Бачыць душою…

Кожны з нас можа ўявіць, што такое слепата. Варта толькі не ўключыць святло ў цёмным пакоі. Хопіць і хвіліны, каб адчуць нязручнасці. Нам адразу захочацца пазбавіцца ад гэтага стану.  Калі ты здаровы і твае вочы бачаць, паправіць сітуацыю няцяжка. Але толькі не ў выпадку, калі зрок назаўжды забірае хвароба.

Да сямідзесяці гадоў Надзея Андрэеўна Мармалюк ніколі не ведала праблем са зрокам. Карэнная жыхарка Гвозніцы, у роднай вёсцы некалі закончыла сямігодку, пайшла працаваць у калгас, вый­шла замуж, нарадзіла дзвюх дачок, выгадавала іх, была заўжды добрай маці і клапатлівай жонкай, умелай гаспадыняй, якая не толькі спраўлялася з любой работай па хатняй гаспадарцы, але нават каня магла запрэгчы. А колькі цудоўных карцін, дываноў, навалачак, пакрывалаў, абрусаў, якія ўпрыгожваюць утульныя пакоі дома, вышылі крыжыкам і гладдзю яе рукі! І ў лесе ні адзін самы маленькі грыб ад праніклівага вока не мог схавацца. І калі з’явіліся першыя праблемы са зрокам, вядома, пажылая жанчына і падумаць не магла, што пройдзе ўсяго некалькі гадоў, і замест блакітнага неба, яркага сонейка, кветак на вышытых ёю ручніках яна будзе бачыць толькі цемру. Ад першых прыкмет хваробы да канчатковага вельмі сумнага вердыкту ўрачоў прайшло зусім мала часу. Дактары адзначалі, што калі б пацыентка, у якой выявілі глаўкому, у клініцы Львова, куды звярнулася Надзея Андрэеўна разам з дачкой, што жыве на Украіне, была пра­аперыравана раней, зрок, магчыма, удалося б захаваць. Але ўпушчаны на лячэнне медыкаментамі час назад было не вярнуць. Пакуль вочы маглі адрозніваць хоць сілуэты прадметаў, як расказвала На­дзея Андрэеўна, была магчымасць самой сябе дагледзець. Калі ж святло “пагасла” ў абодвух вачах, яна нібы страціла сувязь з навакольным светам. Цяпер адзіная нітачка, што звязвае з жыццём за парогам дома, – дачка Лідзія, якая жыве з маці ў адной вёсцы. А адзіная радасць — пяцёра ўнукаў і пяцёра праўнукаў, якія наведваюць, падтрымліваюць, дапамагаюць і клапоцяцца.
— Я прывыкла працаваць, нешта рабіць, але даводзіцца сядзець, толькі радыё слухаць ды думаць. А гэта вельмі цяжка. І ў руках сіла яшчэ ёсць, здаецца, усё б рабіла, але як рабіць, калі не бачыш, што побач ляжыць, і ногі б яшчэ далёка ішлі, але з пакою ў пакой навобмацак перайсці і тое складана, — дзеліцца Надзея Андрэеўна.
А працаваць яна і сапраўды пачала з ранніх гадоў. Пасля школы ўладкавалася ў мясцовую гаспадарку ўчотчыцай. Пераканаўшыся, што яна спраўляецца са сваімі абавязкамі добра, яе перавялі ў касіры. Надзея Мармалюк заўжды была актывісткай. І членам выбарчай камісіі яе выбіралі, бо людзей добра ведала, і ў кожным перапісе насельніцтва ўдзельнічала, бо заўжды адказнай была.
— Хутка зноў перапіс у краіне, — з веданнем справы заўважае На­дзея Андрэеўна. І, смеючыся, дадае: -Можа б, і зараз мне такую справу даверылі. Але ж вось толькі вочы не бачаць…
Падумалася: гэта ж наколькі моцны душэўны стрыжань трэба мець, каб наперакор бядзе быць аптымісткай. Быццам пачуўшы мае думкі, Надзея Андрэеўна тлумачыць:
— Што ж мне толькі гараваць? Калі нічога ўжо не зробіш, трэба жыць з тым, што ёсць.
А ў яе ёсць многае. І ў першую чаргу – родныя людзі, яе працяг. Дачку, якая жыве ва Украіне, чакае яна ў госці, таму і не спяшаецца са свайго дома да другой дачкі з’язджаць. Вось сустрэну гасцей, гаворыць, тады і пайду ўжо да сваіх зімаваць. Не хочацца гаспадыні з домам сваім развітвацца, дзе ведае кожны куточак. Але разумее, што так і ёй, і блізкім будзе лягчэй.
— Цяжка ў такім узросце пры­стасоўвацца ўжо да новага жыцця. Але калі так наканавана, трэба прывыкаць, — разважліва гаворыць Надзея Андрэеўна. Хоць кожны крок «у цемры» даецца ёй з цяжкасцю, але гасцінная гаспадыня праводзіць нас да самага парога. Мы развітваемся, ідзем, азіраемся. Яна, здаецца, глядзіць нам услед. І хоць вочы яе не бачаць, мы разумеем, што бачыць нас яе душа – добрая, адкрытая…
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Надзея Андрэеўна Мармалюк.
Фото Алега Крэмянеўскага.
Опубликовано ГЧ № 87 от 12.11.16г.

Добавить комментарий


pills24.com.ua

https://salon-svadebny.com.ua

eurobud.com.ua/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!