ЖЫЦЬ І ТОЛЬКІ ЖЫЦЬ!

Альбо пра тое, чым і як мы можам дапамагчы людзям, якія знаходзяцца ў крызісным стане.

Я не спецыяліст, таму прафесійна не магу растлумачыць, што такое крызісны стан і якімі канкрэтна могуць быць вынікі яго. Зрэшты, не на гэтую тэму будзе ісці размова. Хацелася б пагаварыць зусім аб іншым. А менавіта, як і чым мы можам дапамагчы людзям, якія знаходзяцца ў крызісным стане і якія часта не знаходзяць з яго больш ніякага вый­сця, акрамя як пакінуць гэтае жыццё.
Як праінфармаваў намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь Ігар Букач, па кожным факце суіцыду следчыя органы праводзяць праверку з мэтай высветліць, ці не было якіх-небудзь аб’ектыўных падстаў, што сведчаць аб жорсткім абыходжанні з тымі, хто закончыў жыццё самазабойствам, ці сістэматычнай знявазе іх асабістай годнасці з боку іншых асоб.
— Закончана праверка, — расказваў Ігар Іосіфавіч, — па ўсіх 7 фактах суіцыду, што мелі месца ў раёне сёлета. І ні ў адным з выпадкаў не было атрымана якіх-небудзь дадзеных, што ўказваюць на схіленне, давядзенне самазабойцаў трэцімі асобамі да такіх учынкаў ці злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 145-146 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Таму, кіруючыся п.2 ч.1 арт.29 і арт.178 Крымінальна-Працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, раённы аддзел Следчага камітэта і прыняў пастановы адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальных спраў з-за адсутнасці ва ўчынках саставу злачынстваў, прадугледжаных крымінальным заканадаўствам.
А гэта значыць, што суіцыдысты добраахвотна пайшлі з жыцця.
Што магло пасадзейнічаць таму, каб гэтыя людзі, большасць якіх працаздольнага ўзросту, выбралі не жыццё, а смерць? У гэтым і іншым карэспандэнт рэдакцыі разбіралася разам з псіхолагам Інай Булатавай.

 

— Іна Сцяпанаўна, якія матывы часцей за ўсё ляжаць у аснове суіцыдаў?
— Сярод прычын, якія са­дзейнічаюць суіцыдальным дзеянням, на першым месцы часцей за ўсё стаяць псіхічны стан чалавека і сацыяльная сітуацыя. А гэта могуць быць і неўладкаванасць у жыцці, і адсутнасць пастаяннага месца работы,і адзіноцтва, страх перад пакараннем, крыўда, пачуццё сораму перад некім, нераздзеленае каханне, залежнасць ад некага ў фізічным плане, канфліктныя адносіны ў грамадстве, у тым ліку і з блізкімі людзьмі, страх перад адчуваннем болю, пачуццё віны і да т.п. Словам, калі ў чалавека ёсць праблемы і ён не бачыць, акрамя аднаго, спосабаў іх вырашэння, на гэтым адным, самым хуткім, і спыняецца: няма мяне — няма праблем.
— У ліку тых, хто ўчыніў суіцыд у нашым раёне, большасць мужчын. Выходзіць, моцны пол у псіхалагічным плане слабейшы за слабы?
— Жанчыны самі па сабе хоць і больш эмацыянальныя, але яны больш цярплівыя, больш устойлівыя да стрэсавых сітуацый.
— Некаторыя сцвярджаюць, што схільнасць да суі­цы­ду можа перадавацца на ге­не­­тычным узроўні. Ці так гэта?
— Калі ў сям’і ці ў родзе былі неаднаразовыя спробы суіцыду альбо закончаныя суіцыды, гэта не значыць, што схільнасць можа перадавацца на генетычным узроўні. А вось што такі спосаб вырашэння праблем можа стаць сямейным стэрэатыпам ці мадэллю паводзін, — гэта адназначна.
— Узроставыя асаблівасці якую-небудзь ролю адыгрываюць?
— Калі гаварыць пра дзяцей, дык верагоднасць суіцыдаў рэзка ўзрастае ў 9-14-гадовым узросце (амаль у 8 разоў),у дарослых — пасля 60 гадоў. У першым выпадку ідзе размова пра крызіс узросту, у другім — змену дзейнасці. Скажам, чалавек выйшаў на пенсію, прапрацаваўшы на адным і тым жа прадпрыемстве 40 гадоў. Калі працаваў, ён адчуваў сябе запатрабаваным, пайшоў на пенсію — і пра яго забылі. Асабліва гэта адчуваецца, калі ў чалавека, акрамя калег, больш нікога з блізкіх няма. Ён перажывае вялікую маральную траўму, і калі застаецца незаўважаным, не бачыць неабходнасці жыць далей.
— Хто яшчэ найбольш падвержаны рызыцы?
— Людзі з няўстойлівай псі­хікай, цяжкахворыя, калі яны ў нечым абмежаваныя і фізічны стан іх прыгнятае. У такіх з’яўляецца пачуццё злосці, сораму перад тымі, для каго яны з’яўляюцца абузай. І такім чынам яны хочуць пазбавіць іх гэтага.
Падвержаны рызыцы і людзі з псіхічнымі захворваннямі. Часта ўспышка агрэсіі ў іх пераходзіць у раз’юшанасць ці злосць. І калі такі чалавек не сустрэне на сваім шляху іншага, на каго зможа накіраваць свае дзеянні, ён накіроўвае сваю агрэсію на сябе.
— А некаторыя сваю страшную задуму выношваюць доўгі час?
— У такім выпадку размова ідзе пра сапраўдны суіцыд. Чалавек свае дзеянні плануе. Думкі ў яго працуюць толькі ў гэтым накірунку. Звычайна такія людзі і адкрыта гавораць пра свой намер. Калі б у іх быў іншы спосаб вырашэння праблем, яны пра яго і гаварылі б. Значыць, іншага спосабу яны не бачаць. Тут важна не пакінуць чалавека аднаго. Можна нават у яго спытаць, маўляў, а чаму ты пра гэта загаварыў. А ці думаў ты нешта прадпрымаць і якім чынам ты збіраешся ажыццяўляць свой намер, дзякуючы чаму нам удасца даведацца, наколькі далёка чалавек зайшоў у сваіх думках і планах, каб можна было выйграць час і знайсці магчымасць аказаць яму прафесійную медыцынскую дапамогу. Словам, калі вам адкрыта гавораць пра намер суіцыду, не пакідайце такога чалавека без увагі. Аб тым, што ён дрэннае задумаў, могуць гаварыць і яго ўчынкі, што зусім не падобныя на тыя, якія ён учыняў раней, нават яго знешнія дадзеныя: звычайна такія людзі панурыя, у іх няма жадання зносіцца, зніжаецца агульны фізіялагічны тонус ці наадварот, можа быць “нездаровая весялосць”, часцей за ўсё гэта бывае ў падлеткаў. Калі быць уважлівым, такіх адхіленняў у псіхіцы нельга не заўважыць. Ёсць тэрмін «крызіснае ўмяшальніцтва». У выпадку, калі выяўляецца высокая рызыка суіцыду, крызіс­нае ўмяшальніцтва ажыццяўляецца нават без дазволу самога ча­ла­века. Абавязкова трэба даць пра гэта ведаць сваякам і тэрмінова звярнуцца за медыцынскай дапамогай. Адзначу: дзеці часцей заўважаюць, што з намі нешта не так, што мы не такія, як былі раней. А вось дарослыя цяпер сталі нечуллівыя, абыякавыя, таму не дзіўна, што людзі, у якіх страшная дэпрэсія, часта застаюцца не ў полі зроку. Гэта і дае ім магчымасць давесці свой суіцыдальны план да лагічнага завяршэння. Дык давайце не будзем абыякавымі адзін да аднаго!

Опубликовано ГЧ № 90 от 26.11.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!