Прыступкі да прафесійнагА майстэрства

Ад бесперабойнай работы электраабсталявання ў значнай меры залежыць эфектыўнасць любога вытворчага аб’екта. Не абысціся без электраэнергіі і на будоўлі.  Будаўніцтва дома не пачынаецца, пакуль не наладжана электразабеспячэнне на аб’екце. Нават невялікая ня­спраўнасць у падачы энергіі можа “паралізаваць” работу будаўнікоў. Таму прафесія электраманцёра тут запатрабаваная.

Электраманцёрам у Ма­ларыцкай ПМК-20 Аляксандр Іолап працуе ўсяго паўтара года. Ма­лады работнік зарэ­камендаваў сябе адказным і ініцыятыўным спецыялістам, які жадае развівацца ў сваёй спецыяльнасці і спраў­ляецца з любой, нават самай цяжкай, задачай.
Маларытчанін Аляксандр Іолап з электрычнасцю сваё жыццё звязаў не выпадкова. Яго бацька таксама электрык, таму цікаўнасць да прафесіі зарадзілася яшчэ ў дзяцінстве. Азы электраманцёрскай справы Аляк­сандр спасцігаў у Маларыцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. Але на ліцэйскай базе ведаў не спыніўся і вырашыў працягваць адукацыю ў Брэсцкім каледжы сувязі. Пасля яго і прыйшоў працаваць электраманцёрам у Маларыцкую ПМК-20.
Рабочы дзень Аляксандра распісаны, можна сказаць, па хвілінах. У будаўнічай арганізацыі ён адзіны электраманцёр, а таму, як кажуць, — нарасхват. Тым больш, што вядзе будаўніцтва Маларыцкая ПМК-20 цяпер на дзесяці аб’ектах. Знаходзяцца яны не толькі ў нашым раёне, але і у іншых раёнах вобласці. Таму працоўныя будні Аляксандра праходзяць часта “на колах”. Ёсць нейкія паломкі на аб’екце – электраманцёр спяшаецца на дапамогу. Бывае, і на выхадных выклікаюць на работу. Разумеючы важнасць сваёй справы, Аляксандр не лічыцца з вольным часам. Ён добра знаёмы з кожным будаўнічым аб’ектам. Рукі майстра, у задачы якога ўваходзіць зборка, устаноўка, тэхнічнае абслугоўванне электрычнага абсталявання, падтрыманне яго ў спраўным стане, патрэбны ўсюды. Разбіраецца Аляксандр Іолап і ў рамонце электраабсталявання машын. І хоць гэта і не ўваходзіць у яго абавязкі, дапамагае калегам наладзіць работу аўтамабіляў.
Аляксандр і цяпер працягвае павышаць адукацыю, завочна вучыцца на другім курсе Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Ён — будучы інжынер-энергетык.
— Каб быць добрым работнікам, лічу, трэба ведаць справу знутры. Таму важна прыступку за прыступкай асвойваць прафесію. Неабходныя веды для маёй справы я атрымаў менавіта ў ліцэі і каледжы. Вышэйшая адукацыя толькі абрамляе гэтую базу ведаў і дае магчымасць росту ў прафесійным плане.
Справу сваю Аляксандр Іолап любіць. Падабаецца яму тое, што задачы перад ім ставяць разнастайныя, кожны дзень даводзіцца працаваць на новых аб’ектах, пашыраць вопыт, выконваючы больш складаныя, чым раней, работы.
На здымку: Аляксандр Іолап, электраманцёр Маларыцкай ПМК-20.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 83 от 26.10.16г.

Добавить комментарий


Купить Левитра 10 мг

www.topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!