“У садзе, агародзе і на кніжнай паліцы”

У апошні час садаводствам і агародніцтвам заняліся многія. На прысядзібных участках трывала “прапісаліся” і паспяхова растуць не толькі агуркі, таматы, пацісоны, кабачкі, балгарскі перац, але нават баклажаны і цеплалюбівыя кавуны. Садаводамі і агароднікамі сталі людзі розных прафесій. Рабоце на прысядзібным участку яны аддаюць шмат часу, сіл, але далёка не заўжды знаёмыя з асновамі агратэхнікі вырошчвання раслін, а таму і дапускаюць розныя памылкі. Дапамагчы вяскоўцам запоўніць прабелы ў ведах вырашыла Олтушская бібліятэка. Тут у час збору ўраджаю з’явілася выстава “У садзе, агародзе і на кніжнай паліцы”. Літаратура, змешчаная на ёй, дазволіла знайсці аматарам агародніцтва адказы на самыя розныя пытанні: як абуладкаваць свой прысядзібны ўчастак, рацыянальна выкарыстоўваючы яго невялікую плошчу, што, калі і як высаджваць у садзе і агародзе, як даглядаць за раслінамі, каб атрымаць багаты ўраджай, а яшчэ, як захаваць да наступнай вясны ўсё, што падарыла прырода і прыгатаваць з садавіны і гародніны смачныя і карысныя стравы.
Асаблівы каларыт выставе кніг дадала паліца з дарамі восені. Перцы, кукуруза, кавуны, гарбузы, вінаград, яблыкі, грушы і многая іншая садавіна і гародніна, якую бібліятэкару Галіне Шахрай дапамаглі сабраць чытачы Лідзія Назарук і Ніна Мікітчук, былі не толькі ўпрыгожаннем кніжнай выстаўкі, але і гасцінцам для чытачоў.
Літаратурай па садаводству і агародніцтву, як расказвае Галіна Якаўлеўна, цікавяцца многія. Але кнігі, якія стаяць на стэлажах, не заўжды заўважыць чытач. А вось калі арганізавана выстаўка ды яшчэ аформлена прыгожа, з густам, яе не абміне ні адзін наведвальнік бібліятэкі. Пагартаўшы часопісы, кнігі, многія знаходзяць вельмі цікавыя парады, карысныя падказкі. І, прачытаўшы адну кнігу, спяшаюцца за іншай, з якой пазнаёміла выстаўка.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: бібліятэкар Галіна Шахрай знаёміць з кніжнай выставай.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 79 от 12.10.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.