100 ідэй – сярод іх ёсць твая?

Моладзь Маларытчыны – тале­навітая, актыўная, ідэй­ная. Гэта пацвярджаюць дыпломы і граматы, гранты ў самых розных сферах нашага жыцця, якіх нямала на рахунку нашых юнакоў і дзяўчат. Але многім заявіць аб сабе пера­шкаджаюць асаблівасці характару, няўпэўненасць у сваіх сілах, адсутнасць пад­трымкі. Каб ніводная цікавая ідэя не засталася без увагі, ужо ў шосты раз праводзіцца рэспубліканскі маладзёжны конкурс “100 ідэй для Беларусі”.
Аб тым, чым цікавы гэты праект для моладзі, і што па­трэбна для таго, каб стаць яго ўдзельнікам, расказала Надзея Пстыга, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”.

— Наколькі ведаю, больш за 8 тысяч маладых людзей паведамілі ўжо краіне аб сваіх ідэях. Ці ёсць сярод іх маларытчане? Якія ідэі яны прапанавалі рэалізаваць?
— На конкурс маладыя жыхары раёна прэзентавалі некалькі ідэй. Тры праекты былі прадстаўлены на абласной выставе “100 ідэй для Беларусі”. Перавагу нашы ўдзельнікі аддавалі такім тэмам праектаў, як здаровы лад жыцця і патрыятычнае выхаванне. Вельмі хацелася б, каб моладзь Маларытчыны прыносіла нам яшчэ больш цікавых ідэй. Бо гэты праект дае рэальную магчымаць увасобіць ініцыятыву ў жыццё. Для рэалізацыі конкурсу “100 ідэй для Беларусі” ў раёне створаны экспертны савет, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі аддзелаў райвыканкама і спецыялісты розных галін. Члены савета дапамагаюць аформіць ідэю ў праект і кансультуюць па тэме.
— Што нагадвае сабой конкурс “100 ідэй для Беларусі” і ў чым яго карысць для маладых людзей нашай краіны?
— Падлічана, што за пяць гадоў праект «100 ідэй для Беларусі» сабраў каля 7 тысяч ідэй. Больш чым 200 ініцыятыў ужо рэалізаваны на практыцы. Сёлета маладзёжнае аб’яднанне бу­дзе шукаць ідэі не толькі ў асяроддзі школьнікаў і студэнтаў, але і сярод “маладых розумаў” на прадпрыемствах. Навацыі, прапанаваныя вынаходлівымі “навічкамі” на вытворчасці, маглі б з’эканоміць значныя грашовыя сродкі. Маладзёжны саюз дапамагае ўвасобіць самыя яркія задумкі. Пры гэтым канкурсанты атрымліваюць вопыт удзелу ў падобных конкурсах, навыкі ў прэзентацыі сваіх думак, напісанні бізнес-планаў і, што немалаважна, фінансавую падтрымку. Летась, напрыклад, пераможцам уручылі гранты на агульную суму 15 тысяч долараў. Падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве з Беларускім інавацыйным фондам, ГА “БАВИН”, ААТ “Гарызонт” у частцы ўкаранення і развіцця ў краіне грантаў і фінансавання праектаў.
— Ці сапраўды кожны малады чалавек можа прапанаваць сваю любую ініцыятыву і, тым самым, зрабіць першы крок на шляху да яе рэалізацыі? Што для гэтага патрэбна?
— Перш за ўсё, наяўнасць інавацыйнай ідэі ў адной з вызначаных намінацый: “прамысловасць”, “біятэхналогіі”, “медыцына”, “IT-тэхналогіі”, “сацыяльная сфера”, “эканамічныя праекты” і іншыя. Па-другое, быць ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў і мець жаданне абараняць і рэалізоўваць сваю задуму. І трэцяе, падаць заяўку ў раённы камітэт ГА “БРСМ”. Ідэя будзе накіравана на абласную экспертызу праектаў, дзе адбіраюцца лепшыя ініцыятывы і абагульняюцца па тэрытарыяльнаму прынцыпу магчымага ўкаранення. Пры адборы ўлічваюцца прэзентацыя аўтарам сваёй ідэі і інтэрактыўнае галасаванне. Ідэі, якія аказаліся лепшымі, трапляюць у абласны банк ідэй і працягваюць удзел у конкурсе толькі ўжо на рэспубліканскім узроўні. Таму, карыстаючыся магчымасцю, хачу запрасіць да ўдзелу ў конкурсе нашу моладзь. Калі ў вас ёсць цікавыя, арыгінальныя, нестандартныя ідэі, якія вы жадаеце ажыццявіць і, разам з тым, дапамагчы развіваць сацыяльную інфраструктуру, эканоміку, вытворчасць нашай краіны, абавязкова дзяліцеся імі з намі. Прыходзьце ў раённы камітэт ГА “БРСМ” ці пішыце нам у сацыяльных сетках. Мы, у сваю чаргу, дапаможам вам стаць удзельнікам конкурсу.

На здымку: Надзея Пстыга, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”.

Опубликовано ГЧ № 83 от 26.10.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!