СУПЕРДВОР

Люстэрка душы

Кажуць, час з кожным годам ляціць усё хутчэй. Менавіта на гэта мы спасылаемся, калі не паспяваем нешта зрабіць. А вось Віктар Васільевіч і Тамара Анатольеўна Братчукі з вёскі Радзеж могуць запярэчыць кожнаму. Маючы вялікую падсобную гаспадарку, у якой да 10 галоў буйной рагатай жывёлы і каля 100 свіней, яны яшчэ паспяваюць добраўпарадкаваць свой двор, дагледзець за кветнікамі. Як гэта ўдаецца? Устаюць рана, спаць кладуцца позна. Але лічаць, што самае галоўнае – мець жаданне не толькі дабіцца дастатку ў доме, але і жыць сярод прыгажосці, бо двор – гэта люстэрка душы гаспадара.
Калгасны дом атрымалі Братчукі 25 гадоў назад. Якім ён быў, сёння памятаюць ужо толькі самі гаспадары, бо абуладкоўвалі яго знешне некалькі разоў. І цяпер сядзіба сапраўды радуе вока. Тратуарная плітка, ліхтары, прыгожая альтанка, выкаваныя вароты надаюць двару сучасны выгляд. А вось рысы даўніны дабаўляюць старажытныя прылады, якія раней былі ў кожнай вясковай хаце, – калаўрот, сячкарня, пафарбаваныя чыгункі, якія сталі вазонамі для кветак. Мара гаспадароў – фантан, які, упэўнены яны, абавязкова размесціцца ля альтанкі. А ў ёй так цудоўна адпачываць усёй сям’ёй – з дзецьмі, а ў Братчукоў дзве дачкі, унучкай – галоўнай памочніцай у двары, сваякамі і сябрамі.
НА ЗДЫМКАХ: у двары Віктара і Тамары Братчукоў.

 

Фантазія, кемлівасць і … умелыя рукі

Двор Ніны Харык з вёскі Олтуш. Вось дзе можна павучыцца, як невялікі ўчастак ператварыць у казачны. Галоўнае — не памер тэрыторыі, упэўнена скажа Ніна Мікалаеўна, не грошы на дэкаратыўныя ўпрыгожванні, а ўмелыя рукі. Як, між іншым, у яе сыноў. Малодшы, Дзмітрый, жыве ў Брэсце, а таму ўдзел у добраўпарадкаванні прымае, калі наведваецца ў госці. А старэйшы – Максім, сваёй фантазіяй і ўменнем спраўдзіў мары маці аб дзіўнай мясціне, дзе б радавалася і адпачывала душа. Чаго толькі няма ў двары Харыкаў! Тут і арэлі з дуба, і самаробная альтанка з арыгінальнай люстрай з дрэва і чыгуноў, і плот з арэшніку, і прыгожая фурманка, і яркі млынок, і вадаём з фантанам, і вадаспад з падсвечваннем, і грыбы з камення, і авечкі з мантажнай пены, і многае іншае. Але самае нестандартнае, самабытнае – гэта дах з чароту і на арэлях, і на альтанцы, і нават на калодзежы. Такі матэрыял, як чарот, расказвае Максім Харык, вельмі просты, але надзейны. Назапасіць яго можа кожны. Шчыльна сабраны, ён не прапускае ападкі і выглядае вельмі прыгожа.У выніку самая звычайныя альтанка ці арэлі набываюць старадаўні каларыт. Такія арыгінальныя рэчы Максім як рамеснік робіць пад заказ.Задумак у Харыкаў шмат. Быў бы толькі час, як заўважаюць, іх рэалізоўваць. Многія цікавыя ідэі чэрпаюць з інтэрнэту, а матэрыял для рэалізацыі сваіх планаў знаходзяць у прыродзе. Арыгінальнай формы камяні прывозілі нават з Карпат. Да цікавых ландшафтных форм Ніна Мікалаеўна дадае кветкі, што насычае кампазіцыі цеплынёй і дадае агульнаму выгляду двара гармонію.

НА ЗДЫМКАХ: Ніна Харык і яе сын Максім праводзяць экскурсію па двары.

Сядзібу палюбілі буслы

Мець свой двор, дзе будзе месца і агародзіку, і кветкам, і пляцоўцы для адпачынку, – аб гэтым марыла сям’я Галенчукоў, калі жыла ў Олтушы. І 10 гадоў назад мара здзейснілася. Валянціна Сяргееўна і Вячаслаў Мікалаевіч для сваёй сям’і, у якой трое дзяцей, атрымалі дом у вёсцы Дворышча. Абжываць участак пачалі адразу. А вось каб стварыць на ім нешта сапраўды своеасаблівае, патрэбны быў штуршок. І гэтым штуршком стала нараджэнне ўнукаў. Менавіта для іх захацелася зрабіць цікавы куточак. Так, на ўчастку з’явіліся арэлі, побач — вадаёмчык, ля якога размясціліся скульптуркі, – качкі, зайчык, вожык, сава. Побач закруціўся млын. Захацеў дзед парадаваць унукаў яшчэ і буслянкай на плоце. Атрымалася яна прыгожай. Каб не была пустой, у ёй размясцілі гаспадары штучных буслянят. І хто б мог падумаць, што вясною прыгожы куточак і гатовую ўжо буслянку аблюбуюць сапраўдныя буслы, якія вярнуліся ў вёску з цёплых краін. Фігуркі буслянят гаспадарам давялося “перасяліць” да вадаёма, а з новымі жыхарамі сям’я, можна сказаць, пасябравала.
А яшчэ двор Галенчукоў — гэта непаўторны кветкавы дыван. Пачынаецца ён ад самай брамы, дзе ўздоўж дарожкі растуць і півоні, і царскія лілеі, і вяргіні, і астры, і многія іншыя кветкі, і рассцілаецца па ўсім двары.
— Я вельмі люблю наш прыгожы куточак у двары. Закончыш справы, прыся-дзеш на арэлі ў цяньку, палюбуешся на кветкі, вадаёмчык, і, здаецца, ужо ўся стома прайшла, — дзеліцца ўражаннямі Валянціна Сяргееўна.
Сапраўды, добраўпарадкаванасць, прыгажосць – вялікая сіла. Яна і выхоўвае, і ўзнімае настрой, і лечыць, і натхняе на творчасць. Няхай гэтай прыгажосці ў нашым жыцці будзе як мага больш!

НА ЗДЫМКАХ: Валянціна Галянчук у сваім любімым куточку двара.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 81 от 19.10.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.