Настаўнікі будучага

Адной з магчымасцей правільнага, беспамылковага і асэнсаванага выбару будучай прафесіі з’яўляюцца класы педагагічнай накіраванасці. Яны створаны з мэтай прыцягнення на педагагічныя спецыяльнасці найбольш матываваных выпускнікоў школ, гімназій, ліцэяў. Такія класы плануецца адкрыць і на Маларытчыне. Пакуль жа восем вучняў-дзесяцікласнікаў раённай гімназіі з гэтага навучальнага года пачалі мэтанакіравана рыхтавацца да паступлення на педагагічныя спецыяльнасці ВНУ.
Яны кожны тыдзень наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, праграма якіх разлічана на два гады. Мэта факультатыву, за­няткі якога праводзіць Ірына Сезік, настаўніца рускай мовы і літаратуры, — стварэнне ўмоў для прафесійнага самавызначэння вучняў і фарміраванне пазітыўнай устаноўкі на выбар педагагічнай прафесіі, арыентаванасць на развіццё асобы ў адказны перыяд сацыяльнага сталення, фарміраванне ў старшакласнікаў сацыяльнай кампетэнцыі.
-Як паказала анкетаванне, у раённай гімназіі ёсць вучні, зацікаўленыя ў атрыманні пра­фесіі настаўніка, — гаворыць Ірына Сезік. — Спецыфічнай асаблівасцю факультатыўных заняткаў з’яў­ляецца тое, што вучні атрымаюць веды пра педагогіку, спецыфіку прафесіі педагога, патрабаванні, якія прад’яўляюцца да асобы настаўніка.
Стварэнне на Маларытчыне ў будучым педа­гагічных класаў павінна не толькі павысіць прэстыж настаўніцкай пра­фесіі, але і вырашыць пытанне прафарыентацыі.
Плануецца, што вучні з про­фільных педагагічных класаў змогуць паступаць у педагагічныя ВНУ без уступных экзаменаў, калі ацэнкі па ўсіх школьных прадметах — 7 і вышэй, па профільных вучэбных дысцыплінах — не ніжэй за 9 балаў. Акрамя таго, такім абітурыентам пры паступленнi на педагагічную спецыяльнасць абавязкова спатрэбіцца рэкамендацыя педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую яны скончылі.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ірына Сезік з вучнямі 10-ых класаў раённай гімназіі, якія наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.

Фота аўтара.

Добавить комментарий


www.exstraeconom.kiev.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!