Маларыцкая “Зменка” ў “Зубраняці”

Каманда “Зменка” ў складзе Наталлі Асіпук, Віталіі Глінскай, Алены Няхаевай (раённая гімназія), Андрэя Ваcільева (Мельніцкая БШ) і Аліны Жышкевіч (Ляхавецкі д/с-СШ) абараняла гонар Брэстчыны ў фінале рэспубліканскага конкурсу педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі “Энергічнае лета. Далучайся!” Мерапрыемства  прайшло на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра “Зубраня”.

— Мы прадстаўлялі Маларыцкі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, — гаворыць Наталля Асіпук. – Усе мерапрыемствы, распрацаваныя намі і прадстаўленыя на суд журы, былі праведзены ў летнім аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем падчас філалагічнай змены гэтага года (в.Олтуш).
Пераможцы ў рэспубліканскім спаборніцтве вызначаліся па суме балаў за 6 конкурсных выпрабаванняў. Каманда “Зменка” прад­стаўляла творчую візітку (педагагічнае крэда ў арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей), праводзіла масавае спартыўнае мерапрыемства “Вялікая жартоўная алімпіяда” ў рамках тэматычнага дня і гульню з залай, прадстаўляла творчы нумар “Важацкі вечар”, а таксама ўдзельнічала ў тэсціраванні па асновах педагогікі дзіцячага адпачынку і рашала на сцэне розныя педагагічныя сітуацыі.
-На жаль, для таго, каб атрымаць узнагароды важацкага конкурсу, — кажа Віталія Глінская, — нашай камандзе не хапіла некалькіх балаў. Але мы не адчайваемся, бо ў нас шмат новых, цікавых і арыгінальных задумак, якія плануем рэалізаваць летам 2017г. у аздараўленчым лагеры ў в.Олтуш. Сустрэча ў “Зубраняці” з калегамі з розных куточкаў Беларусі нас метадычна ўзбагаціла, дала штуршок для пошуку новых эфектыўных форм і метадаў работы з дзецьмі падчас іх адпачынку ў лагеры. Для сучасных дзяцей адных песень пад гітару ля вячэрняга кастра ўжо недастаткова. Ім патрэбны крэатыў, нестандартныя падыходы. Наша дружная каманда “Зменка” пераканана, што кожны дзень, які праведзены дзіцяцем у лагеры, павінен застацца ў яго памяці назаўсёды, пакінуць толькі станоўчыя эмоцыі і незабыўныя ўражанні.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: важацкая каманда “Зменка”.

Фота аўтара.

Опубликовано ГЧ № 90 от 26.11.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!