Моцныя і ў спорце

Ва ўніверсальным спартыўным цэнтры “Жамчужына” прайшла спартакіяда “Вертыкаль” сярод работнікаў выканаўчых і распарадчых органаў Маларытчыны. На старт выйшла 5 спартыўных “дружын”. Гэта — каманда Вадзіма Галоўчыка, першага намесніка старшыні райвыканкама, Вадзіма Шпетнага, намесніка старшыні райвыканкама, Віктара Сарокі, намесніка старшыні райвыканкама, Эдуарда Кандзярэшкі, намесніка старшыні райвыканкама, каманда Пятра Губея, старшыні раённага Савета дэпутатаў, і Сяргея Семенюка, кіраўніка спраў райвыканкама.

Падчас адкрыцця спартакіяды да яе ўдзельнікаў звярнуўся Мікалай Шум, старшыня райвыканкама. Мікалай Мікалаевіч сказаў, што “Вертыкаль-2016” – гэта прыклад іншым людзям здаровага ладу жыцця, актыўнага адпачынку. Ён пажадаў усім камандам удалых стартаў, паспяховага фінішу і спартыўных перамог.
Праграма “Вертыкалі-2016” уключала камандныя спаборніцтвы ў 9 відах: настольным тэнісе, шахматах, шашках, дартсе, більярдзе, плаванні (эстафета), скачках у даўжыню, перацягванні каната і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.
Ва ўсіх відах спаборніцтва з самага пачатку разгарнулася напружаная барацьба за лідарства. Аднак, як заўсёды, перамагае мацнейшы. У бескампраміснай барацьбе пераможцам спартакіяды ў агульным заліку стала каманда Вадзіма Галоўчыка. Другую прыступку п’едэстала гонару заняла каманда Пятра Губея і Сяргея Семенюка, трэцюю — Эдуарда Кандзярэшкі. У індывідуальных спаборніцтвах лепшыя вынікі паказалі: у шашках – Віктар Хамічук і Іна Нікалаюк, у шахматах — Аляксей Пішчык і Ірына Карабейка, у дартсе – Алена Цімашэнка і Уладзімір Алесік, у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі – Наталля Пішчык і Віктар Русавук, у настольным тэнісе – Аляксандр Хамічук і Наталля Заруцкая.
Каманду-пераможцу Мікалай Шум узнагародзіў дыпломам і Кубкам. Усе астатнія прызёры з яго рук атрымалі дыпломы, а лепшыя ў індывідуальных спаборніцтвах — яшчэ і прызы.
* * *
Мацнейшыя спарт­сме­ны-“верты­каль­шчыкі” Маларытчыны хутка пры­муць удзел у абласной спартакіядзе сярод работнікаў выканаўчых і распарадчых органаў Брэсцкай вобласці “Вер­тыкаль-2016”. Пажадаем ім поспехаў!
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: імгненні спаборніцтваў “Вертыкаль-2016”; Мікалай Шум з камандай-пераможцай Вадзіма Галоўчыка.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 83 от 26.10.16 г.

Добавить комментарий


https://dekorde.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!