Міністр культуры ў Маларыце

У рамках адзінага Дня інфармавання насельніцтва г.Маларыту наведаў Павел Латушка, міністр культуры рэспублікі. Праграма знаходжання Паўла Паўлавіча была насычанай. Спачатку ў райвыканкаме адбылася сустрэча і непрацяглая размова з Тамарай Паўлюковіч, намеснікам начальніка ўпраўлення культуры абл­выканкама,   Вадзімам Шпетным, намеснікам старшыні райвыканкама, і Андрэем Гарбацэвічам, начальнікам аддзела культуры. Пасля гэтага міністр наведаў цэнтральную раённую бібліятэку. Для азнаямлення з будынкам установы культуры Надзея Кур­дзюк, дырэктар ЦБС, правяла невялікую аглядавую экскурсію. Павел Латушка пацікавіўся станам спраў і асноўнымі накірункамі дзейнасці бібліятэкі, камплектацыяй кніжнага фонду. Цікавіўся міністр і мерапрыемствамі, якія запланаваны да 80-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча.

А ў дзіцячай школе мастацтваў прайшла сустрэча з прадстаўнікамі ААТ “Маларыцкі кансервавагародніна­сушыльны камбінат” і сферы культуры. Адбылася змястоўная размова, падчас якой міністр акцэнтаваў увагу на асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, коратка спыніўся на тым, што зроблена і што плануецца зрабіць у сферы культуры, падрэсліў дэмакратычны характар IV Усебеларускага народнага сходу, яго важнасць для дынамічнага і паступальнага руху краіны наперад. У сваім выступленні Павел Латушка закрануў і пытанні адраджэння палескага рэгіёну, якое ажыццяўлецца праз шматлікія праграмы і праекты. Напрыканцы сустрэчы Павел Латушка даў вычарпальныя адказы на пытанні прысутных.
Міністр культуры пабываў таксама і ў ГДК, дзе азнаёміўся з выставай, што арганізаваў раённы Цэнтр народнай творчасці. Павел Латушка высока ацаніў прадстаўленыя тут работы гурткоўцаў вышыўкі, ткацтва, саломапляцення, мастацкага роспісу. Увазе міністра былі прапанаваны тры касцюмы маларыцкага строю. Міністр не абыйшоў увагай народную майстрыху з Дарапеевіч Сцепаніду Сцепанюк. Нягледзячы на свой 75-гадовы ўзрост, жанчына перадае багаты вопыт і майстэрства ткацтва маладому пакаленню. Для міністра Сцепаніда Аляксееўна выканала песню-баладу і падарыла на памяць прыгожы тканы ручнік уласнай работы. Павел Паўлавіч быў у захапленні ад  знаёмства з народным талентам і ў сваю чаргу паабяцаў паспрыяць таму, каб пра Сцепаніду Сцепанюк знялі фільм. Міністр культуры таксама заглянуў на рэпетыцыі некаторых калектываў, што працуюць у ГДК. А з удзельнікамі народнага хору ветэранаў вайны і працы, якім кіруе Галіна Бягеза, адбылася зацікаўленая размова. Хор для Паўла Латушкі выканаў задушэўную песню…
Напрыканцы знаходжання на Маларытчыне міністр культуры наведаў ААТ “Маларыцкі кансервавагародніна­сушыльны камбінат”. Таццяна Камянчук, дырэктар прадпрыемства, падчас азнаямлення з камбінатам прывяла некаторыя лічбы, якія сведчаць пра стан спраў флагмана прамысловасці раёна. Прадпрыемства (адно з трох у краіне, што выпускае прадукцыю дзіцячага харчавання) займае 44% рынку краіны, мае рэнтабельнасць 15%, яго экспарт дасягае амаль 10% ад усёй прадукцыі, распрацавана 140 відаў прадукцыі, сёлета нарыхтавана амаль 4 тыс. тон сыравіны. Яно самае малое з аналагічных у рэспубліцы, але выпускае і прадае больш за іншых. Павел Латушка прадэгусціраваў некаторыя навінкі прадукцыі, што выпускаюцца. Ён высока ацаніў смакавыя якасці пюрэ і сокаў, а таксама прывабнасць і дызайнерскія падыходы да афармлення слоічкаў для дзіцячага харчавання.
— Выдатная прадукцыя, — адзначыў міністр, — я буду ўжо вашым пастаянным кліентам. Усё надзвычай смачна, натуральна і карысна для здароўя.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: міністр культуры краіны Павел Латушка ў час знаходжання на Маларытчыне.
Фота аўтара.

Добавить комментарий


система автополива
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!