Гітарны “Акорд”

У кастрычніку мінулага года ў малой зале ГДК упершыню сабраліся тыя, хто шчыра любіць гітару. Менавіта тады па ініцыятыве маларытчанкі Наталлі Забелінай пачаў сваю дзейнасць клуб гітарнай песні. Нядаўна аматарскае аб’яднанне адзначыла сваю першую гадавіну. Святочная сустрэча была цёплай, шчырай, напоўненай музыкай і душэўнымі размовамі.

З чаго магла пачацца сустрэча, як не з перабору гітарных струн? Гучала знаёмая мелодыя і міжволі акунала ва ўспаміны: гітара ў цэнтры, за сталамі вакол тыя, хто прыйшоў, каб пабыць некалькі гадзін у атмасферы гітарнай музыкі. Душэўна шапталі струны, мелодыю падхоплівалі ціхія, нясмелыя галасы…
Што змянілася за год дзейнасці клуба? Прыкметна пашырыўся асяродак сяброў гітарнай песні, ціхія гітарныя пераборы дапоўнілі гукі электрагітар, разрозненыя мелодыі загучалі ва ўнісон, значна папоўнілася і кагорта тых, хто сам не іграе, але любіць гітарную музыку і з задавальненнем прыходзіць у клуб, каб проста па­слухаць. Адным словам, змянілася многае. Засталася нязменнай толькі атмасфера душэўнага камфорту, дзеля якой не шкада адкласці ўбок хатнія справы і патраціць вечар на цёплую музычную сустрэчу.
Што прыемна здзівіла? Тое, што клуб за год “прырос” моладдзю. Сюды прыходзяць цэлымі сем’ямі. Крыху саромеюцца, але, паслухаўшы і паглядзеўшы, падлеткі бяруць у рукі гітары і здзіўляюць сваім уменнем. Ім цікава. І такая гармонія паміж прадстаўнікамі розных пакаленняў, народжаная музыкай, вельмі каштоўная.
Год дзейнасці клуба – нагода выказаць свае думкі, пажаданні. А таму праграма святочнай сустрэчы была арганізавана так, што кожны мог сказаць некалькі шчырых слоў. І тыя, хто наведваў гітарны клуб з дня яго заснавання, і хто папоўніў рады аматараў гітары значна пазней, былі адзіныя ў меркаванні, што аматарскае аб’яднанне – аддушына ў мітуслівым жыцці, магчымасць пабыць самім сабой, адпачыць, атрымаць асалоду ад прыгожай, мілагучнай мелодыі гітарных струн, падзяліцца планамі за кубкам чаю. Між іншым, святочная сустрэча таксама не абышлася без чаяпіцця. Салодкім сюрпрызам для ўсіх стаў торт у выглядзе гітары.
Хоць калектыў клуба за год ужо, можна сказаць, сфарміраваўся, але ў “Акордзе” рады навічкам. І, калі нехта вырашыць, прыхапіўшы з сабой гітару ці проста без яе, прыйсці на чарговую сустрэчу, не пашкадуе. А праходзяць сустрэчы клуба гітарнай песні ў ГДК вечарам, у кожны другі панядзелак месяца.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: клуб гітарнай песні аб’яднаў многіх маларытчан.
Фота Валерыя САВАСЦІЁНКА.

Опубликовано ГЧ №84 от 29.10.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий