Аптэкарка

Існуе меркаванне, што добрая аптэка трымаецца на трох “кітах”: уважлівым персанале, якасным абслугоўванні і шырокім асартыменце. Да ліку такіх можна аднесці і аптэку № 222, што зна­ходзіцца на вуліцы Леніна ў Маларыце. Сёлета ў ліпені споў­ніўся год, як яе загадчыцай працуе Марына Качанка. Марыне Сяргееўне, па меркаванні калег і наведвальнікаў, уласціва ветлівасць, адкрытасць, каму­нікабельнасць, адказнасць, іні­цыя­тыўнасць, увага да субя­сед­ніка, цярпенне, уменне абыхо­дзіцца з людзьмі, жаданне дапа­магчы ім.

Марына Качанка фарма­цэўтам быць зусім не збіра­лася. Дзяўчына ў школьныя гады марыла набыць спецыяльнасць стаматолага. Таму пасля заканчэння Маларыцкай раённай гімназіі дакументы падала ў Беларускі дзяр­жаўны медыцынскі ўніверсітэт.
— Паступаць у ВНУ ехала з мэтавым накіраваннем і 333 баламі, — расказвае Марына Сяргееўна. – Крыўдна, але не паступіла. У дзяўчыны з Лунінецкага раёна таксама было столькі ж балаў, мэтавае накіраванне… Ва ўніверсітэт на бюджэтнае месца была залічана яна, таму што мела льготу ў ад­паведнасцi з Законам Рэспублiкi Беларусь “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС”. Каб марна не прапаў год, вырашыла, параіўшыся з бацькамі, набыць спецыяльнасць фармацэўта ў Магілёўскім медыцынскім фармацэўтычным кале­джы.
На першае месца працы маладога спецыяліста накіравалі на Маларытчыну. Тут Марыну Качанка адразу ж назначылі загадчыцай аптэкі № 222.
–Спачатку трошкі баялася гэтай адказнай пасады, — прызнаецца мая субяседніца. – Але Наталля Ганчарэнка, загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі №14, і Галіна Маліч, намеснік, падтрымалі, з першага дня працы аказвалі ўсю неабходную дапамогу. Важным з’яўляецца і тое, што працоўнае месца абсталявана камп’ютарнай тэхнікай з сучаснымі пра­грамнымі модулямі. З дапамогай пэўнай праграмы можна даць наведвальнікам аптэкі аператыўную і дакладную інфармацыю аб наяўнасці лекавых сродкаў у аптэках горада.
-Аптэка з’яўляецца адным з самых важных і запатрабаваных аб’ектаў сацыяльнай сферы, — кажа Наталля Іванаўна. — Сёння аптэка — гэта не толькі месца, дзе можна набыць неабходныя лекі, але і атрымаць кан­сультацыі па пытаннях прафілактыкі захворванняў, здаровага ладу жыцця. Мы таксама прапануем даволі шырокі асартымент дадатковай прадукцыі: гігіенічныя сродкі, прадметы агульнай санітарыі, перавязачныя матэрыялы, касметыку… Робім усё магчымае, каб пакупнік на месцы змог набыць ўсё, што яму трэба.
Фармацэўт – гэта той чалавек, які выдатна раз­біраецца ў лекавых прэпаратах, іх прымяненні, складзе і дазіроўцы. Ён не павінен ніколі дапускаць нават і маленькай памылкі, бо яна можа каштаваць жыцця. Кожны медыцынскі і фармацэўтычны выраб павінен ляжаць на сваім фіксаваным месцы, інакш хутка нешта патрэбнае сярод мноства прэпаратаў знайсці будзе цяжка. А яшчэ аптэкарскі работнік у адказе за кожнага на­вед­вальніка, бо часта рэкамендуе той ці іншы лекавы сродак. Таму ўсё павінна быць дакладна выверана і праверана. Марына Качанка ў межах сваёй кампетэнцыі імкнецца забяспечыць людзей, якія прыходзяць да яе ў аптэку, усім неабходным.
-Пра ўсю глыбіню спе­цыяль­насці даведваешся, калі пачынаеш самастойную працоўную дзейнасць, — кажа Марына Сяргееўна. — Падчас вучобы ў раённай гімназіі і медыцынскім каледжы любімымі прадметамі былі хімія і біялогія. Набытыя веды мне дапамагаюць у працы. Без хіміі няма фармакалогіі, без добрага ведання гэтага прадмета фармацэўт не будзе валодаць механізмам дзеяння прэпарата. Агульнавядома, што памылка ўрача можа пазбавіць чалавека жыцця. Няўважлівасць або неадукаванасць фармацэўта каштуюць не менш дорага.
Марына Качанка пастаянна працуе над са­маў­­дасканаленнем. Для гэтага яна ў мінулым годзе паступіла завочна вучыцца ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на правізара. Цяпер даводзіцца сумяш­чаць работу і вучобу.
-Атрыманыя веды мне спатрэбяцца, таму што фармакалогія раз­віваецца. Работнікі аптэк павінны абавязкова ведаць усё новае, што з’яўляецца, каб цалкам валодаць інфармацыяй. Такое патрабаванне сённяшняга дня. Імкнуся пастаянна спасцігаць неабходныя аптэчныя сакрэты, каб стаць добрым спецыялістам.
* * *
Аптэка № 222 працуе штодзень з 9.00 да 18.00, акрамя суботы і нядзелі. Асартымент лекавых срод­каў і тавараў аптэчнага асартыменту ў ёй не горшы, чым у цэнтральнай аптэцы № 14.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Марына Качанка, загад­чы­ца аптэкі № 222 г.Маларыта.
Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 90 от 26.11.16г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


220km.net

https://sweet-smoke.com.ua/

читать дальше