Формула маральнага дабрабыту

Калі спытаць сямейныя пары аб тым, што робіць іх жыццё шчаслівым, наўрад ці знойдуцца аднолькавыя адказы. Бо не існуе агульнапрынятай формулы сямейнага дабрабыту. Кожны чалавек выводзіць яе на аснове свайго вопыту. Сям’я Галавій з аграгарадка Олтуш радасць знайшла ў дзецях і шчаслівых вачах насупраць.

Ідуць па жыцці дружна Аксана і Раман ужо 17 год. Прыехаўшы на сезон на заробкі ў Маларыцкі раён з прыгранічча Украіны, сям’я Галавій засталася тут назаўсёды. Працу знайшлі ў мясцовай гаспадарцы. Першаму сыну – Дзіме – на той час быў усяго годзік. Каб хлопчык не сумаваў у адзіноце, бацькі вырашылі нарадзіць яму сястрычку. Нават імя прыдумалі, а на свет з’явіўся яшчэ адзін хлопчык – Уладзіслаў. Мець дваіх дзяцей у наш час – гэта норма, лічыла Аксана Мікалаеўна. Але галава сямейства, які так жадаў, каб у іх была яшчэ і дачушка, не страчваў надзеі, што ў іх доме зноў загучыць галасок немаўля. І дачушцы Валерыі цяпер ужо 9 гадоў. Яна ва ўсім для бацькоў памочніца. У сям’і Аксаны і Рамана Галавій чацвёра дзетак. Яны ніколі не думалі, што ў іх будзе шматдзетная сям’я. Але чалавек плануе, а Гасподзь дорыць . Чацвёртае сонейка ў сям’і – Машачка – прыемны сюрпрыз для бацькоў і падарунак для ўсяго сямейства. Спрэчкі паміж дзецьмі, каму на ручкі ўзяць малую, не сціхаюць. Не паспявае дзяўчынка прачнуцца, як гуляць з ёй гатовы браты і сястра.
— За шматдзетнай сям’ёй замацавалася клішэ, што гэта складаная праца, на якую вырашыцца вельмі цяжка. Са свайго вопыту можам сказаць, што гадаваць дзяўчат нам было прасцей, бо старэйшыя дзеці ва ўсім цяпер нам дапамагаюць. Няма ні ў каго з іх рэўнасці, бо ўсіх мы любім аднолькава. Я сама – пятае дзіця ў сям’і. Цікава тое, што і ва ўсіх маіх сясцёр таксама па чацвёра дзетак. І Рома са шматдзетнай сям’і. Цяпер мы бязмежна рады, што нас так многа.
Усе дзеці сям’і Галавій, як падмячаюць бацькі, розныя. Старэйшы Дзмітрый, які цяпер вучыцца ў выпускным класе, спартсмен і паказвае нядрэнныя вынікі на спаборніцтвах. Уладзіслаў займаецца ў музычнай школе, а Валерыя больш за ўсё любіць танцаваць. Але самае галоўнае, на думку гаспадароў дома, выхаваць дзяцей добрымі і чулымі да чужой бяды. Выхоўваюць у дзяцей Аксана і Раман самыя простыя жыццёвыя прынцыпы – быць шчырымі, сумленнымі, калі патрэбна, спачуваць і дапамагаць. Але навучыць гэтаму дзяцей можна толькі на асабістым прыкладзе. Пры гэтым выхоўваюць яны сваіх сыноў і дочак не бізуном, а пернікам. Заахвочваюць, хваляць за добрыя справы, тлумачаць памылкі. Так праз дыялог і вырашаюцца невялікія праблемы.
Каб у сям’і панавалі мір і згода, лічыць Аксана Мікалаеўна, не трэба імкнуцца быць вышэй за свайго мужа.
— Важныя рашэнні ў сям’і паві­нен прымаць ён, гаспадар. Быць валявымі, самастойнымі ад таты будуць вучыцца і сыны. А нашы жанчыны часта дапускаюць гэтую памылку – не лічацца з меркаваннем мужчыны, імкнуцца ўсё “цягнуць” на сваіх плячах. Мне вельмі пашчасціла з мужам, яго я вельмі паважаю і кахаю, бо за ім, сапраўды, як за каменнай сцяной: ад нягод і праблем ён засцерагае і мяне, і дзяцей.
Аксана Мікалаеўна паказвае прыклад таго, што вялікая сям’я — не перашкода для навучання. Зараз яна атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна. Да апошняга дэкрэтнага водпуску працавала ў дзіцячым садку ў Олтушы. Аксана добра ладзіць з дзецьмі, яны не стамляюць жанчыну, а наадварот зараджаюць добрым настроем, сваёй энергіяй. Таму спецыяльнасць “дашкольная адукацыя” – прызванне яе душы.
— Немагчыма працаваць у дзі­ця­чым садзе, школе, калі ты не любіш дзяцей, калі не разумееш іх таямнічы свет. Сваю прафесію, лічу, выбрала правільна, бо вучыць дзяцей, даглядаць за імі мне падабаецца. Праўда, вучоба даецца нялёгка, бо я прывыкла да ўсяго адносіцца адказна, таму спісваць не магу. А каб вывучыць усё, патрэбен час, які дома, безумоўна, хочаш удзяліць сваім дзецям.
У час мінулай сесіі, калі маленькай Машы было ўсяго паўгодзіка, за дзецьмі даглядаў Раман Васільевіч, які, дарэчы, працуе вадзіцелем у мясцовай гаспадарцы. Аксана Мікалаеўна гаворыць, што з яе мужам можна і яшчэ адну вышэйшую адукацыю атрымліваць, бо, калі яна ў ад’ездзе, і дом, і дзеці ў надзейных руках.
Увогуле ў сям’і Галавій няма раздзялення, хто павінен глядзець за дзецьмі, гатаваць ежу, прыбіраць дом. Усё робяць разам, а дзеці, па магчымасці, дапамагаюць бацькам. З гонарам расказвае Аксана, якія муж падносіць сюрпрызы – гатуе смачныя вячэры, калі ёй некуды патрэбна адлучыцца. Не ўпускае магчымасці пахваліць сваю палавінку і Раман Васільевіч. Гаворыць, што такой, як яго Аксана, больш няма, яна лепшая ва ўсім: і як спадарожніца жыцця, і як мама, і як гаспадыня.
Год таму сям’я перабралася ў новы двухпавярховы прыгожы дом, які яны разам старанна ўзводзілі на працягу 5 гадоў. Нават латы на даху рабілі ўдваіх, ды і дзеці прымалі ўдзел у будоўлі. Рамонт у доме — таксама справа рук гаспадароў. Раман Васільевіч па-майстэрску валодае навыкамі работы на дрэваапрацоўчым станку, таму лесвіцу на другі паверх сам праектаваў і сам будаваў.
— Калі браліся за будоўлю, многія папярэджвалі, што будзе цяжка, што не хопіць сіл. Дагэтуль мы жылі ў Дворышчы, у доме, які дала ў карыстанне нам гаспадарка. Але хацелася мець свой дом, каб дзецям, калі яны стануць дарослымі, было куды прыехаць, каб бацькоўскі дом заўсёды быў цёплым, утульным астраўком, дзе для цябе адчынены дзверы, — дзеліцца думкамі Раман Васільевіч.
Бачыш, як ласкава глядзяць адзін на аднаго Аксана і Раман, як за маленькай сястрычкай, каб яна не ўпала, ходзяць следам брат і сястра, і разумееш: самае вялікае шчасце на свеце – гэта жыць побач з чалавекам, які ўсёй душой закаханы ў цябе, гадаваць дзяцей у падтрымцы і разуменні, мець свой дах над галавой, дзе цёпла, светла і камфортна толькі ад таго, што ўся сям’я сядзіць за адным сталом.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымку: шматдзетная сям’я Рамана і Аксаны Галавій.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 83 от 26.10.16г.

Добавить комментарий


131.techno-centre.niko.ua

kompozit.ua

rikon-ya.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!