Да Дня настаўніка – падзякі і ўзнагароды

1290 членаў аб’ядноўвае раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. У кожнай з 35 пярвічак ідзе сваё цікавае прафсаюзнае жыццё. Актыўнасць членаў прафсаюза не застаецца незаўважанай. Нагодай для таго, каб у чарговы раз выказаць падзякі тым, хто сваёй творчасцю, неабыякавасцю перадае іншым зарад актыўнасці, стала прафесійнае свята – Дзень настаўніка. Напярэдадні яго ў зале Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшло пашыранае пасяджэнне прэзідыума раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і ўрачыстае віншавальнае мерапрыемства.

Дзень настаўніка – гэта свята асаблівае, яно закранае кожнага чалавека, кім бы ён ні быў: урачом, музыкантам, эканамістам, праграмістам. Бо ён, як заўважала, він­шуючы ўсіх, вядучая праграмы Ала Шабогіна, перш за ўсё чыйсці былы вучань. Кожны настаўнік заслугоўвае добрых слоў. А тыя, хто аддае справе ўсяго сябе і імкнецца свет вакол зрабіць больш цікавым, а жыццё калег насычаным разнастайнымі падзеямі і яркімі фарбамі, – яшчэ і ўзнагарод. Іх з рук старшыні райкама прафсаю­за работнікаў адукацыі і на­вукі Тамары Бурштын атрымалі многія ўдзельнікі мерапрыемства. Старшыні пярвічных арганізацый Таццяна Міхайлаўна Бягеза, сацыяльны педагог Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Галіна Андрэеўна Алесік, настаўніца Ланской сярэдняй школы, і Ніна Іванаўна Чарнак, настаўніца Мельніцкай базавай школы, за актыўны ўдзел у дзейнасці галіновага прафсаюза, значны асабісты ўклад у рэалізацыю статутных задач, работу па абароне працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза заслужылі Ганаровыя граматы Брэсцкага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. За прафесіяналізм, творчы падыход да работы, уменне прымаць мудрыя і нестандартныя рашэнні Ганаровымі граматамі раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі былі ўзнагароджаны Алена Сцяпанаўна Пацяюк, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Замшанскага вучэбна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад-сярэдняя школа, Ірына Канстанцінаўна Тарасюк, настаўніца Лукаўскай СШ, Галіна Іванаўна Сахарчук, дырэктар Арэхаўскай СШ. Ушанавалі ў час святочнай сустрэчы і пераможцу раённага этапа конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі” Розу Іванаўну Данілевіч з Пажэжынскай школы. А яна пазнаёміла ўсіх са сваёй творчасцю – цудоўнымі карцінамі з салёнага цеста. Граматы былі ўручаны і пераможцам I этапа Рэспубліканскага конкурсу на лепшае інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці праф­саюзных арганізацый “ПроДВИЖЕНИЕ — 2016”: прафсаюзным арганізацыям Замшанскага, Гвозніцкага вучэбна-педагагічных комплексаў, а таксама ясляў-сада № 1 і раённай гімназіі.
Не абышоў увагай раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і тых, хто не толькі сее ў душах дзяцей добрае, разумнае, вечнае, але і дапамагае ў час свайго летняга водпуску збіраць ураджай на палях раёна. Уладзімір Фёдаравіч Нікалаюк, настаўнік фізічнай культуры Пажэжынскай СШ, і Наталля Юр’еўна Ківачук, настаўнік-дэфектолаг Олтушскага дзіцячага сада, расказвалі ўдзельнікам сустрэчы аб тым, як пакарылі камбайн і прайшлі добрую школу хлебароба.
Асобная старонка сустрэчы была прысвечана педагогам-ветэранам. Словы падзякі за шматгадовую педагагічную працу атрымлівала настаўніца другой гарадской школы Зінаіда Віктараўна Кулічык. Ёй было ўручана пасведчанне аб занясенні ў 2016 годзе ў Кнігу Гонару Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
У завяршэнні сустрэчы невычарпальнай энергіі і плёну ў рабоце пажадала педагогам намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Юлія Крэнь. Ад прафсаюза педагогі атрымалі кветкі. Абмяняцца ўражаннямі і павіншаваць са святам сваіх калег удзельнікі сустрэчы маглі ў час чаяпіцця.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час святочнай сустрэчы.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 78     от 8.10.16г.

Добавить комментарий


http://etalon.com.ua

система автополива газона

https://vorteleather.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!