Матуля, класны спецыяліст і проста прыгажуня

Гэта ўсё пра цудоўную маладую жанчыну,
тэхніка-асемянатара СВК «Рыта» Кацярыну Дублянін

Упершыню ўбачыла яе гады два таму на абласным семінары па жывёлагадоўлі, які праходзіў у раёне на базе СВК “Рыта”. А дакладней, на новым комплексе МТФ-765, дзе яна працуе тэхнікам-асемянатарам. А паколькі размова на тым семінары вялася не толькі пра вытворчасць малака, але і пра іншыя накірункі дзейнасці жывёлагадоўчай галіны, то Кацярыне давялося тады даваць адказы на пытанні яго ўдзельнікаў, якія тычыліся і яе работы непасрэдна. Адразу зазначу, што іспыт на адпаведнасць займаемай пасады яна вытрымала годна. І выхад цялят на той час у яе быў адзін з лепшых у раёне…
А пачалося ўсё з аб’явы ў Столінскай раённай газеце “Навіны Палесся”: менавіта ў гэтым палескім краі,у вёсцы Рубель, яна нарадзілася і жыла да 2007 года. У калонцы аб’яў разам з мужам яны знайшлі тое, што ў корані змяніла іх жыццё. Праўда, ні Каця, ні яе другая палавінка, растаўчанін Адам Дублянін, ніколі раней не бывалі на Маларытчыне. Але гэта не стала перашкодай для іх пераезду ў СВК “Рыта”, якому на пастаянную работу патрабаваліся аператары машыннага даення кароў. На рашэнне Дублянінаў, відаць, паўплывала і тое, што ў “агурковай” краіне, як называюць яшчэ Століншчыну, акрамя ўласнай цяплічнай гаспадаркі, цяжкавата з работай. А тут, акрамя СВК, якому неабходны работнікі, і Брэст непадалёку, і райцэнтр.
Так ці інакш, але ў 2007 годзе маладая сям’я пераязджае ў Вялікарыту. Кіраўніцтва гаспадаркі, як і абяцала, забяспечыла Дублянінаў работай і жыллём у Печках. Кацярына працавала даяркай, а яе муж – пастухом.
Даручаную работу стара­ліся выконваць толькі на добра і выдатна, што не засталося незаўважаным у кіраўніцтва сельгаскааператыва. І праз пэўны час старшыня гаспадаркі прапанаваў Адаму Дубляніну паехаць у Віцебскую ветэрынарную акадэмію на месячныя курсы тэхнікаў-асемянатараў. Пасля іх заканчэння і 2 месяцаў практыкі,нядаўні пастух, газаэлектразваршчык па прафесіі, паспяхова здаў экзамен і стаў працаваць па набытай спецыяльнасці. У хуткім часе работай мужа зацікавілася і Кацярына, якая штодзень на ферме знаходзілася побач з ім. А пасля і сама навучылася асемяняць кароў: 2 гады працавала даяркай-асемянатарам. І ўсё ў яе атрымлівалася, і выхад цялят быў добры. А ўсё таму, што работу сваю выконвала і выконвае з любоўю і прафесіянальна. Разам з мужам пастаянна ўдзельнічае ў раённым конкурсе тэхні­каў-асемянатараў і заўжды становіцца яго прызёрам. Не прамінула і сёлетні, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў водпуску па догляду за дзіцяці да 3-х гадоў. І заняла другое месца ў намінацыі “Асемяненне кароў”. Акрамя гэтага Кацярына паспяхова займаецца на завочным аддзяленні Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, дзе набывае прафесію заатэхніка.
Але маладая жанчына адбылася не толькі як класны спецыяліст. Кацярына Дублянін пяшчотная і ласкавая матуля траіх дзяцей: 13-гадовага Арцёма, 8-гадовага Данііла і 10-месячнай дачушкі Дашкі, якая без мамы нікуды. Дружная сям’я цяпер жыве ўжо ў сваім уласным дыхтоўным доме, які 6 гадоў таму выдзеліла ім гаспадарка, у Вялікарыце. У ім, як і на рабочым месцы гаспадыні, паўсюль парадак і чысціня. А яшчэ, і гэта галоўнае, у доме пануюць узаемаразуменне і павага, у кожным яго куточку прысутнічаюць утульнасць, цеплыня і любоў. Ці не шчасце гэта, аб якім мараць многія жанчыны, а знахо-дзяць далёка не ўсе?..
Надзея ЯЦУРА.

На здымку: для 10-месячнай Дашкі Кацярына Дублянін проста мама – самая добрая і пяшчотная на свеце.

Фота Алега
Крэмянеўскага.

Опубликовано ГЧ № 79 от 12.10.16г.

 

Добавить комментарий


granit-sunrise.com.ua/bordyury

https://13.ua/

www.proffitness.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!