Рэформы для беспрацоўных

Напрыканцы кастрычніка ўступіла ў сілу новая рэдакцыя зако­на “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь”. Змяненні  прыняты для таго, каб у службу занятасці звярталіся не пра­фе­сійныя “беспра­цоўныя”, а людзі, якія сапраўды жадаюць  пра­цаўладкавацца. Што змянілася ў рабоце з беспрацоўнымі, расказала ў інтэрв’ю начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Хатынюк. 

— Аб сітуацыі на працоўным рынку ў апошні час ідзе шмат размоў. На што накіраваны рэформы ў заканадаўстве?
— Прагназуецца, што абноўлены закон будзе спрыяць павышэнню актыў­насці грамадзян, умацаванню адказнасці беспрацоўных за парушэнне заканадаўства. Новыя меры прымусяць наймальнікаў своечасова падаваць ін­фар­мацыю аб наяўных ва­кансіях, а грама-дзян больш інтэнсіўна шукаць варыянты працаўладкавання. У прыватнасці, з’явіўся артыкул, які замацаваў абавязкі беспрацоўных. Раней у іх былі толькі правы.
— І якія абавязкі цяпер ёсць у беспрацоўных?
— Перш за ўсё мэта­накі­равана займацца пошукам работы і інфармаваць аб выніках яго аддзел занятасці. Ёсць нямала прыкладаў, калі асобы, якія не былі настроены на працаўладкаванне, да апошняга адцягвалі размову з наймальнікам, спа-дзеючыся, што вакансія ўжо стане неактуальнай. Цяпер жа беспрацоўны павінен прыйсці на перагаворы да наймальніка на працягу двух працоўных дзён пасля атрымання ў аддзеле занятасці накіравання. Раней гэта можна было зрабіць за тры дні. Тым, хто на гутарку “спозніцца”, будзе скарочаны памер дапамогі па беспрацоўі. Але наша задача не пакараць беспрацоўнага, а дапамагчы яму працаўладкавацца. У першую чаргу трэба надаць увагу тым людзям, хто сапраўды зацікаўлены ў пошуку работы, а не тым, хто жадае атрымаць статус беспрацоўнага. Да прыкладу, дапамагчы той жа шматдзетнай маці, якая спрабуе знайсці работу.
— Таццяна Васільеўна, раскажыце, якія яшчэ змяненні замацаваны ў новым дакуменце?
— Напрыклад, цяпер афі­цыйна беспрацоўным можна быць не больш за 18 ме­сяцаў (раней гэты тэрмін быў у два разы большым). У законе канкрэтна вызначаны абавязкі грама-дзян, якія праходзяць праф­адукацыю па накіраванні службы занятасці. Дарэчы, патрабаванні гэтыя за­­ка­намерныя і лагічныя, паколькі на прафадукацыю выкарыстоўваюцца дзяржаўныя сродкі: калі беспрацоўнага накіравалі на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі і навучальныя курсы, дык ён абавязаны добрасумленна і адказна ставіцца да засваення адукацыйных праграм, рэгулярна з’яўляцца на заняткі, выконваць правілы ўнутранага распарадку.Таксама наймальнікі цяпер могуць складаць з беспрацоўнымі не толькі тэрміновыя працоўныя дагаворы, як было раней, але і грамадзянска-прававыя дагаворы на аплачваемыя грамадскія работы. Гэта спросціць працэдуру афармлення на такія работы і дазволіць пашырыць колькасць наймальнікаў, якія арганізуюць удзел гра­мадзян у аплачваемых грамадскіх работах.
— Наколькі я ведаю, змяніліся і ўмовы, пры якіх чалавек можа страціць статус беспрацоўнага?
— Сапраўды. Калі чалавек не прыходзіць у аддзел за­нятасці без уважлівай прычыны больш за два месяцы (раней тэрмін быў 3 месяцы), яго могуць пазбавіць статуса афіцыйнага беспра­цоўнага. Пры гэтым зноў зарэгістравацца можна толькі праз 12 месяцаў з моманту зняцця з уліку. Ра­ней некаторыя грама­дзяне станавіліся паўторна на ўлік ужо на наступны дзень. Цяпер гэта зрабіць немагчыма. Пры паўторнай рэгістрацыі будзе ўлічвацца выкананне патрабаванняў заканадаўства аб занятасці насельніцтва. Грамадзяне, у адносінах якіх судом прыняты рашэнні аб спагнанні выплачаных ім сум органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, паўторна могуць быць зарэгістраваны ў якасці беспрацоўных толькі пры ўмове поўнай кам­пенсацыі спагнаных срод­каў.
— Законам аб занятасці замацаваны абавязкі двух бакоў – як беспрацоўнага, так і наймальнікаў. Якія патрабаванні павінны выконваць работадаўцы?
— Наймальнікі цяпер павінны пісьмова на працягу пяці працоўных дзён паведамляць у аддзел занятасці аб вакансіях, якія ў іх з’явіліся (раней на гэта адводзілася 14 дзён). Такое новаўвядзенне будзе спрыяць таму, каб больш аператыўна атрымаць ад наймальнікаў звесткі аб актуальных вакансіях і дазволіць пашырыць магчымасці для падбору месца працы для беспрацоўных. За парушэнне гэтага патрабавання прадугледжаны штраф ад 5 да 20 базавых велічынь. Прадпрыемствы таксама абавязаны паведамляць, калі вакансія ўжо закрыта. Наймальнікі будуць інфармаваць цэнтры занятасці аб любым скарачэнні работнікаў не пазней чым за два месяцы. Да гэтага інфармаваць нас трэба было толькі пры масавых скарачэннях. Такое новаўвядзенне дазволіць своечасова атрымліваць інфармацыю аб скарачэннях і аказаць грамадзянам, якія засталіся без работы, садзейнічанне ў пошуку працы, абыходзячы перыяд беспрацоўя. Яшчэ адна абаронная ад беспрацоўя мера датычыцца прафадукацыі работнікаў, якія знаходзяцца пад пагрозай звальнення, — наймальнікам цалкам ці часткова будуць кампенсавацца выдаткі на апера­джальнае перанавучанне. Такая практыка ў рэспубліцы ўжо выкарыстоўвалася, зараз яна замацавана ў законе. Таксама ўпершыню заканадаўча вызначаны катэгорыі работнікаў, што знаходзяцца пад пагрозай звальнення.
— Сярод новаўвядзенняў і доўгачаканая мера аба­­ро­ны для маладых мам, якія даглядаюць за дзецьмі да трох гадоў.
— Нямала выпадкаў, калі да нараджэння дзіцяці жанчына не паспела атрымаць ні спецыяльнасць, ні вопыт работы. Шанц знайсці месца працы праз тры гады для яе быў невялікі. Павысіць мабільнасць такіх жанчын на працоўным рынку даюць магчымасць змяненні ў заканадаўстве. Цяпер яны змогуць звярнуцца ў цэнтр занятасці, каб прайсці прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку ці павысіць кваліфікацыю на тых жа ўмовах, што і беспрацоўныя. Акрамя таго, жанчыны-маці, якія працяглы час не працавалі ў сувязі з доглядам за дзіцём да трох гадоў, змогуць удзельнічаць у праграме “Маладзёжная практыка” — для замацавання працоўных навыкаў на практыцы. Пры гэтым наймальнікам кампенсуюцца выдаткі на аплату працы ў межах мінімальнай заработнай платы, што бу­дзе спрыяць павышэнню іх канкурэнтаздольнасці на рынку працы.
Гутарыла Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.

На здымку: Таццяна Хатынюк, начальнік аддзела занятасці ўпраўлення па працы,занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 87 от 12.11.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


agroxy.com

maxformer.com/elektricheskie-pogruzchiki

Узнайте про важный веб сайт со статьями про ковер настенный https://www.3kovra.com.ua/kovry/nastennye-kovry/