Далёкае мінулае — у дакументах

Абноўлены музей Олтушскай сярэдняй школы адкрыў свае дзверы для экскурсій у маі мінулага года. За год яго работы з цікавымі экспазіцыямі, прысвечанымі Вялікай Айчыннай вайне і ўдзелу былых выпускнікоў школы ў баявых дзеяннях у Афганістане, змаглі пазнаёміцца больш за 1000 школьнікаў. Нядаўна ў музеі з’явілася яшчэ некалькі цікавых раздзелаў. Цяпер кожны, хто прыходзіць сюды на экскурсію, з захапленнем знаёміцца з новымі экспанатамі, дакументамі, што звязаны з далёкім мінулым вёскі Олтуш.

Аддзел, які прысвечаны першабытнасці, сабраў элементы розных рэчаў, якія знайшлі вучні школы ў час пошукавых паходаў. Гэтыя экспанаты прайшлі экспертызу ў Акадэміі навук, была дадзена характарыстыка рэчаў.
— “Першабытнасць” – шы­рокі раздзел у вучэбнай гісторыі. Вывучаецца ён у 5-6 класах, калі для засваення ведаў вельмі пажадана наглядная падача матэрыялу. Калі пасля прачытанага дзеці яшчэ маюць магчымасць патрымаць першабытныя рэчы ў руках, значна ўзрастае каштоўнасць урока і эмацыянальнасць падачы матэрыялу, — заўважае Кацярына Алесік, настаўніца гісторыі, стваральнік музея.
Папоўніліся экспазіцыі і раздзелам “Спаса-Праа­б­ражэнская царква”. Матэрыялы на гэтую тэму былі сабраны зусім не выпадкова. Усё жыццё чалавека з моманту з’яўлення пісьменства было звязана з царквою. Ранняя гісторыя Олтуша – не выключэнне. Але адшукаць та­кія матэрыялы, як адзначае Кацярына Якаўлеўна, было б немагчыма без садзейнічання сённяшняга свяшчэнніка Олтушскай царквы айца Уладзіміра і дачкі былога святара Паўла Пашкевіча – Людмілы Сіланюк.
— Перад людзьмі часта стаіць выбар: што зрабіць з матэрыяламі і рэчамі, якія звязаны з асабістай гіс­торыяй — пакінуць дома, дзе, на жаль, дакументы часта проста знікаюць бясследна, альбо перадаць у музей? Кожны вырашае сам, — разважае, расказваючы пра стварэнне новых экспазіцый, Кацярына Алесік.
У час пошукавых работ, калі школьнікі наведвалі вяскоўцаў, удалося сабраць многія важныя і цікавыя дакументы. У экспазіцыі прадстаўлены матэрыялы з пачатку ХІХ стагоддзя. Гэ­та і выпіска аб шляхецкім паходжанні самага вядомага ў мясцовасці рода свяшчэннікаў Паўловічаў. У спісе 6 чалавек, якім сан свяшчэнніка перадаваўся ў спадчыну. І кніга шлюбных вобыскаў, у якой многія жыхары вёскі знаходзяць прозвішчы сваіх продкаў, Тут і фотаздымак пачатку ХХ стагоддзя святара Лагонды, і пісьмо, якое даслаў нашчадак свяшчэннаслужыцеля Нікольскага, які служыў у царкве напярэдадні першай Сусветнай вайны. Асобная старонка раздзела прысвечана свяшчэнніку Паўлу Пашкевічу, які быў на чале прыходу ў перыяд ганенняў, пасля Вялікай Айчыннай вай­ны. Багаты матэрыял пра­даставіла дачка святара. Узбагацілі экспазіцыю падсвечнікі, абразы і многія дакументы, якія перадаў музею сённяшні свяшчэннік Уладзімір Страха.
Хутка ў музеі з’явіцца раздзел, прысвечаны Першай сусветнай вайне і жыццю вёскі пры Польшчы. Сярод экспанатаў гэтага раздзела – гільза 1915 года, якую знайшлі ля вёскі Дворышча. Яна, як паказала навуковае даследванне, факт таго, што ў гэтых мясцінах праходзіў фронт. Сярод дакументаў таксама бланк гміны, пасведчанні асобы, пашпарты, дакументы на зямлю, грошы таго часу.
Асаблівы каларыт музею надасць этнаграфічны куточак, над стварэннем якога пэўны час працуюць энтузіясты музейнай справы Кацярына Алесік, Вячаслаў Зезюковіч і Іван Барташук. Мэта стваральнікаў куточка, які аформлены пад старажытную вясковую хатку, даць кожнаму дзіцяці ўяўленне аб тым, якім было жыллё і побыт іх прадзедаў.
У музеі Олтушскай школы любяць бываць вучні. Тут праходзяць многія ўрокі. Каштоўнасць музея ў тым, як адзначае адзін з яго стваральнікаў Вячаслаў Зезюкоў, што з жыццём вёскі ён знаёміць праз прызму выпускнікоў школы. А таму музей запатрабаваны, але менавіта для олтушскіх жыхароў. Музеі ёсць і ў многіх іншых школах раёна. Шкада, як адзначае Вячаслаў Мікалаевіч, што яны застылі ў 80-х гадах, не абнаўляюцца, хоць сёння ёсць магчымасць надаць старым дакументам новае жыццё. А музеі ў тых школах, якія закрыліся, увогуле цяпер нікому не патрэбныя. Цікавыя ж экспанаты, якія ёсць у іх, маглі б быць запатрабаваныя ў раённым музеі, калі б такі ўдалося адкрыць. Але гэта пакуль толькі мара.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Вячаслаў Зезюкоў і Кацярына Алесік расказваюць пра цікавыя экспанаты музея.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 81 от 19.10.16г.

Добавить комментарий


узнать больше yarema.ua

https://np.com.ua

http://thailand-option.com/neteller-net-card/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!