Ідзі дарогаю дабра !

Часта ў мітуслівых буднях нам не хапае цярплівасці, стрыманасці, спагады і дабрыні. А як важна ўсё гэта кожнаму чалавеку! Пастарацца зрабіць свет вакол сябе больш добрым можа кожны. Варта толькі падарыць цяпло свайго сэрца бліжняму, падзяліцца ўсмешкай, пастарацца падтрымаць і дапамагчы. Гэтую простую формулу добрых узаемаадносін пастараліся данесці да ўсіх удзельнікаў сустрэчы, што прайшла ў рамках Дня талерантнасці, які адзначаецца ва ўсім свеце 16 лістапада, арганізатары “Акцыі дабрыні” – раённы камітэт ГА “БРСМ”, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённы фізкультурна-спартыўны клуб.
Месцам правядзення мерапрыемства зусім не выпадкова было абрана аддзяленне дзённага знаходжання для маладых інвалідаў. Талерантнасць – гэта цярпімасць, павага да іншага чалавека, прыняцце яго такім, які ён ёсць. Даць магчымасць выхаванцам аддзялення ў чарговы раз праявіць сябе, замацаваць у іх упэўненасць у тым, што ўсе людзі розныя: са сваімі асаблівасцямі, звычкамі, думкамі, традыцыямі, але ўсе яны – роўныя, бо могуць рэалізаваць свае таленты, здольнасці, задумы і мары, і было галоўнай ідэяй акцыі. І яркі акцэнт на магчымасць роўных адносін дапамаглі зрабіць валанцёры БРСМ – юнакі і дзяўчаты, якія прыйшлі на мерапрыемства, каб падтрымаць дыялог аб дабрыні. Людзей розных узростаў, прафесій, нацыянальнасцей аб’ядноўвае творчасць. Мовай яе і вёўся шчыры дыялог. Юнакі і дзяўчаты чыталі вершы, што краналі душу, паказвалі сцэнкі, дзе дабро перамагала зло. А яшчэ кожны дзяліўся сваімі марамі. І самае прыемнае, што ў пажаданнях гучала не столькі асабістае, колькі агульнае – каб быў мір на зямлі, каб здзейснілася дзіва і ўсе хворыя сталі здаровымі, каб у жыцці не было месца жорсткасці і ўчынкі людзей былі толькі добрымі. Каб падкрэсліць шчырасць сваіх пажаданняў, усе ўдзельнікі сустрэчы на плакаце пакінулі адбіткі сваіх далоняў. Атрымалася прыгожая эмблема сустрэчы. Прыемным сюрпрызам для калектыву аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў сталі падарункі ад маладзёжнага аб’яднання, якія ўручыла першы сакратар РК ГА “БРСМ” Надзея Пстыга. Цеплыню дабавілі сустрэчы цёплыя піражкі з іншымі прысмакамі, якімі пачаставала ўсіх удзельнікаў акцыі грамадскае аб’яднанне “Беларускі фонд міру”. Старшыня раённай арганізацыі фонду Людміла Бурштын пажадала ўсім, каб цяпло заўжды сагравала нашы душы, каб у сэрцах жылі дабрыня і чуласць і кожны дзень хацелася рабіць толькі добрыя справы.
Пачаставаўшыся ласункамі, выхаванцы аддзялення і валанцёры паўдзельнічалі ў шашачным турніры, які правялі спецыялісты фізкультурна-спартыўнага клуба. А затым усе разам прынялі ўдзел у дыскатэцы.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час “Акцыі дабрыні”.

Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано ГЧ № 90 от 26.11.16г.

Добавить комментарий


>medicaments-24<

горный велосипед купить

nissan-ask.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!