“Іх лёсы, як гісторыі планет…”

Тыя, хто па закліку сваёй душы стаў прыёмнымі бацькамі, добра ведаюць, як няпроста наладзіць кантакт, знайсці падыход нават да аднаго ці дваіх дзяцей, якія, застаўшыся без біялагічнай сям’і, трапляюць у новыя ўмовы. А як моцна звязаць нітачкі даверу, калі гэта не проста прыёмная сям’я, а цэлы дзіцячы дом сямейнага тыпу? Пра гэта, як і пра многае іншае, што датычыцца выхавання дзяцей, ішла размова ў час пасяджэння клуба прыёмных бацькоў, месцам правядзення якога якраз і стаў утульны будынак дзіцячага Дома сямейнага тыпу, дзе бацькі-выхавальнікі Таццяна  і Вячаслаў Абрамукі гадуюць разам са сваімі дзецьмі семярых прыёмных.  

Спачатку прыёмным бацькам пра­панавалі экскурсію па двухпавярховым будынку дзіцячага Дома сямейнага тыпу. Кожны пакой тут – свой маленькі свет дзяцінства. Завочна пазнаёміцца з выхаванцамі сямейнага дзіцячага дома госці змаглі з партрэтнай фотагалерэі, у якой здымкі ўсіх – і самых першых выхаванцаў, якія вярнуліся ў свае сем’і, і сённяшніх.
Калі знаёмства з домам сямейнага тыпу завяршылася, спецыялісты раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра запрасілі прыёмных бацькоў за “круглы стол”, каб пазнаёміць гаспадароў дома з гасцямі і павесці шчыры дыялог пад назвай “Іх лёсы, як гісторыі планет” аб тым, як гэта важна – дарыць свой клопат, цеплыню свайго сэрца тым дзецям, якія абдзелены бацькоўскай любоўю.
У кожнай прыёмнай сям’і свая, не падобная на іншыя, гісторыя ўтварэння. Але якой бы ні была нагода з’яўлення ў сям’і дзіцяці, самае галоўнае, як адзначаюць прыёмныя бацькі, што гэта ажыццявілася, і ра­зам з тым жыццё набыло новы сэнс. Што гэта так, пераканалі пісьмы прыёмных дзяцей сваім прыёмным мамам, якія зачытала псіхолаг. У кароткіх радках, напісаных дзіцячай рукой, і шчырая ўдзячнасць за тое, што разам з новым домам з’явілася надзея на лепшую будучыню, вера ў свае сілы, і прызнанне ў памылках, якія даводзіцца выпраўляць. Гэтыя пісьмы навеялі ўспаміны, якімі і дзялілася кожная ўдзельніца сустрэчы.
Гасцінныя гаспадары дзіцячага дома сямейнага тыпу пачаставалі гасцей сваёй смачнай выпечкай. За чаяпіццем можна было падзяліцца сваімі праблемамі, параіцца тым, што даўно хвалюе, бо за адным сталом сядзелі ўсе, хто добра ведае, што не бывае чужых дзяцей, асабліва, калі з імі звёў лёс. Кожную прыёмную маму чакаў прыемны сюрпрыз – невялікі падарунак ад раённага аб’яднання прафсаюзаў. Гэта сімвалічная падзяка за смелае рашэнне цяплом свайго дома сагрэць дзіця, якое засталося без роднай сям’і.
Святлана МАКСІМУК.

НА ЗДЫМКУ: удзельнікі клуба прыёмных бацькоў у гасцях у дзіцячым Доме сямейнага тыпу.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 85 от 2.11.16г.

Добавить комментарий


автополив газона

別れさせ屋 愛知県

steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!