Мае гадаванцы — важаняты

Хоць лета ўжо даўно ў мінулым, але мне яно запомнілася адной вельмі павучальнай і цікавай гісторыяй.

На канікулах я гасціла ў бабулі ў горадзе Маларыта. Днём мне даводзілася даглядаць за маленькімі куранятамі, сачыць, каб на іх не нападалі каты. Кураняты былі і ў нашых суседзяў. Раптам маленькія птушкі пачалі прападаць. Мы ўсе ўзяліся шукаць “злачынцу”. І ёю, як высветлілася, была вожычыха (хоць гэта вельмі дзіўна для цэнтральнай часткі горада, дзе жыве мая бабуля). Жывёліна трапіла ў капкан да суседкі. Яе акуратна дасталі і вывезлі ў лес. Але назаўтра ў той жа капкан трапіў вожык. Яго адвезлі ў той жа лес. Ніхто ж і не думаў, што ў хляве, у саломе схаваны важаняткі. Мы, дзеці, знайшлі іх, калі гулялі ў хованкі.
Маленькія жывёлінкі, а іх было шасцёра – дзве “дзяўчынкі” і чацвёра “хлопчыкаў”, засталіся без бацькоў. А значыць, трэба было нам узяць на сябе догляд за важанятамі, якія самастойна не выжылі б, бо не ўмелі здабываць ежу. Мы паклалі іх у скрынку з саломай, налілі малака. Я пачала весці дзённік назіранняў, у якім вырашыла запісваць усе змяненні, звязаныя з маімі гадаванцамі. Першапачатковая вага важанят была 101-102 грамы, даўжыня цела — 10-11 сантыметраў. У інтэрнэце я адшукала патрэбную мне інфармацыю. Як аказалася, пры захаванні пэўных правілаў даглядаць за гэтымі маленькімі жывёлінамі можна і ў хатніх умовах. Праўда, гэта зусім не проста. Бо вожык – лясны жыхар, драпежнік.
Важаняты пражылі ў нас амаль тры тыдні. Кожны дзень трэба было мяняць ім подсціл, шукаць разнастайны корм, каб потым яны маглі “пазнаць” яго ў прыродзе. Мы давалі ім спачатку малако, потым лісты трыпутніку, ялавічыну і нават слімакоў, якіх знаходзілі ранкам пасля дажджу. У гэтых клопатах мне дапамагалі бабуля і малодшая сястра Марынка.
Цэлымі днямі важаняты спалі. Каб іх не пакрыўдзілі каты і сабака, скрынку з імі мы выносілі на сонейка пагрэцца і заносілі назад у хлеў. Хоць гэта займала шмат часу, але адступаць не было куды. Прыняўшы рашэнне пакінуць жывёлін дома, папрасіўшы аб гэтым бацькоў і бабулю, я ўзяла на сябе адказнасць і павінна была трымаць слова.
Але прыйшоў час развітвацца з маімі важанятамі. Трэба было адпускаць іх у лес. За час, што правялі яны з намі, жывёліны сталі жвавымі, хутка бегалі па траве, што нават злавіць іх было цяжка. Яны навучыліся есці разнастайную ежу. Ды і калючкі ў іх сталі вострымі, без пальчатак браць іх у рукі было небяспечна. Праўда, двое важанят не выжылі, бо былі вельмі слабыя. Гэта азмрочыла настрой. Але я згадзілася з довадамі дарослых – і ў прыродзе не ўсе дзіцяняты выжываюць, слабыя, як правіла, гінуць. На тое і ёсць натуральны адбор.
Чатырох важанят, якія падраслі, тата дапамог мне завезці ў той жа лес, куды мы адвезлі вожыка і вожычыху. Як толькі мы паклалі скрынку з імі на зямлю, важаняты адразу выпаўзлі, абнюхалі зямлю, пачалі рыць норкі. А потым выстраіліся радком і пабеглі ў зараснікі. Гэта было так цікава! На наступны дзень мы вырашылі зноў паехаць у лес і паглядзець, як там нашы важаняты. Але, вядома, іх мы не знайшлі. Вельмі спадзяюся, што яны жывыя і прыстасаваліся да новых умоў.
А ў завяршэнні хацела б сказаць дарослым і дзецям: любіце ўсё, што вас акружае, і тады вы будзеце па-сапраўднаму шчаслівыя.
Яўгенія КУРДЗЮК, вучаніца
7 класа сярэдняй школы №2.
НА ЗДЫМКУ: я і мае гадаванцы. Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 81 от 19.10.16г.

Добавить комментарий


Грузчики exstraeconom.kiev.ua
кленбутерол

раскрутка сайта в украине
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!