Талент краіны

Другі нацыянальны тэлеканал (АНТ), Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі пачалі падрыхтоўку і правядзенне маштабнага агульнанацыянальнага дзіцячага тэлевізійнага конкурсу “Талент краіны”. Праект адобрыў спецыяльны фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі . Ён прымеркаваны да Года культуры. 

Нядаўна прайшоў адборачны тур у 4 намінацыях: вакальны жанр, харэаграфічнае майстэрства, інструментальнае майстэрства і арыгінальны жанр. У ім прымалі ўдзел дзеці з усёй краіны ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў. Маларытчыну прадстаўляла на адборачным туры ў арыгінальным жанры (узроставая група 11-15 гадоў) Ганна Мірчук, вучаніца 7 класа Мельніцкай базавай школы. На суд журы яна прадставіла верш-сцэнку на рускай мове “Дрэнна дзяўчынкай мне жыць”.
-Падрыхтоўкай Ганны да творчага спаборніцтва займалася яе маці Валянціна Мікалаеўна, настаўніца хіміі і біялогіі нашай установы адукацыі, — кажа Надзея Мірчук, намеснік дырэктара Мельніцкай базавай школы. – Ганна ў нас – чалавек творчы. Яна з’яўляецца старшынёй савета піянерскай дружыны “Арыенцір” нашай школы, членам Дзіцячай палаты Цэнтральнага савета грамадскага аб’яднання “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”, стваральнікам, адміністратарам, рэдактарам таварыства “БРПА Брэсцкая вобласць” у сацыяльнай сетцы “Вконтакте”.
Упершыню Ганна выступіла на ўра­чыстасці, прымеркаванай да 45-годдзя Мельніцкай БШ. Затым быў удзел у раённым этапе агляду-конкурсу “Добры дзень, свет!”, абласным фестывалі дзіцяча-юнацкага тэатральнага мастацтва “Тэатральны прыстанак” (2014г., Дыплом І ступені), абласным маладзёжным конкурсе “Твая хвіліна славы” (2015г.)…
-Спачатку з мамай запісалі маё 5-хвіліннае выступленне, — кажа Ганна. – Відэазапіс накіравалі арганізатарам конкурсу. Пасля нам патэлефанавалі і запрасілі на вочнае выступленне перад журы ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. На сцэне я трошкі хвалявалася, але памятала, чаму мяне вучыла мама. Многае мне дало і наведвання школьнага аб’яднання па інтарэсах “Мастацкае слова”, якім кіруе Марыя Пятроўна Федарук. Таксама хочацца сказаць шчыры дзякуй і Ніне Міхайлаўне Алесіюк, дырэктару Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Цяпер Ганна Мірчук чакае афіцыйных вынікаў адборачнага туру.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ганна Мірчук, вучаніца Мельніцкай базавай школы.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 83 от 26.10.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!