Параднёныя песняй

Схільна лічыць: прыроджаны прыгожы голас і добры музычны слых — не заўсёды гарантыя таго, што ты абавязкова некалі выйдзеш на сцэну. А калі яшчэ побач не акажацца людзей, якія здольны будуць распазнаць у табе талент спевака, і не падштурхнуць цябе, каб ты раскрыў яго, можаш не разлічваць, што ён калі-небудзь сам у цябе праявіцца. Не ўпэўнена, што так не было б з жанчынамі, якія цяпер спяваюць у ансамблі “Рытчанка” Вялікарыцкага сельскага Дома культуры, калі б не дырэктар і мастацкі кіраўнік гэтай культустановы Таццяна Рубель і Валянціна Ярашук. 

Як ініцыятыўныя работнікі і ўмелыя арганізатары, 10 га­доў таму назад яны і сабралі вакол сябе такіх жа аматараў песні і фальклору. Ды й не толькі сабралі, але і згуртавалі. І цяпер ансамбль — адна дружная сям’я, у якой кожны прадстаўнік яе мае свой сацыяльны статус, свае звычкі, захапленні, мае свой характар, адыгрывае сваю ролю, але праследуе агульную мэту — хваляваць сэрцы іншых.
Ірына Наркевіч, дырэктар Велікарыцкай школы, Любоў Гаўрылюк, завуч, Свят­­лана Лой­ка, загадчыца гаспадаркі, Святлана Дзе­мянюк, загадчыца дзіцячай дашкольнай установы, Юлія Хевук, загадчыца гаспадаркі гэтай жа ўстановы, Людміла Шынкарук, работнік мясцовай бальніцы, Таццяна Капля, Ганна Мартынюк і Кацярына Масюк — пенсіянеры. І калі апошнія, як гаворыцца, людзі ўжо вольныя, першыя — усе пры сваіх справах. Прычым, вельмі адказных. Але тым не менш, жанчыны знаходзяць час пастаянна хадзіць і на рэпетыцыі, і выступаць на канцэртах (а іх рыхтуюць да кожнага свята), і павіншаваць сваіх землякоў са значнымі падзеямі ў жыцці. Ды і не проста словамі, але і развесяліць душу песнямі, што былі папулярныя ў гады іх маладосці. А калі да гэтага дадаецца шчыры расказ пра значныя вехі жыцця чалавека, ён так расчульваецца! Гэта яшчэ больш натхняе самадзейных артыстаў. І тады ім хочацца зноў і зноў прыдумаць нешта новае. Зрэшты, канцэртныя праграмы ў ”Рытчанкі” не паўтараюцца. Хіба што па просьбах слухачоў яны могуць паўтараць любімыя імі песні. А звычайна падбіраюць у рэпертуар новыя.
— Песня ачышчае чалавека, збліжае людзей, — пераканана дырэктар Дома культуры Таццяна Рубель.
І гэта бясспрэчна. Удзель­ніцы ансамбля, як гаварылі яны самі, часта збіраюцца ў сельскай установе культуры не толькі на рэпетыцыі, але і каб падзяліцца адна з адной сваім набалелым альбо ра-зам парадавацца. Каму яшчэ раскрыеш душу так, як не чалавеку, які блізкі табе па духу. А ўдзельніцы ансамбля, як мы пераканаліся ў час сустрэчы, сапраўды, як родныя.
— Прыходзім на рэпетыцыі,-гаварыла Валянціна Ярашук,-і абавязкова нехта нешта з прыга­таваных новых страў прынясе. Заадно і кулінарныя здольнасці яго ацэнім. У некага, як у Святланы Лойка, выходзяць арыгінальныя торты, у некага, як у Кацярыны Масюк, уласна прыгатаваны сыр.
— А дні нараджэння,—дадае Валянціна Ярашук.- Думаеш, ну не буду адзначаць, дата ж не такая важная. Але дзе там! Прыйдуць жа дзяўчаты, абавязкова павіншуюць. І як тут зноў не сабрацца ўсім разам!
— Ёсць у ансамблі і старэйшыя, і маладзейшыя,-працягвала Таццяна Рубель.-Але мы знаходзім агульную мову. Нам усім разам вельмі цікава. Ды і навучыцца многаму можна ў іх, старэйшых, мудрых. Яны ж больш чаго ў сваім жыцці бачылі.
Ну, а што датычыць артыстычных асаблівасцяў, дык і імі захапляе і запамінаецца кожная з удзельніц ”Рытчанкі”. Скажам, нікому так не ўдаецца роля вядучых, як Ірыне Наркевіч і Любові Гаўрылюк. Святлана Дземянюк і Святлана Лойка незаменныя, калі трэба выконваць ролі тэатральных акцёраў. Ніхто так артыстычна не прачытае вершы і не перадасць змест баек, сатырычных куплетаў, як Ганна Мартынюк. Не параўнальныя ні з кім у манеры выканання фальклору Кацярына Масюк і Таццяна Капля.
— Давайце, дзяўчаты, нашу любімую,- прапаноўвае Таццяна Мікалаеўна,-“Бабіна лета”. І першыя, і другія альты, сапрана зліваюцца ў адзін зладжаны прыгожы гук, які заварожвае, ускалыхвае ду­шу. І запамінаюцца словы песні: ”Мы — душою молодые, мы же женщины — хоть куда!» Слу­хаеш і думаеш: ”Гэта і пра іх, удзельніц ансам­бля ”Рытчанка”.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: удзельніцы ансамбля ”Рытчанка” Вяліка­рыцкага сельскага Дома культуры.
Фота з архіва.

Опубликовано ГЧ №  78            8.10.16г.

 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


biceps-ua.com/

www.steroid-pharm.com

best-cooler.reviews/