Народжаныя ў дзень рэвалюцыі

Героі нашых аповядаў  — людзі розных пакаленняў і ўзростаў.  І маленькая радзіма ў кожнага  свая,   хоць  зараз  усе яны жывуць на  Маларытчыне. Але не толькі гэта аб’ядноўвае  іх. Усе яны нарадзіліся ў дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Дзень, які перавярнуў гісторыю  і які   шырока: з парадам ваеннай тэхнікі  на Чырвонай плошчы ў Маскве, са шматлікімі дэманстрацыямі працоўных  у вялікіх і малых гарадах,  адзначаўся  ў некалі магутнай дзяржаве з назвай Савецкі Саюз. Нехта з нашых герояў яшчэ помніць тыя грандыёзныя святкаванні, якія доўжыліся два дні.  Іншыя пра Дзень Вялікай  Кастрычніцкай Сацыялістычнай рэвалюцыі (менавіта так тады называлася свята)   ведаюць з гісторыі, а  пра тое, як яго адзначалі,  — ад  людзей старэйшага пакалення. І адносіны да гэтай чырвонай даты ў календары зараз далёка не аднолькавыя. Але мы не  пра гісторыю даўно мінулых дзён.  Наш аповяд пра лёсы  людзей,   якіх  з   Кастрычніцкай рэвалюцыяй з’яднаў  дзень нараджэння.

Абагрэтая
ЛЮБОЎЮ

Калі б некалі Марыі Сцяпанаўне Смаль, якая жыве ў Сушытніцы, сказалі, што яна, якая вынесла столькі выпрабаванняў, дажыве да такога шаноўнага ўзросту, 87-годдзя,  наўрад ці паверыла б. Але нездарма гавораць, што пасылаючы выпрабаванні, нам даюць не толькі сілы справіцца з імі, але і аддзячваюць, калі мы пераносім гэтыя выпрабаванні цярпліва, пакорліва.

— Бог узнагародзіў мяне доўгімі гадамі жыцця, — гаворыць Марыя Сцяпанаўна, хаця на вяку было ўсякага. Сям’я ў нас была вялікая, чацвёра дзяцей, жылі бедна. Меншы за мяне брат яшчэ і хадзіць не ўмеў, як памерлі бацькі, таму я добра ведаю, які цяжкі сіроцкі лёс. А вайна? Калі немцы з’явіліся на нашай тэрыторыі, мала хто дома заставаўся. Усе ратаваліся, уцякалі ў лес і там жылі. Ніколі не забуду, як адну з маіх сясцёр немцы замест каня запрэглі, каб барану цягнула. Жудасна было глядзець на гэты малюнак. А пасля вайны? Разруха, нястача, голад, бедната. Замуж выйшла за свайго Пятра, трэба было і хату сваю будаваць, бо дзеці нарадзіліся, і працадні зарабляць. Гэта цяпер даяркам на фермах усе выгоды, а тады ж уручную ўсё рабілі. Наробішся там, што ледзьве дахаты прыйдзеш. А дома — свая праца чакае. Адзінае, што мне ў жыцці не давялося рабіць, гэта за плугам хадзіць. А так усю работу перарабіла. І сеяла, і жала, і сена касіла. Памятаю і сёння, якой смачнай была балотная вада, калі знемагаў ад смагі і больш нічога не было, каб прагнаць яе. Самі — яшчэ куды не ішло, а дзеці пакутавалі, калі на цэлы дзень іх з сабою на балота возьмеш. Пасадзіш на купінку, і сядзяць, бедненькія, цярпліва. Пакінуць жа іх дома не было з кім. У гарачы час сенакосу — усе за работай. Але, дзякуй Богу, ён ва ўсім дапамагаў, даваў сілы, — робіць вывад Марыя Сцяпанаўна. — І вайну перажыла, і нястачу, і голад, і смерць мужа. А цяпер вось жыву, бы ў палацы царыца.
Зрэшты, у свае 87 гадоў Марыя Сцяпанаўна не карыстаецца “дапаможнымі вачыма”, як часта называюць акуляры. Чытае і вяжа без іх. І нітку ў іголку сама ўцягне. І ежу згатуе, калі нешта са страў захочацца. Хаця ўнучка Святлана, у сям’і якой цяпер жыве цётка Марыя, як правіла , гатуе сама. І памяць у Марыі Сцяпанаўны яшчэ добрая. Ва ўсякім выпадку многія з малітваў змагла вывучыць і запомніць.
Акуратненькая, чысценькая, дагледжаная. І выглядае цётка Марыя не на свае 87, а гэтак на гадоў 70-75. Сакрэт яе маладосці раскрываецца адразу, калі пераконваешся, якой цеплынёю і любоўю абагрэтая Марыя Сцяпанаўна.
Пасля таго, як яна аўдавела, не стала адзінокай. Жыць да бабулі пераехала ўнучка Святлана, сынава дачка са сваёю сям’ёй. І хоць цётцы Марыі, можа, і не вельмі хацелася, каб дом, які яны некалі будавалі з мужам, муж Святланы перарабляў на свой лад, сучасны, пярэчыць не стала. Гэта не ў яе правілах. Яна добра разумее, што маладым цяпер хочацца жыць у дамах з усімі выгодамі, заможна. Тым больш, добра ведала: Мікалай — залаты гаспадар. Што задумае, тое сваімі рукамі і зробіць. Вось і хату. Разваліў, раскідаў, адзін толькі зруб пакінуў. Затое які палац цяпер! Усё ў ім зроблена з густам, з уменнем, з толкам, а галоўнае — з любоўю. І калі рабілі планіроўку дома, не забылі і пра бабулю. У яе — свой пакой: цёплы, утульны, светлы.
… На вялікія праваслаўныя святы ў доме, дзе і цяпер жыве Марыя Сцяпанаўна, — шматлюдна. За вялікім сямейным сталом збіраюцца дзве дачкі і двое яе сыноў са сваімі сем’ямі, а гэта каля 26 чалавек. Бо ў цёткі Марыі ўжо 8 унукаў і 10 праўнукаў. Якой невыказнай радасцю напаўняецца тады сэрца цёткі Марыі! Усе — здаровенькія, усе — разам, усе — дружныя. Усе — адна вялікая сям’я. Такія добрыя пачуцці ад сустрэч з роднымі і дарагімі для яе людзьмі, іх чуласць, увага і любоў і амалодж­ваюць не толькі душу, але і самую Марыю Сцяпанаўну.

Ірына КАСЦЕВІЧ.

На здымку: любяць сваю прабабулю праўнукі Максімка і Ірына. А як жа! Яна і іх дапамагала і дапамагае гадаваць, як і ўсіх астатніх унукаў і праўнукаў.
Фота Алега
Крэмянеўскага.

 

Сумнае свята Лідзіі Лямачкі

І хоць дачка з унукамі  штогод  стараюцца зрабіць  яе дзень нараджэння святочным: дораць падарункі, накрываюць стол, успаміны пра нялёгкае жыццё ў такія моманты  заўжды  выклікаюць душэўны  боль,  а блакітныя вочы жанчыны, поўныя суму і смутку,  завалокваюць слёзы.

— Пра ўсё і не раскажаш, — гаварыла Лідзія Іванаўна незадоўга да свайго 76-годдзя. – Дзень нараджэння, які супадае з днём рэвалюцыі, прынёс мне столькі тугі і болю…

Апошняе дзіця ў сям’і Пелагеі і Івана Абрамчукоў з вёскі Дворышча — дачушка Ліда — маладзейшая за Кастрычніцкую рэвалюцыю на 23 гады. І Вялікую Айчынную вайну, якая грымнула праз 8 месяцаў пасля яе нараджэння, яна не помніць. А вось пасляваеннае жыццё, поўнае цяжкасцей і турбот, настолькі ўрэзалася ў памяць, што ніколі не забудзецца. Хоць напачатку для маленькай дзяўчынкі ўсё пачыналася быццам і нядрэнна. Абрамчукі, у якіх падрасталі чацвёра дзяцей, жылі небагата, але і жабракамі не былі. Таму Ліда, калі прыйшоў час, пайшла ў Дварышчанскую пачатковую школу. А пасля і ў пяты клас Олтушскай. На жаль, на гэтым яе вучоба і закончылася.
Пасля смерці бацькі (дзяўчынцы ў той час было ўсяго 11 гадоў) яе жыццё рэзка змянілася. Па прызнанні Лідзіі Іванаўны, іх сям’я жыла ў сапраўднай галечы. Маці, як ні старалася, не тое, што годнае жыццё забяспечыць, нават пракарміць не магла трох сваіх дачок і сына, якія ва ўсім дапамагалі ёй. Менавіта тады Лідзе ўпершыню давялося паспытаць жабрацкай долі. А што заставалася рабіць, калі дома не было чаго есці?
Спачатку жабрацкія скарынкі, якія падавалі маленькай дзяўчынцы, калі яна хадзіла па хатах, а пасля работа ў бяздзетнай сям’і: Ліда выганяла, пасвіла і заганяла карову і авечак, за што атрымлівала ежу, дапамаглі ёй выжыць. Ды яшчэ і сям’ю падтрымаць. Восенню іншым разам людзі гэтыя даплачвалі маленькай пастушцы бульбай ці зернем. Праўда, дзеля гэтага пасля 5 класа ёй давялося кінуць школу, хоць настаўніца не раз прыходзіла да іх дадому і ўгаворвала маці дазволіць дзяўчынцы павучыцца яшчэ 2 гады, каб закончыць сямігодку.
З утварэннем калектыўнай гаспадаркі разам з іншымі дзяўчынкамі-падлеткамі Ліда пайшла працаваць у паляводчую брыгаду. Палолі буракі і моркву, якія выкарыстоўвалі на корм нутрыям, што жылі ў возеры, сярпамі жалі жыта, выконвалі іншую работу. За гэта атрымлівалі па 1 рублі ў дзень.
Лягчэй стала жыць, калі брат Мікалай пайшоў працаваць у Маларыту на цагляны завод, а пасля паехаў ва Украіну на заробкі і прывёз адтуль пшаніцу і проса.Тады і хату падрамантавалі, і печ у ёй зрабілі. А ў хуткім часе, калі за работу ў калгасе замест зарплаты пачалі налічваць працадні, на заробкі адправілася і сама Ліда. Першы год — у Валынскую вобласць і 5 гадоў запар — у Харкаўскую, дзе вырошчвалі насеннікі буракоў. Летам даглядалі за імі, а калі яны даспявалі — жалі сярпамі. Праца была цяжкая, але дзяўчыне да гэтага было не прывыкаць.
Калі ў калгасе справы наладзіліся, Ліда вярнулася ў гаспадарку і 27 гадоў працавала на Дварышчанскай ферме цялятніцай. Неаднойчы выходзіла пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва, пра што сведчаць шматлікія значкі. Яе цялушкамі ў свой час любаваўся сам першы сакратар райкама партыі Лявонцій Іўчын. А ў 1982 годзе за высокія дасягненні ў вытворчасці Лідзія Лямачка (на здымку) адзначана дзяржаўнай узнагародай. Ордэн “Знак Пашаны” яна атрымлівала ў Маларыце разам з тагачасным галоўным аграномам калгаса «Перамога», кандыдатам сельскагаспадарчых навук Генрыхам Канановічам, які быў уганараваны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
І замуж яна пайшла не ад вялікага кахання. Як прызналася Лідзія Іванаўна, уступіць у шлюб з Андрэем Лямачкам, які працаваў трактарыстам і нават брыгадзірам паляводчай брыгады, яе прымусілі жыццёвыя абставіны. Старэйшыя брат і сёстры на той час пакінулі ўжо бацькоўскі дом, які больш быў падобны на хатку на курынай ножцы. Адрамантаваць яго ці пабудаваць новы са старэнькай маці яны не маглі. Вось Ліда і прыняла прапанову Андрэя.
Ды толькі жыццё не заладзілася. Не сцярпелася і не злюбілася. І калі б не нараджэнне дачкі, іх сцежкі-дарожкі, магчыма, і разбегліся б назаўсёды: не, ён не падымаў на яе руку, а вось выпіць любіў. Менавіта гэта і было прычынай сямейных разладаў. І хоць пражылі яны з мужам (нябожчыкам ужо) 22 гады, сапраўднага жаночага шчасця яна так і не спазнала. Магчыма, таму і працавала так самааддана, усю душу ўкладвала ў работу.
За жыццё побач са старой хатай бацькоў мужа сваёй працай, і дзякуючы дапамозе колішняга старшыні гаспадаркі Пятра Яцуры, які цаніў, паважаў і ўсяляк заахвочваў працавітых людзей, пабудавала дыхтоўны дом. У ім жыве сям’я дачкі, якая таксама працуе цялятніцай, а ўнук Андрэй, яго яна заўжды з нецярпеннем чакае, вучыцца ў Ляхавіцкім аграрным каледжы на заатэхніка. Яна ж засталася ў той хацінцы, куды некалі прывёў яе муж. Маўляў, і паміраць тут буду. Хоць зараз, здаецца, самы час пажыць: і адзення хапае ўсякага, і есці ёсць што, і пенсію нядрэнную атрымлівае. Ды толькі не даюць спакою балячкі, якія нажыла цяжкай ручной працай у маладосці і сталым узросце на ферме. Нямеюць пакручаныя пальцы на руках, ныюць хворыя суставы. І ногі зусім не слухаюцца. Цяпер нават па хаце не можа прайсці без свайго кіёчка. Па гэтай прычыне, а яшчэ таму, што нічога ўжо нельга змяніць і вярнуць, і з’яўляецца сум, які ў дзень нараджэння заўжды ахутвае сэрца жанчыны, хоць па жыцці яна заўжды была і застаецца аптымісткай, а заспявае — заслухаешся…

Надзея ЯЦУРА. 
Фота Алега Крэмянеўскага.

 

Свае
на чужыне

Біяграфія Івана Карпука, прадстаўніка пакалення 60-ых, вельмі падобная на біяграфіі многіх яго аднагодкаў. Вучыўся ў сілу сваіх здольнасцяў у Междулескай сярэдняй школе на Бярозаўшчыне. Быў, як і ўсе тады, членам піянерскай і камсамольскай арганізацый. Паважаў бацькоў, простых сялянскіх працаўнікоў, любіў сястру. Са стараннем і ахвотна дапамагаў першым па гаспадарцы, не даваў ніколі і нікому ў крыўду сястру. А калі пасля заканчэння школы прыйшла павестка ў армію, адслужыць у яе радах  лічыў сваім мужчынскім і грамадзянскім абавязкам. А як жа! Не пойдзеш у армію, дык і ў мужчынскіх колах павагі не чакай, і дзяўчаты з пагардай паглядваць будуць.

Калі адслужыў, прыехаў у роднае сяло. Маладыя людзі ў большасці сваёй імкнуліся тады пакінуць родную вёску, падацца ў іншыя мясціны, дзе, лічылі, будзе лепш. Паехаў на Маларытчыну і Іван Карпук, дзе на той час жылі і працавалі яго знаёмыя. Спецыяльнасці ніякай не было, але рукам яго вельмі паддавалася такая работа, як зварка. Навыкі яе Іван самастойна і асвоіў, калі не ўлічваць спецыяльныя месячныя курсы, на якія яго накіравалі.
А ў Лідзіі, будучай жонкі, якая была таксама родам з Бярозаўшчыны, на Маларытчыне жыў брат. Так на чужыне і сышліся іх дарогі ў адну. Даўно гэта было? Даўно! 27 гадоў таму назад. Цяпер ужо і дом, што некалі выдзеліў іх сям’і калгас, стаў уласнасцю Карпукоў, бо яго выкупілі; і дзеці выраслі, сваёй дарогай пайшлі. Дачка закончыла Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, працуе педагогам у Бярозе, у Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання. Сын вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце ядзернай фізікі. Прайшоў на бюджэт, бо добра здаў тэсты.Па фізіцы, асноўным прадмеце, набраў 93 балы са 100 магчымых. Дарэчы, рэпетытара бацькі сыну не наймалі. Яму дастаткова было тых ведаў, што набыў у школе і ў абласным ліцэі для адораных дзяцей, куды яго запрасілі пасля таго, як на абласной алімпіядзе па фізіцы ў 9-ым класе заваяваў дыплом III ступені.
— Ці часта прыязджаюць дзеці дамоў? — пацікавілася ў жонкі Івана Яўгенавіча Лідзіі Іванаўны, якая працуе галоўным эканамістам у СВК ”Арэхава”.
— Заўсёды, калі нам трэба дапамагчы, да працы яны прывучаныя з дзяцінства. А яшчэ, — удакладніла Лідзія Іванаўна, — абавязкова на 7 лістапада. У таты — дзень нараджэння, ды й выхадны дзень. А значыць, ёсць прыемная нагода зноў сабрацца ўсёй сям’і разам.
Ірына КАСЦЕВІЧ.

НА ЗДЫМКУ: жыхар вёскі Ланская Іван Яўгенавіч КАРПУК. 
Фото Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА,

Месца прапіскі: вёска

Тактоўны, далікатны, сціплы — гэтыя рысы ў 27-гадовым Ільі Байкуновічу распазнаюцца з першых хвілін знаёмства з ім. Як і належыць па правілах этыкету і гасціннасці, сустрэў нас ля веснічак, ветліва запрасіў у дом. А калі развітваліся, да веснічак правёў. І мне адразу падумалася: калі б усе маладыя людзі былі так добра выхаваны, як Ілья! Зрэшты, выхоўваўся ён у сям’і вясковых педагогаў, дзе, па словах самога маладога чалавека, не цураліся ніякай працы, любілі сваю прафесію, ніколі не ставілі іншыя інтарэсы вышэй за інтарэсы сям’і, а галоўным багаццем лічылі здароўе і такія матэрыяльныя каштоўнасці, як любоў, павага, узаемаразуменне.

Ілья Байкуновіч — малады спе­­­цыяліст сельскагаспа­дар­чага ўнітарнага прад­прыемс­тва ”Савушкіна”, а дакладней, ветэрынарны ўрач-артапед. Працуе на новай малочнатаварнай ферме ў Дворышчы. Закончыў Ляхавіцкі аграрны каледж і Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. У “Савушкіна” прыехаў па размеркаванні 2 гады таму назад. І быў прыемна здзіўлены, як у гэтай гаспадарцы ставяцца да маладых спецыялістаў. Па-першае, Ільі прапанавалі пасаду, якая за­да­воліла яго не толькі ў плане прафесійнай самарэалізацыі, але і ў матэрыяльным. Па-другое, ветэрынарнаму доктару выдзелілі добраўпарадкаваны інтэрнат, а калі Ілья стаў чалавекам сямейным, — дом з усімі выгодамі. Па-трэцяе, у“Савушкіна”знайшлі працоўнае месца і для жонкі маладога спецыяліста, юрыста па спецыяльнасці. Па-чацвёртае, і Ілья, і яго Хрысціна атрымаюць ад гаспадаркі грашовую дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці, што прадугледжана калектыўным дагаворам. А сям’я іх літаральна гэтымі днямі стала большай на аднаго маленькага чалавечка. Карацей кажучы, Байкуновічы пакуль усім задаволены. І планаў ніякіх на бліжэйшы час не будуюць, хаця, прызналіся нам, хочацца быць бліжэй да бацькоў, родных, якія жывуць на Лунінеччыне.
А пакуль маладыя людзі абжываюцца ў тутэйшых мясцінах, заводзяць сяброў і берагуць свой сямейны ачаг, дзе ўтульна і камфортна, дзякуючы старанным і клапатлівым рукам маладой гаспадыні, цёпла ад гарачыні шчырых пачуццяў мужа і жонкі, і дзе цяпер ужо штодзённа чуецца гучнае ”агу” немаўляці — іх жаданага і любімага сына.

Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: малады спецыяліст СУП «Савушкіна» ветурач-артапед Ілья БАЙКУНОВІЧ.

Фото Алега
КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ №  86 от 5.11.16г.

 

 

Добавить комментарий


http://best-cooler.reviews

topobzor.info/intimnye-igrushki-–-tovary-dlja-vzroslyh-ot-alijekspress-kitaj/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!