Інтэлектуальны сінхронны турнір

На базе раённай гімназіі прайшоў сінхронны абласны турнір па інтэлектуальных гульнях “Што? Дзе? Калі?” У ім прынялі ўдзел 11 каманд з устаноў адукацыі раёна: дзве — з раённай гімназіі, па адной – з Лукаўскай, Чарнянскай, Велі­карыцкай, Макранскай, Олтушскай, Хаціслаўскай сярэдніх школ, СШ №1, Ляхавецкага д/с-СШ і Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Інтэлектуальнае спаборніцтва адначасова праводзілася па ўсёй вобласці. Яно складалася з 3 тураў, у кожным з якіх было па 12 пытанняў. За правільны адказ налічваўся адзін бал. На абмеркаванне пытання, згодна з умовамі турніру, давалася адна хвіліна.
У сінхронным абласным турніры прыняло удзел 300 каманд. Юныя знатакі з “Часу забаў” Маларыцкага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі занялі ў спаборніцтве агульнае выніковае 17 месца, набраўшы 17 ачкоў. Між іншым, каманда, якая заняла І месца ў вобласці ў сінхронным турніры “Што? Дзе? Калі?”, набрала 23 ачкі з 36 магчымых. За маларыцкую каманду юных інтэлектуалаў “Час забаў”, якую ўжо не адзін год трэніруе Леанід Лук’янчук, выступалі 11-класнікі раённай гімназіі: Лізавета Саўчук, Уладзіслаў Дуль, Кірыл Крэйдзіч, Ганна Навумчык, Ангеліна Федасюк, Дар’я Грыбінік і Міхаіл Струнец.
У раённых спаборніцтвах сінхроннага абласнога турніру па інтэлектуальных гульнях “Што? Дзе? Калі?” мацнейшымі сталі каманды “Час забаў” з 17 ачкамі, “Джэнтльмены ўдачы” з 16 ачкамі (раённая гімназія, трэнер Леанід Лук’янчук) і “Гарачыя галовы” з 15 ачкамі (Лукаўская СШ, трэнер Яўген Бойка).
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: момант гульні сінхроннага абласнога турніру па інтэлектуальных гульнях “Што? Дзе? Калі?”
Фота аўтара.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.