ШЧАСЦЕ, ЯКОЕ СЛОВАМІ НЕ ВЫКАЖАШ

Простыя і сціплыя жанчыны, з якімі мы пазнаёміліся ў Кобрынскім радзільным доме і для якіх 14 кастрычніка стала двайным святам, прызнаваліся, што не чакалі такой павышанай увагі да сябе. Але ім было вельмі і вельмі прыемна чуць шчырыя словы віншаванняў не толькі ад сваіх родных і блізкіх, сяброў, але і ад прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, якія наведалі жанчын у радзільным доме. А менавіта старшыня Кобрынскай раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Раман Мельнік, прадстаўнікі РГА «Беларускі саюз жанчын» і інш.

Рады былі яны і гасцям з ААТ ”Маларыцкі кансервавагарод­ніна­су­шыльны камбінат”, якія і сёлета, як і летась, знайшлі магчымасць сустрэцца з жанчынамі, што нарадзілі дзяцей менавіта ў Дзень маці, каб павіншаваць іх і ўручыць наборы з дзіцячым харчаваннем.
Віншуючы з папаўненнем у сям’і і перадаючы маладым мамам сімвалічныя рознакаляровыя шары і пакеты з наборам дзіцячага харчавання, спецыяліст аддзела маркетынгу, рэалізацыі і знешнеэканамічнай дзей­насці ААТ ”Маларыцкі кансервавагарод­ніна­су­шыльны камбінат” Эла Пракапук жадала жанчынам з гонарам несці імя маці, даражыць ім, быць прыкладам для дзяцей, берагчы і любіць іх, а немаўлятам, маленькім хлопчыкам і дзяў­чынкам, — светлага буду­чага.
Між іншым, у Дзень маці ў Брэсцкім радзільным доме на свет з’явілася 27 немаўлят (15 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак), а ў Кобрынскім – 7 ( 4 хлопчыкі і 3 дзяўчынкі). У большасці мам дзеці — не першынцы, а другія, трэція і чацвёртыя. У ліку 7 жанчын-маці і наша зямлячка Анжаліка Мішчанка, у якой нарадзіўся хлопчык.
…Углядваюся ў твары маладых і прыгожых мілых матуль, якія з любоўю прытулілі да сябе сваіх немаўлят. Шчырыя ўсмешкі, бязмежная радасць у вачах, а ў некаторых — нават слёзы. Хіба можна яшчэ з чым-небудзь параўнаць той момант, калі жанчына-маці, вынасіўшы пад сваім сэрцам родную крывіначку, мае магчымасць трымаць яе на руках! Вось яно, шчасце, якое нават самымі прыгожымі словамі не выкажаш! Дык няхай гэтае светлае пачуццё не знікае з мацярынскіх сэрцаў на працягу ўсяго жыцця!

Ірына КАСЦЕВІЧ.
На здымку: жанчыны-маці, якія нарадзілі дзяцей 14 кастрычніка, — з розных раёнаў Брэсцкай вобласці: з Жабінкаўскага, Пружанскага, Кобрынскага, Маларыцкага. Але арганізатары акцыі «Вам, мілыя мамы», у прыватнасці прадстаўнікі ААТ ”Маларыцкі кансервавагарод­ніна­су­шыль­ны камбінат”, не дзялілі іх на сваіх і чужых. Яны аднолькава шчыра віншавалі усіх і нікога не пакінулі без падарункаў — фірменнага дзі­чага харчавання «Таптышка».

Опубликовано ГЧ № 82 от 22.10.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий