Рубеж новага жыцця

…І зноў у зале гарадскога Дома культуры сабраліся навабранцы чарговага прызыву, іх бацькі, родныя, сябры, прадстаўнікі раённай улады, каб ва ўрачыстай абстаноўцы правесці юнакоў на службу ў армію і пажадаць дастойна несці званне абаронцы Айчыны.
Гады службы – гэта, несумненна, новы этап у жыцці не толькі прызыўнікоў, але і іх бацькоў. У кожным бацькоўскім доме, з якога адпраўляецца ў армію сын, будуць пастаянна і з трапяткімі пачуццямі чакаць добрых і прыемных навін. Таму так важна, каб у сем’ях была спрыяльная абстаноўка, каб і бацькі, і іх сыны падтрымлівалі адзін аднаго, таму што лёгка на службе не будзе – будзе проста мужчынская работа, у час якой важна не толькі навучыцца валодаць зброяй, але і быць маральна ўстойлівым.
— Мы спадзяемся, што прызыўнікі нашага раёна будуць служыць дастойна і не пасаромяць сваю маленькую радзіму, — звярталіся да юнакоў намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, айцец Віктар, бацька прызыўніка Валерый Хвядыніч. Алег Яльніцкі ад імя навабранцаў запэўніў, што званне абаронцы Айчыны яны пранясуць дастойна.
…Зачытаны Указ № 277 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2016 г. “Аб звальненні ў запас і прызыве ў жніўні-лістападзе на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве”, уручаны павесткі, падарункі ад райвыканкама, іконкі… Гучаць песні. Сёння яшчэ так цёпла і надзейна разам са сваімі роднымі і сябрамі. А заўтра ўжо чакае мужчынская работа, якая патрабуе мужнасці, вынослівасці, адданасці. Няхай жа навыкі і ўменне, набытыя за час службы, ніколі не спатрэбяцца на палях баёў, а толькі ў час святочных парадаў.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час урачыстых провадаў прызыўнікоў у армію.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 87 от 12.11.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.