за рукі, – усё гэта мір у свядомасці школьнікаў. Лепшым быў прызнаны плакат Кірыла Петрычэнкі, дыпламантам другой ступені стаў Андрэй Алесік. А за трэцяе месца была ўзнагароджана Елізавета Крысіна.
— Мы ўдзячны ўсім, хто прыняў удзел у конкурсе, — гаварыла, віншуючы пераможцаў, Таццяна Сацюк, загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. – Журы конкурсу спадабаліся вашы адносіны да міру на нашай Зямлі. З такой жыццёвай пазіцыяй мы зможам захаваць свет квітнеючым для нашых нашчадкаў.

 

Дружная, спартыўная сям’я

Свет пачынаецца з сям’і. Калі сям’я шчаслівая, дружная – тады і кожны дзень у радасць. Вечар пятніцы для 9 маладых сем’яў маларытчан, чые дзеці першакласнікі школ горада, выдаўся надзвычай актыўным, спартыўным і вясёлым. Яны сталі ўдзельнікамі спартландыі “Тата, мама, я – спартыўная сем’я”, якую арганізавалі раённы камітэт ГА “БРСМ” і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Сем’і на працягу амаль 2 гадзін удзельнічалі ў розных эстафетах. Дарослым давялося ўспомніць свае школьныя гады і дружна ўдзельнічаць у спартыўных выпрабаваннях: скакаць з месца, бегаць, скакаць з мячом, у мяшку, на скакалцы, адціскацца і кідаць шары ў кошык. Матулі былі спрытныя, дзеці — хуткія, а таты, зразумела, моцныя. Дух спаборніцтва не пакідаў спартыўную залу раённай гімназіі ўвесь час. У гэтым дапамагалі і групы падтрымкі са школ, якія добра падбадзёрвалі сямейныя каманды. Пераможцам спартакіяды стала сям’я Ківачукоў, якая прадстаўляла другую гарадскую школу (на здымку). На другую ступень п’едэстала ўзнялася сям’я Ляўша, што выступала ад першай гарадской школы, прызёрам спартландыі стала сям’я Сезікаў ад раённай гімназіі. Удзячнасць за ўдзел у спаборніцтвах атрымалі сем’і Федарукоў, Букацюкоў, Ярэзька, Пстыга, Карпінчыкаў, Слуцкіх. Пераможцаў і ўдзельнікаў спартландыі заахвоцілі падарункамі, медалямі, кубкамі раённая арганізацыя ГА “Беларускі фонд міру”, аддзел адукацыі, спорту і турызму і раённы камітэт ГА “БРСМ”.

 

Маладосць, каханне, згода…

Тыдзень міру прайшоў на Маларытчыне маштабна. Не менш насычанымі выдаліся і выхадныя. Важная падзея ў жыцці кожнага чалавека – утварэнне сваёй сям’і. Раённая арганізацыя ГА “Беларускі фонд міру” не магла не ўшанаваць у святочны тыдзень маладыя пары, якія заключылі шлюб. А першы крок у сямейнае жыццё зрабілі 24 верасня 3 маладыя пары. Сем’і Юрыя і Ганны Аёвіч (на здымку), Дзяніса і Ганны Герасімук, Ягора і Ганны Куц у час урачыстых цырымоній заключэння шлюбу прымалі віншаванні і падарункі ад старшыні раённай арганізацыі Людмілы Бурштын.
Завяршыў мерапрыемствы “Тыдня міру” адкрыты аматарскі турнір па тэнісе, які прайшоў на кортах універсальнага спартыўнага цэнтра “Жамчужына”.

Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 77 от 5.10.16г.

Добавить комментарий


цена жмыха
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!