Якар для маладых

СВК “Чарняны” – аддаленае ад райцэнтра сельгаспрадпрыемства. Аднак нягледзячы на гэта, сюды ахвотна едуць маладыя спецыялісты. Цяпер іх тут 8 працуе.
— Яны вельмі патрэбны вёсцы, на іх ўскладваецца вялікая надзея,- пераканана Галіна Перкавец, намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце. —  Інакш вёска хутка дажыве свой век. А  каб яны назаўжды замацаваліся ў СВК,   неабходна ў іх верыць, даваць магчымасць рэалізоўваць свае ідэі. Думаецца, што калі абраная прафесія і ўмовы працы будуць  задавальняць маладога спецыяліста,  то іх нічога не будзе пужаць і страшыць. Упэўнена, што своеасаблівым якарам для замацавання маладых спецыялістаў на вёсцы павінна стаць паляпшэнне сацыяльнай інфраструктуры. Моладзі  патрэбен утульны куточак, куды б можна было пайсці адпачыць, сустрэцца з равеснікамі, прыемна, з карысцю і культурна правесці свой вольны час. Адчуваецца, што нашы маладыя спецыялісты прыехалі не проста адбыць патрэбны тэрмін. Яны імкнуцца разабрацца ва ўсіх нюансах і тонкасцях сваёй работы, маюць сур’ёзныя планы на будучае. Маладым спецыялістам у нас камфортна, у чым пераконвае хаця б вось такі прыклад. Юлія Хоміч, бухгалтар, пасля таго, як адпрацавала 2 абавязковыя гады, засталася ў гаспадарцы. І ні аб чым не шкадуе.
Падабаецца ў СВК і яшчэ аднаму маладому спецыялісту – Заране Шэршун, якая займае пасаду бухгалтара-дыспетчара.
— Cюды я трапіла па размеркаванню,  — расказвае Зарана Іванаўна. – У СВК мяне задавальняе многае: умовы працы,  адносіны кіраўніцтва, згуртаванасць калектыву. На вёсцы можна жыць, калі для гэтага ёсць належныя ўмовы. Да іх я, напрыклад,  адношу: добрую работу па набытай спецыяльнасці, пастаянную зарплату, уласнае жыллё. Хто вырас у вёсцы,  як я,  хто любіць зямлю,  той і замацуецца на сваім першым працоўным месцы. Я пераканана, што ўсюды неабходна працаваць сумленна. Тады цябе і заўважаць. Калі захацець, то і на вёсцы можна зрабіць кар’еру.
Заране пашанцавала яшчэ і таму, што побач аказалася Раіса Іванаўна Арэшка, мудры настаўнік-дарадца, высакакласны спецыяліст, які ва ўсім дапамагае і падказвае. Ды і іншыя імкнуцца  параіць, падтрымаць словам, справаю. А яшчэ дапамагае тое, што маладыя спецыялісты гаспадаркі ў добрых адносінах паміж   сабою. Між   іншым, у час нашага прыезду ў СВК яны абмяркоўвалі набалелыя пытанні ля праўлення гаспадаркі (на здымку: Дзяніс Нікіцюк, брыгадзір; Юлія Хоміч, бухгалтар; Зарана Шэршун, бухгалтар-дыспетчар; Вольга Пілецкая, галоўны эканаміст; Сяргей Валюшка, інжынер-энергетык).
— А як жа іначай. Так і павінна быць, — усміхаецца мая субяседніца. — Кожны ж дзень бачымся. Здружыліся. Сябры павінны быць усюды. Ды так і весялей.
— Як да маладых спецыялістаў адносіцца кіраўніцтва СВК? – цікаўлюся я.
— З разуменнем,  — пераконвае Зарана. – Як да роўных. Чаго не ведаем – вучыць,  але тактоўна, далікатна. Такая атмасфера ніколі не адаб’е ахвоту працаваць.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара і Алега Крэмянеўскага.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Якар для маладых: 1 комментарий

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.