Адзін дзень з ахоўнікамі мяжы

Цікавасць да тэхнікі, зброі, інжынернага абсталявання ў прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, напэўна, у крыві. Таму многія з іх самі жадаюць служыць у арміі, каб прайсці школу мужнасці, авалодаць навыкамі, якія будуць карыснымі кожнаму мужчыну. Нямала юнакоў аддаюць перавагу прафесіі ваеннага ў час паступлення. Цяпер, дарэчы, і дзяўчаты не ўпускаюць шанс ахоўваць спакой сваёй краіны і ідуць вучыцца на ваенныя спецыяльнасці. Пабачыць знутры ваенную справу, на дзень акунуцца ў армейскую атмасферу, каб зразумець, ці ёсць жаданне абраць шлях ваеннага, дапамог юнакам і дзяўчатам дзень адчыненых дзвярэй, які прайшоў у аддзеле пагранічнай службы “Маларыта”.
Ваенны гарадок АПС “Маларыта”, у які так проста не патрапіш, на два дні перат­варыўся ў экскурсійны маршрут.Больш чым сто ліцэістаў Маларыцкага дзяржаўнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці і столькі ж вучняў-старшакласнікаў са школ раёна і горада знаёміліся з бытам і асаблівасцямі службы пагранічнікаў, тэхнікай і ўзбраеннем, якія прымяняюцца ў ахове мяжы. Удзел у мерапрыемстве прынялі намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Валянціна Жалнерык і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Надзея Пстыга.
Сустракалі маладых людзей намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце Уладзімір Данілёнак і намеснік начальніка па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні Сяргей Карась. Яны расказалі аб гісторыі АПС “Маларыта”, аб тым, чым цікавая і неабходная служба пагранічнікаў, а таксама правялі невялікую экскурсію па будынку аддзела. Моладзь убачыла, як жывуць, дзе снедаюць, займаюцца і адпачываюць ваеннаслужачыя. У фае іх увагу прыцягнула “экспазіцыя” зброі, спецыяльных сродкаў, якія прымяняюцца пагранічнікамі ў паўсядзённай службе. Багаты арсенал узбраення выклікаў у хлопцаў шмат пытанняў, якія пагранічнікі не пакінулі без адказаў. Расказаў пра баявую зброю і экіпіроўку начальнік 18 пагранічнай заставы Дзмітрый Супрановіч, агляд інжынернага абсталявання зрабіў намеснік начальніка 19 пагранічнай заставы Антон Собаль, аб забеспячэнні сувязі расказаў начальнік сувязі Іван Маркітан. Шмат эмоцый у школьнікаў і ліцэістаў выклікала наведванне спецыяльна абсталяванага памяшкання для затрыманых. Уразілі маладых людзей гісторыі аб затрыманнях парушальнікаў пагранічнага рэжыму. Не менш спадабалася моладзі і знаёмства з тэхнікай. Магутныя машыны асабліва прывабілі ліцэістаў, спецыяльнасць якіх цяпер звязана з тэхнікай.
Але ж самай чаканай часткай дня адчыненых дзвярэй для вучняў стала выступленне кінолага, які на практыцы паказаў, як службовыя жывёліны дапамагаюць ахоўваць мяжу. Сабака Бака выканаў асноўныя элементы агульнага курса дрэсіроўкі, па-майстэрску справіўся з паласой перашкод і на “дэсерт” затрымаў імправізаванага “злачынцу”. Паказалі маладым людзям і гадавальнік службовых сабак, дзе кінолагі расказалі аб асаблівасцях догляду за жывёлінамі.
Для моладзі пагранічнікі падрыхтавалі і прафарыентацыйную праграму. У лекцыйнай зале для іх дэманстравалі прэзентацыі, з інфармацыяй аб тым, што неабходна для паступлення, у якіх навучальных установах можна атрымаць ваенную спецыяльнасць, а таксама фільм “Адзін дзень на мяжы”, які падагульніў усё ўбачанае школьнікамі і ліцэістамі ў час экскурсіі па аддзелу пагранічнай службы “Маларыта”.
Дар’я ПАДАЛІНСКАЯ.
На здымкУ: у час дня адчыненых дзвярэй у АПС “Маларыта”.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 88 от 16.11.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!