Альтэрнатывы прышчэпкам няма

Наіўна будзе меркаваць, што гэты год стане выключэннем і да нас не пры­й­дзе грып. Калі спецыялісты прагназуюць яго прыход? Як адрозніць сімптомы вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі ці самай звычайнай прастуды ад грыпу? Што найлепш можа засцерагчы ад яго? На гэтую тэму інтэрв’ю з галоўным санітарным урачом раёна Уладзімірам КЛЯЦКО.

— Уладзімір Анатольевіч, калі сёлета спецыялісты прагназуюць прыход грыпу?
— Зыходзячы з мінулагодніх назіранняў, ён звычайна прыходзіць да нас у студзені-сакавіку.
— Памятаеце, як імкліва наступаў грып летась? У снежні пайшлі трывожныя навіны з Украіны, да навагодніх свят там захварэлі больш чым 2 мільёны чалавек і стала вядома пра першыя смяротныя выпадкі. Затым эпідэмія дакацілася да Расіі. Да іх тады “прыйшоў” небяспечны ”свіны” штам ці так званы “каліфарнійскі” вірус грыпу. Ён паражаў не толькі групы рызыкі — дзяцей, цяжарных жанчын, старых людзей, але і маладых, фізічна моцных. Як паведамлялі многія сродкі масавай інфармацыі, у Расіі ў час эпідэміі рэгістравалася 23-26 тысяч выпадкаў пазабальнічных пнеўманій у тыдзень. А ў выніку — 154 пацверджаныя лабараторна смерці ад грыпу, ва Украіне — у 2 разы больш. Былі зафіксаваны смерці і ў суседняй Польшчы, Грузіі. А ў нас падобныя выпадкі былі?
— Беларусы таксама хварэлі, але часцей вострымі рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі. І грып быў. На шчасце, абышлося без эпідэмій і смерцяў. У нашым раёне таксама быў зарэгістраваны адзін выпадак грыпу, ускладнёнага цяжкай формай пнеўманіі. Для лячэння клінічна хворы быў накіраваны з раённай бальніцы ў рэанімацыйнае аддзяленне абласной, дзе і справіліся з яго хваробай.
— Многія з нас вельмі часта блытаюць сімптомы вострай рэспіраторнай віруснай інфекцыі і грыпу. Чым жа яны адрозніваюцца паміж сабою?
— Пры вострых рэспіраторных вірусных інфекцыях альбо самай звычайнай прастудзе сімптомы даюць аб сабе ведаць паступова: падымаецца тэмпература, але не вышэй чым да 38,5 градуса. Інтаксікацыя арганізма выражана слаба, агульны стан хворага звычайна няцяжкі. Могуць быць таксама пачырваненне і пяршэнне ў горле, рэніт (насмарк). Пры грыпе сімптомы інтаксікацыі нарастаюць вельмі хутка. Рэзка падымаецца тэмпература аж да 39-40 градусаў. Хворага калоціць, у яго вялікае потааддзяленне, моцны галаўны боль, ламота ў мышцах і суставах, цяжкасць ва ўсім целе. Але галоўнае адрозненне — магчымасць сур’ёзных ускладненняў, што дае грып. А гэта пнеўманія, якая можа пераходзіць у вострую лёгачную недастатковасць, сінусіты, менінгіты. Ёсць верагоднасць смяротных вынікаў.
— Спецыялісты кожны год напамінаюць пра меры прафілактыкі, у тым ліку і народныя сродкі, але, нягледзячы на іх прымяненне, многім з нас з-за слабога імунітэту ўсё ж не ўдаецца пазбегнуць грыпу. Які самы эфектыўны, па-Вашаму, спосаб засцярогі арганізма ад гэтага небяспечнага захворвання?
— Што б ні гаварылі праціўнікі вакцынацыі, альтэрнатывы прышчэпкам проста няма. Супрацьвірусныя прэпараты, рэкамендаваныя Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, спрацоўваюць не заўсёды. Да таго ж, вірус “не дрэмле”, ён з кожным годам усё больш відазмяняецца. І спецыялісты рэгіструюць ужо новыя штамавыя варыянты, рэзістэнтныя да гэтых прэпаратаў. Што датычыць звыклых сродкаў, у тым ліку і народных, адназначна, што ад вірусу яны не выратуюць. Могуць толькі крыху аблегчыць сімптомы хваробы. Яны носяць агульнаўмацавальны характар. Вынікі мінулай эпідэміі ў краінах-суседках паказалі, што цяжкія ўскладненні развіваліся, як правіла, у тых, хто пагрэбаваў вакцынацыяй. Сярод памерлых не было ні аднаго чалавека, хто зрабіў прышчэпку. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, прышчэпкі зніжаюць верагоднасць захварэць на 90 % і амаль у 2 разы змяншаюць колькасць шпіталізацый у сувязі з выкліканымі грыпам ускладненнямі. Калі ўлічыць, што на грып хварэюць не толькі дзеці ці старыя, тут важны і эканамічны эфект. Менш давядзецца плаціць на лячэнне хворых у стацыянарах, па лістках часовай непрацаздольнасці.
— Ад якіх яшчэ сродкаў і мер прафілактыкі не трэба адмаўляцца?
— Найперш гэта здаровы лад жыцця, загартоўванне арганізма, у чым вельмі дапамагаюць многія водныя працэдуры, у тым ліку і плаванне ў басейне, наведванне саўны і г д. Добра высыпайцеся, спажывайце як мага больш страў, што ўтрымліваюць шмат вітамінаў. Не лянуйцеся нават у самае неспрыяльнае надвор’е прагуляцца па свежым паветры, займайцеся фізічнымі практыкаваннямі, абавязкова мыйце рукі пасля наведвання грамадскіх месцаў і месцаў агульнага карыстання.
— Вакцынацыя ў нас будзе працягвацца яшчэ каля месяца. Дзе можна зрабіць прышчэпку тым, хто гэтага жадае?
— Зрабіць прышчэпку можна, калі звернецеся да свайго ўчастковага ўрача. У вакцынацыі таксама ўдзельнічаюць і многія прадпрыемствы. Між іншым, сёлета ўпершыню бясплатная вакцынацыя ў Беларусі праводзіцца не імпартнай, а айчыннай вакцынай. Дакладней, сумеснай, бо распрацоўвалі яе расійскія спецыялісты.
— Сярод нас нямала тых, хто выкарыстоўвае названы Вамі метад прафілактыкі грыпу — вакцынацыю. І тым не менш, некаторыя з такіх скар­дзяцца, што ўсё роўна ён іх не мінуў. З чым гэта можа быць звязана?
— Прычыны могуць быць самыя розныя. І звязаны яны з агульным саматычным станам чалавека. Могуць адбіцца часовае аслабленне арганізма ў выніку пераахалоджання ці ператамлення і г.д. Ёсць верагоднасць падхапіць вірус грыпу, антыгены якога не былі ўключаны ва ўведзеную вакцыну. Але нават калі вакцынаваны чалавек і захварэў на грып, гэтае захворванне праходзіць у яго ў любых выпадках у больш лёгкай форме, і верагоднасць цяжкіх ускладненняў ці лятальных вынікаў нулявая. Вядома, вакцынавацца ці не — рашэнне і жаданне кожнага з нас. Але неабходна ведаць, што чым больш з нас зробяць прышчэпкі, тым мацнейшым будзе так званы “калектыўны імунітэт”, які надзейна засцерагае ад любой эпідэміі.
Інтэрв’ю ўзяла
Ірына КАСЦЕВІЧ.

Опубликовано ГЧ № 81 19.10.16г.

Добавить комментарий


www.adulttorrent.org

best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!