Пра надзённае

Пад старшынствам Мікалая Шума адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама. У яго рабоце прыняла ўдзел галоўны спецыяліст аддзела па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Наталля Андрасюк.

Актуальнасць
была і застаецца
Перш чым пачаць абмеркаванне пытання “Аб эфектыўнасці работы па ўзнаўленні статка на прыкладзе СВК “Чырвоны партызан” і ААТ “Чарняны”, старшыня райвыканкама Мікалай Шум адзначыў, што ў цэлым, калі гаварыць пра ўзнаўленне, наш раён па асноўных паказчыках яго знаходзіцца ў першай палове раёнаў вобласці. А вось калі браць у разрэзе гаспадарак, то ёсць лепшыя і горшыя. І пры аналізе сітуацыі аказалася, што праблемных пытанняў ёсць нямала менавіта ў моцных, здавалася б, гаспадарках – СВК “Чырвоны партызан” і ААТ “Чарняны”, у якіх паказчыкі ва ўзнаўленні самыя нізкія.
Адным з важнейшых паказчыкаў, што ўплываюць на вытворчасць валавой прадукцыі жывёлагадоўлі, узровень прадуктыўнасці жывёлы і рэнтабельнасць галіны, з’яўляецца ўзнаўленне статка.
— Гэтае пытанне заўжды было і будзе заставацца важным, — гаварыў, выступаючы з інфармацыяй, дырэктар племстанцыі па Маларыцкім раёне РСУП “Брэстплемпрадпрыемства” Сяргей Трацюк. Ён адзначыў, у прыватнасці, што апошнія 5 гадоў, калі ў сельгасарганізацыях раёна праведзена вялікая работа па мадэрнізацыі і тэхнічным пераўзбраенні ферм, укаранёна паточна-цэхавая сістэма вытворчасці малака і ўзнаўлення статка, удаецца штогод забяспечваць рост пагалоўя кароў на 3,5% і павялічваць сярэднясутачныя прыросты рамонтнага маладняку. Гэта ў цэлым. А вось у СВК “Чырвоны партызан” і ААТ “Чарняны”, калі прааналізавалі эфектыўнасць работы па ўзнаўленні статка, прыйшлі да вываду, што за апошнія 3 гады стабільнасці тут няма. Асноўныя паказчыкі ўзнаўлення маюць адмоўную дынаміку. Выхад цялят на 100 кароў упаў да зусім нізкага ўзроўню – 66 галоў ў СВК “Чырвоны партызан” і 72 – у ААТ “Чарняны”. На малочнатаварным комплексе-720 СВК “Чырвоны партызан” і МТФ Горы ААТ “Чарняны” гэтыя паказчыкі яшчэ ніжэйшыя – адпаведна 60 і 58, яны самыя нізкія сярод усіх ферм раёна. Трэцяя частка матачнага пагалоўя не дае прыплоду.
Прычынамі зніжэння ўзнаўленчай здольнасці кароў Сяргей Васільевіч назваў наступныя: кармленне і парушэнне абмену рэчываў, парушэнні ў тэхналогіі асемянення, здароўе і гінекалагічныя захворванні жывёлін, праблемы ў спецыялістах. Прычым, як падкрэсліваў дакладчык, гэтыя прычыны характэрныя для ўсіх. Бо сёння толькі дзве гаспадаркі – СВК “Дарапеевічы” і СУП “Савушкіна” працуюць, захоўваючы ўсе нарматыўныя тэхналогіі. Частая змена тэхнікаў-асемянатараў (у асноўным з-за нізкай аплаты працы) на немалы перыяд выбівае з рытму вытворчы працэс. Урачы-гінеколагі ёсць толькі ў СУП “Савушкіна”, у астатніх гас­падарках лячэннем жывёлы займацца няма каму. Раённая група па ўзнаўленні выязджае ў сельгасарганізацыі (за 9 месяцаў 2016 г. – 176 выездаў) і эфектыўную дапамогу аказвае (30 – 35% праблем яна закрывае), аднак гэта толькі трэцяя частка. Займацца ж лячэннем трэба кожны дзень. У 5 гаспадарках, як гаварыў Сяргей Васільевіч, не працуе сістэма ўпраўлення статкам. Пытанні ўзнікаюць з-за недахопу фінансаў, але іх трэба вырашаць.
У сваім выступленні Сяргей Трацюк звярнуў увагу і на тое, што істотныя страты прыплоду цялят гаспадаркі нясуць па прычыне мёртванароджаных. Так, за 9 месяцаў г.г. у раёне атрымана 508 галоў мёртванароджаных, было 332 аборты, што складае 8% ад пагалоўя, якое расцялілася. У СВК “Чырвоны партызан”, ААТ “Чарняны” і СВК “Хаціслаўскі” гэты паказчык складае 9%, у СВК “Рыта” – 13%.
Якая ж сітуацыя па выхаду цялят у разліку на 100 кароў чакаецца на канец года? Змінусуюць, як адзначаў Сяргей Васільевіч, тры гаспадаркі – СВК “Рыта”, ААТ “Макраны” і СУП “Савушкіна”. А ў цэлым у разліку на 100 кароў у раёне будзе атрымана 76 галоў. Гэта паказчык узроўню 2015 г.
Для таго, каб выйсці на запланаваныя паказчыкі па ўзнаўленні статка, раённымі спецыялістамі распрацавана сістэма мерапрыемстваў. Праводзіцца вучоба кадраў, у прыватнасці, спецыялістамі Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Аднак выкананне паказчыкаў стрымлівае, як падкрэсліваў Сяргей Трацюк, невыкананне некаторых пунктаў гэтай сістэмы мерапрыемстваў спецыялістамі на месцах, а таксама ігнараванне рэкамендацый вучоных.
На пасяджэнні былі заслуханы зоаветспецыялісты СВК “Чырвоны партызан”, ААТ “Чарняны” і “Макраны”, СВК “Хаціслаўскі”, да якіх у кіраўніка раёна было шмат пытанняў. Усе іх тлумачэнні па выхаду з сітуацыі, якая склалася па ўзнаўленні статка, былі прыняты да ведама.

У адзіночку з наркотыкам  не справіцца
Наркаманія і звязаная з ёю злачыннасць негатыўна адбіваюцца на маральна-псіхалагічнай атмасферы ў грамадстве, адмоўна ўплываюць на эканоміку і правапарадак. Геаграфічнае размяшчэнне Маларыцкага раёна, празрыстасць граніц з Украінай могуць выкарыстоўвацца і выкарыстоўваюцца, як паказваюць прыклады, для незаконнага ўвозу наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у раён, а таксама іх транзіту ў іншыя рэгіёны нашай рэспублікі.
Перад тым, як пачаць абмеркаванне пытання “Аб праводзімай рабоце па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў, ходу выканання патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.12.2014 г. № 6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянню незаконнаму абароту наркотыкаў”, удзельнікам пасяджэння было прапанавана пагля­дзець фільм, які пераконвае, у што ператварае чалавека ўжыванне наркотыкаў, якую шкоду яны наносяць яго здароўю, як разбураюць яго. Па цішыні ў зале можна было меркаваць, што мы не заўжды пранікаемся гэтай праблемай, якая стала сацыяльнай, і як важна, не выпускаць з поля зроку паводзіны і жыццё сваіх дзяцей і падлеткаў, сяброў і суседзяў.
Дакладваючы па гэтым пытанні, начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Віталь Ганчарук адзначыў, у прыватнасці, што асноўная работа усіх суб’ектаў прафілактыкі пабудавана на інфармаванні аб шко­дзе ўжывання наркотыкаў, асабліва моладдзю і падлеткамі. Вось і комплекс­ны план мерапрыемстваў па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў, прафілактыкі іх ужывання на 2017 год, які ён вынес на зацвярджэнне райвыканкама, адрозніваецца ад ранейшага тым, што ў шэраг выканаўцаў яго дабаўлены і такія грамадскія арганізацыі, як “Белая Русь” і БРСМ, бо ў наркатычным працэсе, як правіла, задзейнічаны падлеткі і моладзь.
Работа па выяўленні і спыненні злачынстваў у сферы незаконнага абароту наркотыкаў раённага аддзела ўнутраных спраў як і суб’ектаў прафілактыкі прызнана здавальняючай. З пачатку года на тэрыторыі раёна па лініі незаконнага абароту наркотыкаў выяўлена 6 злачынстваў, з іх 3 выявілі супрацоўнікі Брэсцкай мытні пры спробе ўвезці наркотыкі з Украіны ў Беларусь праз міжнародны пункт пропуску “Макраны”. За такі ж перыяд летась было выяўлена толькі 3 злачынствы. З незаконнага абароту зняты 31,4 грама марыхуаны і 1,7 грама рэчыва “АЛЬФА-PVP” (спайс). У рамках рэалізацыі ў чэрвені-верасні гэтага года спецыяльнай праграмы “Мак” супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў знішчылі незаконныя пасевы канапель на агульнай плошчы 208 кв. метраў вагой 296 кг, а таксама незаконныя пасевы маку вагой 798 кг на агульнай плошчы 2347 кв. метраў. Выяўлены 23 адміністрацыйныя правапарушэнні. У арсенале інфармацыйнай работы – лекцыі з дзецьмі ў аздараўленчых лагерах на тэму “Наркотыкі, спайсы – скажы “Не!”, выступленні ва ўстановах адукацыі пра адказнасць за незаконны абарот і ўжыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, дэманстрацыя відэароліка “Выберы жыццё без наркотыкаў” старшакласнікам раённай гімназіі і навучэнцам ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, публікацыя артыкулаў у раённай газеце і інш. Супрацоўнікі міліцыі адпрацоўваюць месцы масавага знаходжання моладзі, інтэрнаты ліцэя. Праведзены маніторынг глабальнай сеткі Інтэрнэт на прадмет размяшчэння інфармацыі, накіраванай на незаконны абарот наркотыкаў. Пры правядзенні мерапрыемстваў да адміністрацыйнай адказнасці, як адзначаў Віталь Іванавіч, за парушэнне Дэкрэта № 6 у 2016 г. прыцягнуты 3 асобы. 9 грамадзян прыцягнуты да адказнасці за вырошчванне маку і канапель – гэта больш, чым за такі перыяд летась, у 2 разы.
— У адзіночку з наркотыкамі не справіцца, — падкрэсліваў Віталь Ганчарук. — Змагацца з гэтым злом трэба ўсім разам. І асобую пільнасць да паводзін сваіх дзяцей павінны праяўляць бацькі.

Разам з дарослымі
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Валянціна Жалнерык праінфармавала аб выніках работы па арганізацыі другаснай занятасці моладзі і дзейнасці студэнцкіх атрадаў у летні перыяд.
Сёлета ў складзе вучнёўскіх брыгад былі задзейнічаны 212 школьнікаў, 1081 – у вучнёўскіх звеннях, 87 – у школьных лясніцтвах, 45 – у лагерах працы і адпачынку. Рознаўзроставыя атрады ўдзельнічалі ў працоўных дэсантах, у валанцёрскім руху. 69 вучняў былі працаўладкаваны ў школах і прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці, з якіх 5 тых, хто стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. На аплату іх працы было зрасходавана 10.470 рублёў, сярэдняя зарплата склала 152 рублі.
Што датычыцца задання па арганізацыі занятасці падлеткаў у складзе студэнцкіх атрадаў, даве­дзенага аблвыканкамам раёну, то яно не выканана. Так, па стану на 27 кастрычніка 2016 г. у складзе студэнцкіх атрадаў працаўладкаваны толькі 161 чалавек пры заданні 280. Такія атрады ў асноўным былі створаны ў сельгасарганізацыях (СВК “Хаціслаўскі”, “Дарапеевічы”, ААТ “Чарняны”), лясгасе, на кансерва­вагароднінасушыльным камбінаце. 9 прадпрыемстваў адмовілі ў стварэнні студэнцкіх атрадаў з-за адсутнасці аб’ёмаў работ. Аднак, як гаварыла Валянціна Жалнерык, у раёне актыўна дзейнічае валанцёрскі рух, у якім — дзеці і падлеткі. Напрыклад, 3 валанцёрскія атрады БРСМ у складзе 35 чалавек разам з дарослымі актыўна працавалі на добраўпарадкаванні горада. Ды і надалей валанцёры гатовы працаваць на карысць добрых спраў горада і раёна.
Работа па арганізацыі занятасці вучняў рознымі формамі працы ў летні перыяд будзе працягнута і наступным летам. Адначасова, як запісана ў адным з пунктаў рашэння па гэтым пытанні, трэба распрацоўваць новыя цікавыя формы арганізацыі занятасці дзяцей і падлеткаў у летні перыяд, максімальна далучаць іх да фарміравання здаровага ладу жыцця, экалагічнай культуры, пашырэння кругагляду.
Ніна СВІЦЮК.

Опубликовано ГЧ № 85 от 2.11.16г.

Добавить комментарий


www.fashioncarpet.com.ua/detskie-kovry.html

www.tokyozakka.com.ua/121-losony-dlya-lica

www.topobzor.info
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!