На рынг выклікаюцца…

На базе ўніверсальнага спартыўнага цэнтра “Жамчужына” г.Маларыта ўпершыню прайшоў двухдзённы турнір па боксе сярод дзяцей і моладзі “Здаровая моладзь – здаровая нацыя”. Ініцыятарамі і арганізатарамі яго правядзення сталі Павел Дзячук, заснавальнік і кіраўнік прыватнай “Школы бокса” г.Маларыта, і Віталь Касцючык, трэнер гэтай жа ўстановы. Турнір прайшоў пры падтрымцы Маларыцкага райвыканкама (старшыня Мікалай Шум), Маларыцкага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба (старшыня Вольга Карпінчык), Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Маларыцкага раёна (дырэктар Мікалай Бойка). Спонсарам спаборніцтваў стала СТАА “Раскорм” (дырэктар Вольга Галоўчык).

На ўрачыстым адкрыц­ці турніру па боксе пры­сутнічалі Вадзім Галоўчык, першы намеснік, і Вадзім Шпетны, намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама, Аляксандр Ермашэвіч, сяміразовы чэмпіён Беларусі па боксе, старшы трэнер па развіцці віду спорту Беларускай федэрацыі бокса, член Еўрапейскай федэрацыі бокса судзейскай камісіі, намеснік старшыні Мінскага гарадскога аддзялення ГА “Беларуская федэрацыя бокса”, Павел Кастрамін, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы па боксе, майстар спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа, удзельнік Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанейра па боксе ў вагавой катэгорыі да 69 кг, Уладзімір Вышынскі, старшы трэнер зборнай Брэсцкай вобласці па боксе, а таксама Васіль Саргавіцкі, суддзя міжнароднай катэгорыі па боксе AIBA (Міжнародная асацыяцыя аматараў бокса).
На маларыцкі рынг, які быў устаноўлены ў спартыўнай зале УСЦ “Жамчужына”, выйшлі прадстаўнікі 4 узроставых і 16 вагавых катэгорый. За званне мацнейшага ўпарта змагаўся 71 юны баксёр з 7 гарадоў Брэстчыны: Маларыты, Брэста, Пінска, Баранавічаў, Кобрына, Жабінкі і Белаазёрска. У зале за іх “пахварэць” і падтрымаць сабраліся аднакласнікі, бацькі, знаёмыя. У прысутных многія паядынкі выклікалі вялікую цікавасць. Яны былі яркімі, непаўторнымі, відовішчымі і запамінальнымі.
Самым напружаным, насычаным і хвалюючым быў, бе­зумоўна, апошні, фінальны дзень першынства, які сабраў мацнейшых удзельнікаў. Некалькі хвілін бою – і расстаўлены ўсе кропкі над “і”, паднятая рука пераможцы, апладысменты балельшчыкаў…
З прыватнай “Школы бок­са” г.Маларыта ў турніры ўдзельнічала 20 юных спартсменаў. Некаторыя з іх прадэманстравалі выдатную фізічную форму, правялі ўдалыя баі і ўзняліся на п’едэстал пашаны. Сярод маларытчан дыпломамі I ступені турніру ўзнагароджаны: Мікалай Ганчарук, Кірыл Старасотнікаў, Данііл Крывіч, Яраслаў Крывіч, II ступені – Арсеній Касянюк, Павел Панько, Артур Абрамян, Ілья Серкін, Антон Казловіч, Дзмітрый Самуйлік, Юрый Шульжык, Цімур Цярэшка, Сяргей Сезік, Арцём Брыль, III ступені — Ілья Ганчарук, Андрэй Антановіч, Ягор Касянік, Расціслаў Лышчык. Па выніках спаборніцтва званне “Лепшы баксёр” і Кубак турніру атрымаў маларытчанін Данііл Кры­віч.
— Баксёрскі паядынак — гэта незвычайны спектакль, дзе галоўнымі героямі становяцца мужнасць, трываласць, вынослівасць і сіла, — гаворыць Віталь Касцючык. — Поспех у спаборніцтвах баксёраў вызначае не толькі фізічная, але і псіхалагічная падрыхтоўка. Гэты від спорту вымушае чалавека за імгненне прымаць адзінае правільнае рашэнне ці за секунды распрацаваць некалькі магчымых камбінацый. Баксёру трэба не проста наносіць ўдары па саперніку, а пільна адсочваць ход бою, бачыць усё, што адбываецца вакол. І толькі тады будзе вынік.
— У Маларыце ўпершыню прайшло сапраўднае свята бокса, — кажа Павел Дзячук. — Я ўпэўнены, што турнір “Здаровая моладзь – здаровая нацыя” паспрыяе папулярызацыі бокса ў райцэнтры і раёне, далучыць падлеткаў і моладзь да актыўных заняткаў спортам.
На здымку: турнір па боксе ў Маларыце.
Фота аўтара.

Опубликовано № 90 от 26.11.16г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!