Плюсы маларыцкіх аграрыяў

І зноў лістапад. А з ім завяршэнне сельскагаспадарчага года. Можна падлічваць, аналізаваць, параўноўваць. Работнікі аграпрамысловага комплексу падводзяць вынікі сваіх намаганняў на палях і фермах. З якім настроем сустракаюць аграрыі Маларытчыны сваё прафесійнае свята? Пра гэта інтэрв’ю з начальнікам райсельгасхарчу Вячаславам ФЕДЗЮКОВІЧАМ.
— Скажу не галаслоўна: з добрым! Раён выйшаў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па нарыхтоўцы травяністых кармоў,  якіх нарыхтавана 26 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што на 1,2 цэнтнера больш, чым летась. А прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Савушкіна” па гэтым паказчыку сярод сельгаспрадпрыемстваў вобласці заняло І месца. Тут нарыхтавана 32 цэнтнеры – на 7 цнт больш леташняга года. Акрамя таго, вызначыўся зноў мехатрад ААТ “Маларыцкая райаграпрамтэхніка”. У абласным спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў ён заняў І месца. Гаспадаркам раёна механізатары атрада нарыхтавалі 25 тысяч тон сіласу і 28 тысяч тон сенажу.
Пастараліся і жывёлаводы. У абласным спаборніцтве нашаму раёну прысуджана І прызавое месца па рэалізацыі мяса на 100 бала-гектараў сельгасугоддзяў і трэцяе – па рэалізацыі малака. Гэтыя прыемныя навіны, пра якія мы даведаліся напярэдадні свята, сведчаць, што на месцы не стаім, па гэтых паказчыках ідзём наперадзе не першы год, а гэта значыць, што ў раёне ёсць станоўчая дынаміка вытворчасці кармоў, малака і мяса.
У цэлым раён,  нягледзячы на анамальныя ўмовы надвор’я, паспяхова завяршае гэты год і пяцігодку ў цэлым. Сёлета выручка ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі складзе 71 мільярд рублёў ці на 1 сярэднегадавога работніка 31 мільён. У параўнанні з 2005 годам яна павялічылася ў 3,3 раза. Гэта сведчыць пра тое, што сельгаспрадпрыемствы з году ў год нарошчваюць аб’ёмы прадукцыі. Сёлета вытворчасць зерня пасля дапрацоўкі склала 32 тысячы тон, што дазволіла ў поўным аб’ёме засыпаць насенне ў асноўныя і страхавыя фонды, а таксама забяспечыць жывёлагадоўлю яго канцэнтраванымі кармамі ў межах 60%. Добрым аказаўся год і па вытворчасці алею з насення рапсу, бульбы, гародніны. Мы забяспечылі таварнай прадукцыяй, у прыватнасці морквай,  наша ААТ “Маларыцкі кансервавагароднінасушыльны камбінат”, куды накіравалі звыш 1 тысячы тон.
— Вячаслаў Іларыёнавіч, жывёла­гадоўля па-ранейшаму застаецца асноўным вытворцам прадукцыі ў нашых гаспадарках. Якія плюсы сёлета тут?
— Так, сапраўды, каля 70% валавой вытворчасці сельгаспрадукцыі дае жывё­лагадоўля. Да канца года мы вый­дзем на прадуктыўнасць кароў у 5130 кілаграмаў. Гэта нядрэнна. Раён па такому паказчыку займае ў рэспубліцы дастойнае 22-е месца са 118. Некаторыя гаспадаркі ўстанаўліваюць свае рэкорды. Так, па стану на 1 лістапада ў прыватным унітарным прадпрыемстве “Савушкіна” надоена каля 6 тысяч кілаграмаў малака ад каровы,  у СВК “Макраны” і “Дарапеевічы” – больш чым па 4,5 тысячы.
З пачатку года рэалізавана мяса для патрэб дзяржавы ў аб’ёме 116% да ўзроўню мінулага года. Найбольш прадалі яго СВК “Чырвоны партызан”, “Рыта”, “Хаціслаўскі”, “Макраны”, “Дарапеевічы”.
— Як сказаў кіраўнік дзяржавы, будзе развівацца сяло – будзе жыць краіна. На дасягнутым нельга спыняцца. Новая пяцігодка ставіць новыя задачы?
— У вобласці ўжо абаронена праграма развіцця АПК раёна на 2011-2015 гады. Паказчыкі даволі напружаныя і яны не прымусяць расслабляцца. Назаву некаторыя з іх. Так, мы павінны будзем падвоіць выручку ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, давесці яе да 153 мільярдаў, ці на 1 сярэднегадавога работніка яна павінна скласці 66 мільёнаў рублёў. Валавая вытворчасць малака павялічыцца на 162%, рэалізацыя мяса ў 2 разы, валавы збор зерня – да 58 тон, рапсу – да 5,2 тысячы тон. Стаўка будзе рабіцца і на вырошчванне бульбы, валавы збор якой мы павінны павялічыць у 3,5 раза і давесці яго да 16,5 тысячы тон пры ўраджайнасці 344 цэнтнеры з гектара. Працаваць давядзецца напружана, каб не толькі выканаць гэтыя паказчыкі, але і ра­зам з тым забяспечыць да канца пяцігодкі сярэднюю зарплату працаўнікам вёскі ў памеры 2,1 мільёна рублёў. У той жа час скажу, што атрымаць такія вынікі магчыма, калі захоўваць патрабаванні тэхналагічных рэгламентаў. Для гэтага ў нас ёсць усё: высокапрадукцыйная тэхніка, цудоўныя, працавітыя людзі.
— Вячаслаў Іларыёнавіч, што б Вам хацелася сказаць напярэдадні прафесійнага свята тым, хто ішоў да такіх паказчыкаў, хто за імі стаіць?
— Дзяржаўная падтрымка сяла, тэхнічнае ўзбраенне яго, будаўніцтва новых МТФ, рэканструкцыя старых,  а галоўнае наш залаты запас – людзі – дазволілі атрымаць такія важкія вынікі. Паважаныя працаўнікі палёў і ферм Маларытчыны, кіраўнікі, спецыялісты! Вы робіце вялікую справу — сваёй нястомнай справай прымнажаеце здабыткі вёскі, узнімаючы планку яе развіцця на ўсё больш высокі ўзровень. Шчыры дзякуй вам за гэта і зямны паклон. Здароўя ўсім моцнага, шчасця вялікага, прафесійнага ўдасканалення кожнаму на сваім рабочым месцы. Няхай праца прыносіць толькі задавальненне!
Са святам!
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік райсельгасхарчу Вячаслаў ФЕДЗЮКОВІЧ.
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.