Каштоўнейшы дар — мацярынства

Дзень маці – адно з самых светлых і любімых свят. У гэты дзень мы спяшаемся дадому с кветкамі, падарункамі, віншаваннямі, самымі прыгожымі словамі, каб убачыць пяшчотную ўсмешку матулі, і ад гэтага самі становімся самымі шчаслівымі. Традыцыйна шчырыя словы для матуль Маларытчыны гучаць і са сцэны гарадскога Дома культуры. Жанчыны розных узростаў, прафесій збіраюцца разам, каб стаць удзельнікамі віншавальнай праграмы. 

Дзень маці ў нашай краі­не сёлета адзначаўся ў юбілейны, 20 раз.
Выказаць удзячнасць, па­віншаваць са значным для грамадства і кожнай сям’і святам завітаў на мерапрыемства старшыня райвыканкама Мікалай Шум. Разам з цёплымі він­шаваннямі Мікалай Мі­калаевіч адзначыў, што сацыяльная палітыка краі­ны накіравана на падтрымку сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей:
— У нашым раёне 69 сем’ям сёлета назначаны сямейны капітал. Больш за 900 чалавек з’яўляюцца атрымальнікамі адраснай сацыяльнай дапамогі, 510 шматдзетных сем’яў атрымалі дапамогу для падрыхтоўкі да навучальнага года. У цэлым на розныя віды дапамог для сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці, накіроўваецца больш за 300 тысяч (дэна­мінаваных – заўвага аўтара) рублёў.
Самыя шчырыя словы падабраў старшыня, каб павіншаваць матуль, якія, згодна з Указам Прэ­зідэнта, атрымалі ордэны Маці. Ён адзначыў, што ардэнаносных матуль ця­пер у раёне круглая лічба – 80, і пажадаў, каб іх коль­касць хуткімі тэмпамі ўзрастала.
На сцэну, каб атрымаць з рук Мікалая Шума ганаровую для жанчын-маці ўзнагароду, падняліся чатыры жыхаркі раёна. У кожнай з іх свая гісторыя мацярынства, але аб’ядноўвае ўсіх адно – бязмежная любоў да дзяцей, якая дапамагае не заўважаць цяжкасці, аддаваць ўсе свае сілы, пяшчоту, клопат адзінай мэце – выхаванню дзяцей. У маларытчанкі Валянціны Вітальеўны Луцык — пяцёра дзяцей і ўжо двое ўнукаў. Любві і цеплыні яе вялікага сэрца хапае на ўсіх. У сям’і Лідзіі Міхайлаўны Яльніцкай – чацвёра сыноў, двое з якіх ужо студэнты, а зусім нядаўна сям’ю азарыла шчасце – маленькая дачушка. Чацвёра сыночкаў і лапачка дачка і ў сям’і Таццяны Васільеўны Шаўковіч. З маленства марыла мець пяцёра дзетак Таццяна Васільеўна Абрамчук з в. Дворышча. Але ў яе вялікай сям’і цяпер тры дачкі і трое сыноў, якія для матулі сэнс жыцця.
Начальнік аддзела ЗАГС Наталля Камянчук, він­шуючы ўсіх матуль у зале, падзялілася прыемнымі статыстычнымі лічбамі. Так, за 9 месяцаў года лік жыхароў раёна папоўніў 251 маленькі чалавечак. 178 дзетак было зарэгістравана ў горадзе і 73 — у сельскай мясцовасці. Большасць з народжаных – 144 – хлопчыкі. З пачатку года на Маларытчыне з’явілася на свет пяць двойняў. Першае дзіця ашчаслівіла 77 сем’яў. Шматдзетнымі сталі 50 сем’яў. У 21 сям’і з’явілася на свет чац­вёртае дзіця, у 4 – пятае, у 3 – шостае і ў 1 – восьмае.
На святочную сцэну запрасілі выйсці і жанчын, якія 14 кастрычніка з’явіліся на свет. Запрошаныя госці – Настасся Сядова, Марыя Яцура, якія прымалі віншаванні і падарункі ад благачыннага прыходаў Маларыцкай акругі айца Віктара, гаварылі аб тым, што дзень нараджэння ў такое вялікае праваслаўнае свята і Дзень маці абавязвае іх да многага, перш за ўсё, быць добрымі матулямі і ахоўніцамі свайго сямейнага ачага. Наталля Вашчанчук у гэты дзень стала мамай, таму 14 кастрычніка ў сям’і – трайное свята. Наталля адзначыла, што самы лепшы падарунак на Дзень маці – дачушку – ёй падарыў ужо лёс.
Напярэдадні свята раённы камітэт грамадскага аб’яднання “БРСМ” правёў конкурсы сачыненняў і малюнкаў. Лепшыя работы можна было пабачыць у зале, а ўрыўкі з сачыненняў, у якіх не па гадах мудрая дзетвара раёна дзеліцца думкамі аб важнасці мацярынства, для прысутных агучыла вядучая Вольга Жыльцова. Граматамі і падарункамі павіншавалі іх з перамогай першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Надзея Пстыга і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын.
Шмат светлых, шчырых пажаданняў прагучала ў гонар жанчын-матуль. Жадалі шчасця і дабрабыту, быць прыкладам для дзяцей і ўнукаў, каб сем’і раслі і станавіліся шматдзетнымі, а сэрцы поўніліся цеплынёй і любоўю. Сваю творчасць прысутным дарылі таленавітыя мамы Вікторыя Ляўчук, Яўгенія Наўрасюк, Кацярына Джур, Лідзія Чуль, Алена Палівода, а таксама вакальны калектыў “Cool kids”, танцавальная харэаграфічная група ўсходняга танца і мужчынскі творчы калектыў ГДК.
Прыемным завяршэннем святочнай праграмы стала акцыя “Цяпло сэрцаў для нашых мам”. Моладзь ГА “БРСМ” падарыла ўсім прысутным кветкі з паветраных шароў.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымку: у час святочнай праграмы.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 81 от 19.10.16г.

Добавить комментарий


http://artma.net.ua

http://pills24.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!